TOP

Дзіравая шырма

Палітычная шырма, якой даўно прыкрываецца дыктатура ў Беларусі, сфастрыгавана з абрэзкаў сумніўнай якасці. А. Лукашэнка і чыноўнікі, латаючы яе, спрабуюць надаць сістэме ўяўную «правамернасць і апраўданасць». Такім кавалкам у шырме мае быць гэтак званае «Всебелорусское народное собрание».

Сергей Законников

Любое мерапрыемства праводзіцца ўладай з пэўнай мэтай. Інфармацыйная прастора перапоўнена тлумачэннямі, дзеля чаго ў Мінску збіраюць столькі дэпутатаў, чыноўнікаў, сілавікоў і правераных «забатек». Але яны такія блытаныя, што вылушчыць зерне логікі і сэнсу немагчыма. Хоць галоўная задача на паверхні — дапамагчы ўтрымаць уладу.

Затое падрыхтоўка сходу адбывалася на вачах грамадства, можна ацаніць хітрыкі вертыкалі. Праз прарэхі ў шырме відаць, што сход ніякі не народны, а амаль пагалоўна наменклатурны. Гэта тычыцца і «палітычных партый», «грамадскіх арганізацый», створаных і кантралюемых рэжымам.

Арганізацыяй «сходу» кіравалі А.Лукашэнка і галоўны выканаўчы службовец Р. Галоўчанка, які заявіў, што «общая линия сводится к тому, что при всех этих новациях мы не должны ослаблять президентскую власть, которая сцементировала страну и позволила устоять перед этим «шалёным націскам», который мы все недавно испытали».

Але хто ўдзельнічаў у тых «дебатах и дискуссиях», на якіх «большинство людей, делегатов выступают за сохранение сильной президентской власти»? Асобы, правераныя на лаяльнасць кадэбістамі? А яшчэ: хто гэта такія «мы», якія «устояли»?

Нешта не відаць было на вуліцах гарадоў, па якіх у жніўні, верасні і кастрычніку 2020 года рухаліся магутныя калоны пратэстуючых, яшчэ нейкіх абаронцаў дыктатуры, акрамя ўзброеных да зубоў сілавікоў. Значна пазней, калі тэрор супраць мірных грамадзян набыў пастаянны характар, чыноўнікі, крыху ачомаўшыся ад вялікага страху, па камандзе зверху пачалі зганяць і звозіць «зялёна-чырвоных актывістаў» на куртатыя праўладныя мітынгі, арганізоўваць тусовачныя аўтапрабегі.

Калі дыктатура падтрымліваецца «ўсенародна», то навошта тады ўчыняць тэрор такога гіганцкага размаху і жорсткасці? Нешта не сходзіцца дэбет з крэдытам!

Галоўнае месца ў палітычнай шырме займае хлусня, паказ не рэальнага стану грамадства і краіны, а распаўсюджванне пахвальбы, прыдумак, вынайдзеных Лукашэнкам або расійскімі і мясцовымі паліттэхнолагамі. Прапаганда даўно не саромеецца «гарэзнічаць» ні ў перакручванні фактаў, ні ў выразах, а цяпер, калі не проста прыпякло, а смыліць, то і тым болей. Яна манатонна, як малатарня, выдае наркатычную ману, каб выключыць розум людзей, іх здольнасць аналізаваць падзеі.

Пагроза страты ўлады змушае А. Лукашэнку раскідаць направа і налева апраўдальныя фэйкі. Насуперак старшыні ЦВК Л. Ярмошынай, якая аб’явіла лічбу 4 мільёны 661 тысяча 75 чалавек, раптам заявіў, што за яго прагаласавала 6 мільёнаў (!?) выбаршчыкаў. Ні першая, ні тым больш другая лічба нічым не пацвярджаюцца, бо дакументацыя знішчана. Навошта гэта рабілі, калі былі ўпэўнены ў перавазе А. Лукашэнкі?

А куды дзець грамадзян, што прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую? Тысячы фактаў, якія занатаваны для аналізу і захаваліся, сведчаць, што яна перамагала.

Пракол атрымаўся і з заходнімі «кукловодами», якія нібыта выводзяць беларусаў на вуліцы. У звязку з гэтай заявай А. Лукашэнкі ёсць пытанні, адказ на якія высвятляе сённяшнюю сітуацыю, шлях яе ўрэгулявання і наступнага развіцця палітычнага жыцця ў Беларусі.

