TOP

А вам цікава, хто і дзе заначку ўласную кладзе?

Алесь Няўвесь

Мінчанка звярнулася ў міліцыю: праз Інтэрнэт яна прадала жанчыне каробку з бакаламі, а потым успомніла, што там ляжала 13 тысяч долараў. Пакупніцу знайшлі і спыталіся: «Чаму не аддала грошы?» «Таму што разгубілася…» — адказала яна.

Каб існаваць па-чалавечы
(Тым больш калі ты згаладалы),
Хтось прадае парою рэчы.
Жанчына прадала бакалы.
Чаму бакалы больш не трэба?
Не па кішэні, пэўна, святы,
А мець бы ёй кавалак хлеба…
Святкуе той, хто ў нас багаты.
Відаць, рабіла ўсё таропка
Пры продажы жанчына тая,
А мо забыла, што каробка
(У ёй бакалы) залатая:
Яна хавала там даляры —
На «чорны дзень» сваю заначку…
І над душой навіслі хмары —
Спарола, так сказаць, гарачку,
Таму і зведвала пакуту:
«Здарыла» грошай надта многа.
А пакупніца што? Валюту
Лічыла падарункам Бога,
Дык зажыве, як каралеўна,
З каханкам на Балі паедзе…
І не здагадвалася, пэўна:
Ідзе міліцыя па следзе.
Вядома, свой запас грашовы
Вярнула ўсё-такі кабета.
* * *
А я прыходжу да высновы:
Хіба ж, сябры, не дзіўна гэта:
Сабраўшы «лішніх» грошай крышку,
Калі перыяд вельмі ўдалы,
Мужы кладуць заначку ў кніжку,
А жонкі — ў чаркі ці бакалы…

Алесь Няўвесь