TOP

Як Ларыса Геніюш не стала прэзыдэнтам БНР

Сябры-экскурсаводы, найперш экскурсаводкі папрасілі паўдзельнічаць у акцыі, якая ў асноўным праводзіцца ў інстаграме. Цягам дня зьяўляюцца пасты, прысьвечаныя БНР, у першую чагру, па асобах.

Я, вядома, скарыстаюся магчымасьцю, каб чарговы раз згадаць сакратарку БНР на чужыне, Паэтку, зьняволеную ГУЛАГу, дысідэнтку Ларысу Геніюш, якая да апошняга свайго дня так і не прыняла савецкага грамадзянства, застаўшыся грамадзянкай БНР. Менавіта пра пражскія архівы БНР Ларысу Антонаўну жорстка дапытвалі ў менскай Амерыканцы, у тым ліку сам беларускі Берыя, мясцовы кіраўнік МГБ Лаўрэнцій Цанава.

Лічу Ларысу Антонаўну духоўнай апякункай нашых жаночых пратэстаў 2020 года, бо 9 жніўня быў акурат яе 110-ты дзень народзінаў.

Хачу зь яе ўспамінаў нагадаць абставіны, пры якіх Ларыса Геніюш стала генеральнай сакратаркай БНР, хаця ўжо тады магла стаць і прэзідэнткай, але у папярэдняга старшыні рады БНР, зэльвенскага земляка Васіля Захаркі не хапіла тады духу і разуменьня прызначыць жанчыну.

«А тым часам у Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых тубэркулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка, міністар фінансаў і намесьнік Старшыні Рады БНР. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзен атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: «Донечка, хутчэй прыяжджай» і г.д.

Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часьцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць.

Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечда якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці А.Крэчэўскага зьяўляецца Старшынёю БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку.

Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, есьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзыдэнтам.

Што ж, гэта быў 1943 год…

Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасьці нашага народу!

«Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай».

Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека.

Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі.

Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамэнт, які прасіў мяне перапісаць у трох экзэмплярах на машынцы й назаўтра яму прынесьці.

Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамэнт, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі.

У тэстамэнце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзыдэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР.

На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля.

Лерка Люстэрка, Facebook

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.