TOP

Адкрыты ліст па падтрымцы беларускай мовы і культуры

Яго падпісалі больш за 70 экспертаў у галіне беларускай мовы і культуры. Сярод падпісантаў — лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Някляеў, музыкі Уладзімір Пугач, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя паважаныя асобы.

«Беларуская мова і нацыянальная культура апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Гэта вынік не толькі маштабнага дзяржаўнага крызісу апошніх месяцаў, але і мінулых дваццаці шасці гадоў. Пры гэтым заняпад беларускай культуры — не проста збег абставін ці нейкіх знешніх фактараў, а вынік дзяржаўнай палітыкі: палітыкі згортвання беларусізацыі, барацьбы з уласнай спадчынай і нацыянальнай памяццю, барацьбы з беларускасцю, будавання не паўнавартаснай нацыянальнай культуры незалежнай дзяржавы, а залежнай, другаснай, рэшткавай культуры.

Зусім не дзіўна, што ў працаўнікоў гэтай сферы і да выбараў 09.08.2020 былі сур’ёзныя прычыны не падтрымліваць дзейную ўладу. А фальсіфікацыя, беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да мірных беларусаў і беспакаранасць вінаватых сталі апошнім штуршком і не пакінулі іншага выбару беларускай інтэлігенцыі, апрача як пратэставаць. За гэта яны адчулі на сабе ўвесь спектр рэпрэсій: пагрозы, звальненні, арышты, прымус да эміграцыі, паклёп, разгон цэлых калектываў, закрыццё ўстаноў культуры.

Пры гэтым Беларусь мае вялікі патэнцыял, каб адраджаць і развіваць сваю нацыянальную культуру. У нас ёсць галоўнае для гэтага — свая незалежная дзяржава, хаця ўлады зрабілі шмат, каб паставіць незалежнасць пад пагрозу. У нас ёсць адукаванае грамадства, а таксама матываваная, таленавітая, крэатыўная, сучасная еўрапейская моладзь. У нас ёсць інстытуцыянальная база, створаная мінулымі пакаленнямі. У нас ёсць неймаверны нацыянальны ўздым, энергія народа.

У нас ёсць дастаткова паважаных, максімальна кампетэнтных спецыялістаў у сферы нацыянальнай культуры, якія гатовы праводзіць узважаныя, добра прадуманыя, але ў той жа час рашучыя рэформы ў сферы культуры. Мы, ніжэйпадпісаныя дзеячы і эксперты ў беларускай мове і культуры, заяўляем аб гатоўнасці дапамагчы сваімі ведамі і дзейнасцю ў справе рэфармавання ў гэтай галіне.

Важна назваць і апісаць асноўныя прынцыпы і прыярытэты, згодна з якімі яны будуць вырашацца наяўныя праблемы.

Папярэднія ўмовы

Мы перакананы, што без рэалізацыі гэтых найважнейшых, тэрміновых крокаў у грамадскім жыцці немагчымы ніякі выхад з цяперашняга крызісу, у тым ліку і ў сферы беларускай культуры:

Неадкладнае спыненне палітычных рэпрэсій у дачыненні да ўсіх дзеячаў культуры і мастацтва, як і да ўсіх грамадзян Беларусі. Вызваленне палітвязняў, забеспячэнне магчымасці бесперашкодна прыехаць у Беларусь тым, хто быў выгнаны з краіны.

Аднаўленне на пасадах дзеячаў культуры, звольненых і вымушаных звольніцца па палітычных матывах; забеспячэнне ім ранейшых умоў працы; прыцягненне да адказнасці вінаватых у супрацьпраўным звальненні (ганенні, прымусе да звальнення).

Правядзенне новых, сумленных выбараў, пасля чаго новыя ўлады, маючы народны давер, змогуць ажыццяўляць неабходныя рэформы і змены ў заканадаўстве.

Пасля выканання гэтых перадумоў дзяржава зможа выправіць катастрафічнае становішча беларускай культуры, кіруючыся наступнымі прынцыпамі.

