TOP

Не хвалююць іх нацысты, а нацдэмы — «дух нячысты»

Жыхарка Наваполацка прываблівала кліентаў у сваю прыватную лазню тым, што ім можна было пакарыстацца нямецкім посудам часоў вайны, абмундзіраваннем вермахта і г.д. За прапаганду і публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі суд аштрафаваў жанчыну на 145 рублёў.

Алесь Няўвесь

Ніколі беларус не гразне
(Здаўна чысцёхі бульбашы),
І любіць ён хадзіць у лазню —
Яна для цела і душы.
Свайму харошаму суседу
Пацерці можна спіну там,
А пад душэўную бяседу
Заглыкаць з ім па трыста грам.
Адна тутэйшая кабета
(Яна з разумнай галавой!)
Выдатна ведала пра гэта —
Стварыла ў лазні бізнес свой.
Была ў кабеты пабудова,
Нарыхтавала ў лесе дроў,
І лазня ўжо, лічы, гатова,
Там будзе пара будзь здароў!
Ды ў лазню ўсё ж не пойдуць людзі,
І асабліва мужыкі,
Калі «разынкі» ў ёй не будзе.
Дык ход прыдумала які?
Дастала для забавы недзе
Нацысцкіх сімвалаў набор.
(Разлічвала, што не прыедзе
Памыцца ў лазні пракурор.)
Была дасягнутая мэта,
Бо лазня — як падчас вайны.
А мужыкам цікава гэта —
Як дзеці большасцю яны.
У лазню падаліся валам!
І перш чым людзі змыюць бруд,
Кабета кожнаму давала
Якісь фашысцкі атрыбут.
Патрэбны «шмайсер»? Калі ласка!
Хоць ён, па шчырасці, — муляж.
Ну а кагось фашыста каска
Даводзіць да экстазу аж.
Жаданне ёсць у камандзіры
Пайсці ў нямецкае гайні?
Дык у эсэсаўскім мундзіры
Суседа з полкі прагані!
Ну, словам, хлопцы і мужчыны
Забаву мелі не адну.
Хвасталі венікамі спіны
Яны, гуляючы ў вайну.
Цудоўна ўсё было як быццам,
Прынамсі, да нядаўніх пор.
Ды, пэўна, сапраўды памыцца
Прыджгаў у лазню пракурор…
Суровых слоў ад пракурора
І ад суддзі чакалі мы.
Здавалася, што цяпне гора,
Што ёй не мінаваць турмы.
Як на кабету штраф наклалі,
Не пацякла ў яе сляза,
Настрой не сапсаваны ў «кралі»,
Бо тыя грошы — драбяза.
А села б у турму жанчына
І цешылася б баландой,
Каб там хаця б адна прасціна
Была з чырвонай паласой…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.