TOP

Будзе ведаць цэлы свет, хто прафан, а хто эстэт

У Мінску дзяўчына, накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, пасядзела на прыступцы каля Вечнага агню і выклала ролік у Інтэрнэт. Супрацоўнікі міліцыі чамусьці ўбачылі ў гэтым «здзек з помніка»…

Алесь Няўвесь

За нас калісьці гінулі салдаты,
Гарэлі людзі, хаты і дамы…
Не па загадзе ў святы і не ў святы
Да Вечнага агню прыходзім мы,
Каб тым, хто перамог, аддаць даніну,
Каб памаўчаць, паслухаць цішыню…
(Я, так сказаць, за дужкамі пакіну
Людзей, што непагаснаму агню
Выказваюць пагарду і парою
На ім нахабна смажаць шашлыкі,
Бо нелюдзі — падобныя «героі»,
Бо кепска іх выхоўвалі бацькі.)
І годна ўсё было, па-чалавечы,
Калі прыйшла дзяўчына да агню.
Ці ж гэта выглядала недарэчы,
Што сцяг яна накінула на плечы?
Вось я, напрыклад, жэст такі цаню…
Дзяўчына на прыступцы пасядзела
І потым ролік выпусціла ў свет…
Служакі ж з міліцэйскага аддзела
(Каго там ні вазьмі, дык то эстэт!)
Жахнуліся і дружна парашылі,
Што здзек чыніла з помніка яна.
Цяпер яе чакае лёс паршывы,
І цяпне гора, бедная, спаўна.
Здаецца абуральным выбрык гэты
Не толькі мне, напэўна, аднаму.
За што яшчэ падобныя «эстэты»
Людзей справоджваць будуць у турму?
* * *
Што выклікае смутак і трывогу?
Хоць самі і не бачылі вайны,
Аднак агульных продкаў Перамогу
Без сораму прысвоілі яны…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.