TOP

Гроб сеткай рыбу спадцішка, таму адпомсціла рака

На рацэ Гарынь паблізу Давыд-Гарадка пад лёд праваліўся браканьер, які нёс у рукзаку 40 кілаграмаў рыбы, злоўленай сеткай. Выратавальнікі выцягнулі яго з-пад лёду, і адразу ж была ўзбуджана крымінальная справа.

Алесь Няўвесь

Няма спагады ў браканьера,

Спагада — толькі да сябе.

Няма спагады ў браканьера,
Спагада — толькі да сябе.
Нягоднік рыбу, птушку, звера —
Усё, што трапіцца, — грабе
З прыроды для сваёй карысці.
Такі ж і гэты браканьер.
Ён парашыў да рэчкі выйсці,
Драпежны маючы намер.
Пакуль што ледзяныя глыбы
Не паплылі ў рачной вадзе,
Ды можна й так «нагрэбці» рыбы —
Рака без лёду дзе-нідзе.
Давольны вельмі, ён дахаты
Па лёдзе йшоў цераз раку,
Бо за плячыма ўлоў багаты
Нёс браканьер у рукзаку.
Зусім знясілены, на лёдзе
Ён валюхаўся, як мядзведзь.
На голым месцы — жах дый годзе! —
Мужык не распластаўся ледзь.
Чаму ж была паходка гэткай?
Бо не адзін на спіне пуд.
Яно й не ўздзіў: лавіў жа сеткай,
У рэчку не закідваў вуд.
Затым даліся ў знакі ловы:
Ён праваліўся навылёт,
Як паслізнуўся ў раз чарговы
І пад нагамі трэснуў лёд.
І стаў ён зваць на дапамогу,
Вішчаў, нібы кабан які.
Своечасова, дзякуй богу,
Пачулі крык ратаўнікі.
Хай за здароўе ставіць свечкі
І дзякуе ратаўнікам,
Якія выцягнулі з рэчкі —
Не вылез бы з-пад лёду сам
І ў хуткацечнае Гарыні
Знайшоў бы ён сабе капут.
Хоць выбраўся з глыбокай плыні,
Аднак цяпер «тапіцьме» суд.
Крутой, напэўна, будзе мера —
Губіў і рыбу, і раку.
І так пра злыдня-браканьера
Гавораць людзі ў гарадку:
— Каб не купецкія замашкі
Меў ненажэрны абармот
І быў рукзак не гэткі цяжкі,
Не праваліўся б ён пад лёд…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.