TOP

Бадай, не будзе нечаканкі, як на людзей паедуць танкі

На дзіцячай пляцоўцы ў адным з двароў па вуліцы Л. Бяды ў Мінску пры дапамозе трактара знішчаліся снежныя бабы. Увесь працэс на відэакамеру здымаў «чалавек у чорным».

Алесь Няўвесь

Дагэтуль лютаваў у нас АМАП,
На людзях ён сваю паказваў хватку.
Цяпер і да маўклівых снежных баб
Дабраліся «ахоўнікі парадку».
Стаялі бабы ў гарадскім двары
З чырвонымі маркоўнымі насамі.
Бацькі зляпілі іх для дзетвары,
А можа, іх зляпілі дзеці самі.
На белых баб, чырвоныя насы
Была начальствам звернутая ўвага,
І кідала яно пагляд касы:
То колеры нацдэмаўскага сцяга,
Што стаў святыняй для народных мас.
Ад баб народ уздым адчуе раптам…
І атрымаў заданне жылкамгас:
Прыслаць у двор
для руйнавання трактар;
Няхай ён так пакоўзаецца, каб
Ад баб не засталося гурбы нават.
Прыехаў трактарыст і спляжыў баб −
Не трэба для таго вялікі навык.
Ды зноўку загучыць дзіцячы смех,
Як баб гурмою вылепяць нанова.
Каб толькі не растаў і выпаў снег,
А морквы ў магазінах дастаткова.
* * *
Усё цяпер нагамі дагары,
Таму для нас не будзе нечаканкі:
На снежных баб пускаюць трактары,
А заўтра на людзей пускацьмуць танкі.

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.