• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Калі ў жанчыны пісталет, баяцца будзе і атлет

Алесь Няўвесь

У гандлёвым цэнтры Віцебска дзве п’яныя кампаніі пачалі «грызціся» між сабой. 50-гадовая жанчына выхапіла з сумачкі пісталет (як потым высветлілася — пнеўматычны), узяла пад прыцэл мужчыну з варожай хеўры і, прымусіўшы яго стаць на калені, запатрабавала прабачэнняў. Гандлярам удалося адцягнуць увагу жанчыны і выбіць з яе рукі пісталет…

Выпадак звычайны, шараговы,
Іх цяпер здараецца нямала,
І таму не ўздзіў, што ў раз чарговы
Нечыя «гарачыя галовы»
Прага пабузіць апанавала.
Выглядалі хеўры нецвяроза,
І ў канфлікце тым, само сабою,
Бачылася яўная пагроза —
Дойдзе ў рэшце рэшт да мардабою.
Дамы ў хеўрах тых былі таксама.
І адной мужык паслаў абразу.
І абразу п’яненькая дама
Не магла пакінуць без адказу.
Ясна, што за крыўду немагчыма
(Бо не тая сіла)
«Даць у рыла».
І сурова мовіла жанчына:
— Я цябе, лічы, прыгаварыла.
Так сказаўшы, з сумачкі дастала
Пісталет — бязлітасную зброю.
Як убачыў, дык аж млосна стала,
Моташна зрабілася «герою»,
Нават рукі-ногі акалелі,
А язык ягоны стаў калодай.
Гаркнула жанчына:
— На калені!
Потым пазірала з асалодай,
Як асеў крыўдзіцель на падлогу,
Выказаў ліслівасць і пакору…
Дамачку скруцілі, дзякуй богу,
Не далі адбыцца прыгавору.
Зганьбіўся мужык няшчасны гэты,
Сорамна яму вылазіць з хаты…
* * *
Калі дамы носяць пісталеты,
Мужыкам патрэбны аўтаматы.

Алесь Няўвесь