У сферы дзяржаўнага будаўніцтва:

  1. Гарантыя незалежнасці як першасная ўмова выжывання і развіцця беларускай культуры і беларусаў як народа. Ніякі гандаль суверэнітэтам не можа быць апраўданы. Адной з галоўных мэтаў самога існавання беларускай дзяржавы павінна быць адраджэнне і развіццё беларускай культуры, незалежнасць беларускага культурнага і інфармацыйнага поля, узмацненне ў грамадстве беларускай ідэнтычнасці, беларускіх каштоўнасцей.
  2. Заканадаўчая абарона беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі як неад’емных атрыбутаў дзяржаўнасці. Бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня», беларуская мова павінны атрымаць пацверджаны статус нацыянальных сімвалаў, якія абараняюцца Законам.
  3. Прыняцце дзяржавай на сябе абавязку павышэння моўна-культурных кампетэнцый усіх дзяржаўных службоўцаў: авалоданне беларускай мовай, веданне беларускай гісторыі, культуры. Пасля адпаведнай дапамогі дзяржаўным службоўцам з боку дзяржавы ўсе беларусы змогуць атрымліваць якасныя паслугі і рэалізаваць свае моўна-культурныя правы.
  4. Стварэнне, зацвярджэнне і рэалізацыя дзяржавай агульнанацыянальнай стратэгіі адраджэння беларускай мовы і культуры (далей — Стратэгія) з выразна акрэсленымі мэтамі, выканаўцамі і гарызонтам часу выканання. Такія праекты ўжо распрацоўваліся, у прыватнасці Таварыствам беларускай мовы, але Стратэгія павінна быць прынята дзяржаўнымі ўладамі як доўгатэрміновы практычны арыенцір і крытэрый ацэнкі дзейнасці ўрада ды профільных органаў, устаноў.

У сферы інфармацыйнага поля:

  1. Фармаванне незалежнага інфармацыйнага поля Беларусі. На тэлебачанні, радыё, у Інтэрнэце, кіно, музыцы павінны дамінаваць беларускія пляцоўкі і прадукты, самастойныя і беларускацэнтрычныя па змесце.
  2. Забарона цэнзуры, забеспячэнне роўных ўмоваў для прыватных і грамадскіх СМІ, дэідэалагізацыя СМІ, недапушчэнне прапаганды. Падсправаздачнасць грамадскіх СМІ непалітычным органам грамадскага кантролю. Поўная рэдакцыйная аўтаномія СМІ.

У сферы адукацыі:

  1. Аўтаномія ўсіх вышэйшых навучальных устаноў (незалежна ад формы ўласнасці), Балонскі працэс, выбарныя рэктары і ўлады ВНУ. Акадэмічная свабода пры выкананні агульнанацыянальнай Стратэгіі. Залежнасць фінансавання з боку дзяржавы ад эфектыўнасці, акадэмічных поспехаў і рэалізацыі Стратэгіі. Абарона ад цэнзуры і палітычнага падпарадкавання. Дэідэалагізацыя, дэпалітызацыя навучальных і акадэмічных інстытутаў.
  2. Рэформа школы. Аўтаномія школ пры выкананні агульнанацыянальнай Стратэгіі і падсправаздачнасць перадусім мясцовым уладам. Пазбаўленне школ ад палітычных задач, кадравыя змены у выніку прыцягнення да адказнасці супрацоўнікаў школ за ўдзел у фальсіфікацыях выбараў.
  3. Безумоўнае забеспячэнне магчымасці атрымоўваць адукацыю на ўсіх узроўнях і па ўсіх спецыяльнасцях на беларускай мове. Адказнасць дзяржавы за стварэнне матэрыяльных умоў для гэтага.

У сферы культурных ініцыятыў:

  1. Захаванне наяўных культурных устаноў, асабліва на лакальным узроўні з асноўным кірункам дзейнасці — захаванне і адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры. Мэтавыя гранты ад дзяржавы на дзейнасць культурных устаноў усіх узроўняў пры гарантыі іх аўтаноміі і выкананні агульнанацыянальнай Стратэгіі.
  2. Падтрымка дзяржавай незалежных, грамадскіх культурных ініцыятыў на аснове грантавай сістэмы з захаваннем аўтаноміі арганізатараў і прыярытэту для такіх ідэй, што накіраваны на захаванне і развіццё мясцовых традыцый, на папулярызацыю беларускай культуры як часткі сусветнай, на ўзмацненне беларускай ідэнтычнасці.

Безумоўна, гэта не поўны пералік праблем і неабходных дзеянняў з боку беларускай улады. Аднак гэта прыярытэты, без якіх пад пагрозай будуць заставацца і дзеячы беларускай культуры, і ўсе яе носьбіты, і само існаванне нашай нацыянальнай культуры.

Большасць беларусаў, незалежна ад узроўню іх адукацыі, нацыянальнай свядомасці і зацікаўленасці беларускай культурай, хоча жыць у свабоднай, незалежнай краіне, у дзяржаве, якая выклікае гонар сваіх жыхароў, якая мае адказную, адукаваную, асвечаную ўладу.

Мы верым, што хутка Беларусь будзе менавіта такой. Для нас будзе гонарам паспрыяць гэтаму, даўшы сваю экспертызу і працу для неабходных рэформаў».

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.