TOP

Празорцы-тэлепаты нацдэмаў шлюць за краты

Алесь Няўвесь

За час пратэстаў ахоўнікі парадку дапусцілі столькі дурноты, што хоць стой, хоць падай. Напрыклад, у Лідскім раёне да суда збіраліся прыцягнуць бабулю, якая памерла ў 2014 годзе; «за ўдзел у масавым мерапрыемстве» позва ў суд прыйшла жанчыне, якая з 2017 года жыве ў Аўстраліі; асудзілі маладога чалавека, які «ўдзелу не прымаў, аднак у думках падтрымліваў пратэстантаў»…

З «мянтоў», з судоў, з пракуратуры,
Ды і з чыноўнікаў, бадай,
У нас цяпер смяюцца куры,
Бо прэ дурнота цераз край.
А з-за чаго дурнота тая?
Адны рэпрэсіі наўме:
Адчайна ўлада страх глытае
І на ваду, як кажуць, дзьме.
Нявінны ты ці вінаваты,
Ды калі трапіў пад хапун,
Бяры сухар, ідзі за краты,
Або круціся, нібы ўюн,
Бо штраф такі суддзя накіне,
Што хоць ты з голаду памры.
Не тое робіцца ў краіне,
Сістэма ўся гніе знутры…
Народ ад здзеку ледзь не вые,
Бо ў Беларусі час такі,
Што пад раздачай і жывыя,
І ў іншым свеце мерцвякі —
Усіх Феміда пакарае,
Яшчэ й зняславіць заадно.
Жыла, да прыкладу, старая,
Але сканала ўжо даўно.
З суда прыйшла ў кватэру позва:
Бабуля зладзіла пікет,
Дык адсядзець яшчэ не позна —
Няхай адпусціць іншы свет
На сутак пяць ці шэсць… Адале
Бабулі гэтай сваякі,
Напэўна, думалі-гадалі:
Зрабіць ім варта ход які?
Рашылі: дачакацца трэба,
Калі сканае хтось другі
І позву перадасць на Неба.
А ход і праўда неблагі!
Для ўсіх сядзельцаў будзе свята,
Бо Неба, думалі, цяпер
Прышле з бабуляй адваката,
І гэта будзе Люцыфер…
На шчасце, іншая жанчына
Была не мёртвай, а жывой.
Жыла ў замежжы годна-чынна.
Займела дом дыхтоўны свой
Не ва Ўкраіне беднай недзе —
Ажно ў Аўстраліі яна
І ў Беларусь ужо не едзе:
Тутэйшай жытцы грош цана.
Аднак усім, напэўна, гэта
Вядома з даўняе пары:
Гара не йдзе да Магамета,
Дык Магамет ідзе к гары.
І страхі-жахі з-за кавіду,
Што нас даймаюць у жыцці,
Не спыняць нашую Феміду,
Як трэба некага знайсці.
Ёй позву выслаў суд таксама:
Хоць з’ехала ў няблізкі свет,
Але змагла ў сталіцы дама
Нахабна выйсці на пікет.
Няўжо без нечай дапамогі?
Відаць, падкінуў сатана
Або валодае, як ёгі,
Тэлепартацыяй яна…
Лютуе ўлада як ніколі:
Хто пад раздачу пападзе,
Хто засвяціўся ў пратаколе,
Той не ўратуецца ў судзе.
Юнак, напрыклад, на пратэсце
Стаяў ад іншых убаку.
Аднак жа давялося сесці —
Прышылі справу юнаку.
Што ж напісаў пра небараку
У пратаколе пінкертон?
«Тых, што на нас ішлі ў атаку,
Падтрымліваў у думках ён».
Службовец — чалавек ад Бога?
Чытаць умее думкі нат!
Або накшталт таксама ёга —
Такі ж празорца-тэлепат.
І ўзнёсла міліцыянеру,
Якому ў цырк ісці пара,
Сказаў суддзя:
— Табе я веру
І пакараю бунтара!
Падобных «тэлепатаў» многа,
Ды відавочна, што яны
(Тым лікам суддзі) не ад Бога,
А ўсё-такі ад сатаны…
* * *
Чым больш з улады прэ дурнота
(Прынамсі, так здаецца мне),
Тым болей шанцаў, што ў балота
Яна сама сябе заткне.

Алесь Няўвесь