TOP

Не варта насіць нам пакуль чырвоных і белых кашуль

Алесь Няўвесь

Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска канстатаваў, што малады праграміст Максім Нікольскі «з мэтай дэманстрацыі сваіх палітычных інтарэсаў правёў масавае мерапрыемства шляхам размяшчэння… элементаў адзення бел-чырвона-белай расфарбоўкі». Прасцей кажучы, павесіў сушыцца на балконе белыя і чырвоныя кашулі. Маладзён прасіў, каб яго толькі аштрафавалі, бо праз некалькі дзён павінна адбыцца ягонае вяселле, аднак суд арыштаваў «зламысніка» на 7 сутак.

Аднойчы ўранку маладзён,
Як дзеўкі, цёткі і бабулі,
Занёс сушыцца на балкон
Свае памытыя кашулі.
Ці незнарок зрабіў юнак,
Ці штось задумаў клёк ягоны,
Але ў кашуль (і трэба ж так!)
Быў колер белы і чырвоны.
Такія колеры цяпер —
Вялікі грэх, раўня крамоле.
Кашулі міліцыянер
Зафіксаваў у пратаколе.
А потым быў «гуманны суд».
На «справядлівым» тым працэсе,
Вядома, не адбыўся цуд,
І воўк, на жаль, не здох у лесе.
— Не трэба слаць мяне ў турму,
А лепш у якасці прысуду
Прызначце нейкі штраф. Чаму?
Праз тыдзень я жаніцца буду! —
Прасіў так званы хуліган. —
Зрабіце ласку, ягамосці,
Бо аплаціў я рэстаран
І ўжо запрошаныя госці…
Каб у грамадстве знішчыць зло,
Суд на расправу вельмі хуткі,
Таму спагады не было,
І жаніху ўляпілі «суткі».
Аднак жа цвёрда верым мы:
Удзельнік быццам бы пратэсту
(Як толькі выйдзе ён з турмы)
Пакліча пад вянец нявесту.
І пасля «сутак» змрочных тых
Ён захлынецца ў весялосці,
І будуць піць за маладых,
Галёкаючы «Горка!», госці.
Я ж уявіць магу пакуль:
Прыйшлі ў кашулях белых людзі,
І ў іх ва ўсіх паверх кашуль
Чырвоны гальштук лёг на грудзі.
Не дапусціць патрэбна, каб
Люд апрануў адзежу тую,
Інакш прысунецца АМАП
І ўсё вяселле арыштуе…

Алесь Няўвесь