TOP

Барсук напіўся піва і выглядаў шчасліва…

Намесніка дырэктара сталічнага бара «Барсук» Мікалая Пекара Кастрычніцкі суд г. Мінска арыштаваў на 15 сутак за тое, што ён «пікетаваў пры дапамозе БЧБ-карціны «Барсук», якая вісіць у бары».

Алесь Няўвесь

Ёсць у Мінску бар «Барсук».
І пра бар сталічны гэты
Досыць часта піша друк —
Недзяржаўныя газеты.
А чаму? Бо вольны люд,
Што імкнецца да свабоды,
Кажуць, піва жлукціць тут —
Зала поўная заўсёды.
Быў давольным гаспадар —
Бізнес мае надта ўдалы.
А затым — пад дых удар:
У міліцыю сігналы
Слаць «ябацькі» пачалі:
«Тэма ёсць для пратакола —
Там ва ўжытку не рублі,
А выяўная крамола…»
У начальства хмурны від.
«Хай, — рашыла, — участковы
Нанясе ў «Барсук» візіт —
Ён у нас мужык талковы».
І нанёс служака ў бар,
Так сказаць, візіт рабочы.
У яго суровы твар,
Па баках шныралі вочы.
І знайшоў нарэшце ён,
Што знайсці карцела дужа.
— Парушаеш ты закон,
Пратакол складу я, дружа, —
Так сказаў гаспадару. —
На сцяне вісіць карціна.
Мне яна не па нутру…
— А канкрэтна ў чым правіна?
— На карціне белы фон
І барсук з чырвонай мордай.
А чаму чырвоны ён
Дый яшчэ з ухмылкай гордай?
— Проста выпіў, можа, звер
Паўлітровы куфаль піва,
І таму барсук цяпер
Пачуваецца шчасліва…
— Ты мне клёпкі не дуры,
Не тапі мяне ў аблудзе:
Калі вып’е й літры тры,
Дык чырвоным звер не будзе!
То ж наўмысна твой мастак
Барсуку чырвонай пысу
Намазюкаў. Значыць, так, —
«Мент» падвёў, як кажуць, рысу. —
Твой барсук, як той нацдэм,
Хітра зыркае з партрэта.
Ты ж нажыў сабе праблем —
Зладзіў штось накшталт пікета.
Будзе ў бара, не сакрэт,
Рэпутацыя сапсутай…
…Ну а суд за той партрэт
Даў яму пятнаццаць сутак.
* * *
Калі раптам спадцішка
Вам крамола цюкне ў скроню,
Намалюйце барсука —
Больш дадуць, чым за Пагоню…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.