TOP

Калі трэба, прастытутка снег пачысціць вельмі хутка

Кіраўніцтва Мінгарвыканкама прыняло рашэнне задзейнічаць прастытутак ва ўборцы снегу на вуліцах горада. Звычайна путан караюць штрафамі, аднак выплачваць іх «жанчыны лёгкіх паводзін» не спяшаюцца.

Алесь Няўвесь

То не плёткі і не чуткі,
Хоць кагосьці возьме смех:
У сталіцы прастытуткі
Узяліся чысціць снег.
Без ахвоты, скажам прама,
Снег варочаюць яны:
Быў загад гарвыканкама,
Так прыдумалі чыны.
Столькі снегу наваліла —
Ні праехаць, ні прайсці!
(Хоць камусьці глянуць міла:
Толькі ў колішнім жыцці
Тут былі такія зімы,
А цяпер таго няма:
Шпацыруем па гразі мы,
Хоць як быццам і зіма.)
Гэты снег растане з часам,
Стане бруднаю вадой,
Толькі зараз жылкамгасам
Толкам справіцца з бядой
Не ўдаецца, бо работы
Не на пару-тройку дзён:
Каб разгрэбці ўсе сумёты,
Трэба цэлы легіён.
Ход прыдумаў нечаканы
Нехта з мудрай галавой:
— Ёсць у нас рэзерв — путаны.
Хай імпэт праявяць свой
Не з кліентамі ў пасцелі,
А на вуліцах, дзе снег.
Прадавалі дзеўкі целы —
Выкупляць патрэбна грэх.
Будуць самі, без прынукі
Грэбці, грэшныя, яны.
Як дадзім рыдлёўкі ў рукі,
Дык не будзе ім цаны!
Мудры член гарвыканкама
Меў падтрымку ад калег —
Пагадзіліся таксама:
— Хай путаны чысцяць снег,
Справай займуцца харошай,
Спрыт пакажуць малады,
Бо плаціць не хочуць грошай,
Як штрафуюць іх суды,
Так што ход і праўда лоўкі!
І з-за «мудрасці» такой
Прастытуткі за рыдлёўкі
Узяліся талакой.
А якія перамены
Адбыліся ў нас, калі
«Жрыц кахання» лабутэны
Гурбы снегу падзяўблі?
Вынік годны, не паганы,
Бедаваць няма падстаў:
Снег пачысцілі путаны!
Ці, магчыма, сам растаў…
* * *
Не жылі б нідзе па-свінску,
Быў бы ў вуліц добры стан,
Каб і ў Гомелі, і ў Мінску
Мелі мы пабольш путан.

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.