TOP

Той, хто сам паддаты ў дым, стаць згадзіўся панятым…

У Мінску даішнікі спынілі кіроўцу ў якасці панятога, а той сам аказаўся п’яным — выпіў ажно бутэльку гарэлкі.

Алесь Няўвесь

Гісторыя як анекдот
У Інтэрнэце прагучала.
Адзін тутэйшы абармот
Гарэлкі выжлукціў нямала.
Ды не было бяды пакуль —
Ён не буяніў, дзякуй богу.
Бяда ж у тым, што сеў за руль,
Пагнаў машыну на дарогу.
Хоць не віхляў ва ўсе бакі,
Ды мозг ажно кіпеў ад «гары».
І калі ёсць шафёр такі,
Дык, значыць, могуць быць ахвяры.
На міг туман пакінуў зрок,
Не плыў перад вачыма ватай,
Калі махнуў яму здалёк
Даішнік палкай паласатай.
«Ну ўсё — падумаў, — быць бядзе.
Адкуль жа ўзяўся ён, зараза?
Не толькі штрафам абкладзе —
Правоў пазбавіць гэтым разам.
Не пашкадуе, сукін сын…»
Была не марнаю апаска.
Спыніўся ён.
— Грамадзянін!
К нам падыдзіце, калі ласка.
Даішнік апусціў жазло.
Замерла сэрца ў хвілі тыя.
І тут жа сэрца ажыло!
— Вас запрашаю ў панятыя.
У нас кіроўца п’яны ў дым… —
Сказаў даішнік нечакана.
— Ахвотна стану панятым! —
Дзяцюк запэўніў капітана. —
Калі ўжываеш алкаголь,
Любому трэба ведаць меру!
І страціў над сабой кантроль,
Калі рвануўся к афіцэру,
Як разявака на пажар.
Службовец аж змяніўся з твару,
Бо паняты ягоны твар
Ахутаў хмарай перагару.
— Не слаба сам паддаты ты! —
Яму сказаў даішнік строга. —
І для цябе мне, паняты,
Шукаць патрэбна панятога.
І зноўку ён падняў жазло,
І ледзь не матам крыў ад злосці,
Бо ўпэўненасці не было,
Што трапіцца цвярозы хтосьці…
* * *
У час былы, даўным-даўно,
Не жэрлі «гару» беларусы,
Пілі па чарачцы віно —
Напіцца не было спакусы.
Таму раблю я цяжкі ўздых:
Часы, на жаль, цяпер не тыя.
Бяда, калі для панятых

Таксама трэба панятыя…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.