Хто задоўга да выбараў аддаў загад рыхтаваць, трэніраваць, ідэалагічна і псіхалагічна апрацоўваць сілавыя спецпадраздзяленні ў духу барацьбы з «бандитами» і «террористами»? Хто займаўся фальсіфікацыямі перад выбарамі, на выбарах і зрабіў іх «спрэчнымі»? Хто скамандаваў бязлітасна падаўляць мірныя пратэсты, арыштоўваць і катаваць людзей? Хто дазволіў не разглядаць яўныя перавышэнні службовых паўнамоцтваў сілавікамі? Хто даў распараджэнне не распачынаць крымінальныя справы па канкрэтных фактах забойстваў, садысцкага збіцця і катаванняў затрыманых людзей? Хто трымае невінаватых грамадзян у антысанітарных, бесчалавечных умовах у месцах зняволення? Няўжо гэта зрабілі і робяць «кукловоды»?

Задаю пытанні, абапіраючыся не толькі на інфармацыю ў СМІ, але і з улікам тэлефанаванняў арыштаваных людзей, якія пасля вызвалення расказалі мне пра сваё затрыманне і далейшыя «прыгоды».

Тэатр у краіне атрымаўся не лялечны, а з калючым дротам, дубінкамі, газам, вадамётамі, кулямі і гранатамі. Гэта падкрэсліў кіраўнік місіі Еўразвязу ў Беларусі Д. Шубель: «Можно сколько угодно обвинять иностранных «кукловодов», увлекаться теориями заговора, преследовать жертв преступлений и переключать внимание с причины на следствие — от этого реальность не меняется. Только открытый и справедливый политический процесс обеспечит устойчивое урегулирование нынешнего кризиса».

Але дыктатар і прапаганда не хочуць вылазіць «з акопаў». Некаторыя»тэлегаловы» перайшлі да адкрытых пагроз, паабяцалі, што з «врагами» яны будуць ваяваць асабіста: «Мы можем за одну ночь очистить страну от беспорядков, вражеских символов, и в стране восстановится порядок и мир». Гэтак услед за сілавікамі вядуць «канструктыўны дыялог» з грамадствам «рупары» А. Лукашэнкі.

Але ў прапагандысцкім націску часта бываюць збоі і доўгае маўчанне, бо натужна шукаюцца варыянты апраўдання за бязглуздыя або злачынныя дзеянні рэжыму, яго «апрычнікаў». Так было з забойствамі А. Тарайкоўскага і Р. Бандарэнкі.

Тэлепрапагандысты з каманды «клуба редакторов», якія раней абяцалі разграміць Захад санкцыямі ў адказ, шапкамі закідаць ЗША і Еўразвяз, зацягнулі новую «песню». Яны ўжо не з такім імпэтам змагаюцца са «знешнім ворагам», бо цяпер заклікаюць да крымінальнага пераследу тых, хто падтрымлівае санкцыйны ціск на рэжым, абвінавачваюць апазіцыю ў непатрыятызме.

Якімі патрыётамі Беларусі з’яўляюцца самі «элітныя абаронцы дыктатуры», можа даць інфармацыя пра тое, дзе знаходзіцца іх нерухомасць і капіталы, дзе вучацца або жывуць іх дзеці …

Неаб’яўлены год тэрору ніяк не стасуецца з настырным і раздражняльным у нашых рэаліях піярам «Года единства». У Беларусі сёння судзяць людзей за «зефірку», «трусы, вывешаныя на балконе», штаны з бела-чырвона-белай палоскай, парасоны, сукенкі, стужачкі, занавескі «варожых» колераў і проста таму, што выйшлі на вуліцу, каб наведаць краму або аптэку.

Вядомы расійскі кінаакцёр Г. Жжонаў, які правёў 17 гадоў у сталінскіх канцлагерах, успамінаючы мінулае, з болем казаў: «Господи, чем занималась Россия!» Гледзячы на тое, што адбываецца ў Беларусі, успамінаю мудрага чалавека і ўслед за ім паўтараю: «Божа, чым заняты рэжым, каб толькі ўратавацца!»

Але арганізацыйная і прапагандысцкая валтузня — пусты занятак. Ні правіцель, ні дзяржаўныя структуры пры ім не маюць легітымнасці, не карыстаюцца падтрымкай большасці насельніцтва.

Лад дыктатарскіх сістэм нагадвае «маліну» або мафіёзную структуру. Ён моцны, пакуль у сіле і аўтарытэце «пахан» або «крестный отец». Калі над імі пачынаюць смяяцца, то — канец, «злівай ваду»!

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.