АМАП паздзекаваўся гэтак, што для ахвяр не хопіць кветак
У Пецярбурзе падчас пратэсту паліцэйскі ўдарыў жанчыну нагою ў жывот. Каб папрасіць прабачэння, да яе ў бальніцу прыйшоў палкоўнік, а затым і сам паліцэйскі завітаў з кветкамі. Ён сказаў, што для яго гэта асабістая трагедыя.
З Расіяй розніцы няшмат,
Бадай, у нашае краіны.
Там, як і ў нас, такі ж дыктат
Здаўна трываць народ павінны.
Ва ўладзе змен пакуль што мы
Не дамагліся, скажам прама…
Народ Расіі не нямы,
І пратэстуе ён таксама.
І абурыўся той народ,
Як паліцэйскі без прычыны
Нагою ўдарыў у жывот —
Ледзь не агонія ў жанчыны.
«Герой» лічыў сябе крутым,
Нібы Ван Дам у маладосці…
Здзівіла, што было затым.
Палкоўнік завітаў «у госці»
Да пацярпелае ў шпіталь,
Каб павініцца за «героя»:
Перабаршчыў баец, на жаль…
Ён за «свайго» не стаў гарою!
За ім услед і сам «герой»
Да пацярпелае ў адведкі
Прыйшоў з павіннай галавой,
Прынёс сваёй ахвяры кветкі.
А што ж у нас? Жанчыне ў твар
Падчас бязлітаснай аблавы
Нанёс зубадрабільны ўдар
(І нізашто!) «служака бравы».
Ён не баец, а афіцэр,
Ён мае зоркі на пагонах.
Ды ні калісьці, ні цяпер
Мы пакаянных слоў ягоных
Не чулі. Нашы ж следакі
Сказалі: ён не вінаваты.
На жаль, нахлынуў час такі,
Калі за краты йдуць жанкі
І кары не нясуць іх каты.
* * *
Як наканоўвалі «вярхі»,
АМАП паздзекаваўся гэтак,
Што, каб адмыць свае грахі,
Для ўсіх ахвяр не хопіць кветак…
Алесь Няўвесь