TOP

Як і асуджаны кур’ер, мы ўсе падсудныя цяпер

Каля станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску міліцыяй быў затрымны кур’ер. Фірма Meny.by пацвердзіла, што ён выконваў заказ, а не пратэставаў. Тым не менш суд аштрафаваў кур’ера на 1740 рублёў.

Алесь Няўвесь

Хоць у душы бунтуе ўсё-ткі
Амаль што кожны беларус,
Ды як паведамілі зводкі
(А іх падрыхтавала МУС*),
Дзень Волі выдаўся спакойным —
Пратэстаў не было ані,
Хоць ледзь не вулічныя войны
Нам прадракалі дзень пры дні.
І парадокс: АМАП наш дзесьці
З завулкаў, вуліц і двароў
Не двух ці трох, а больш за дзвесце
Нагрэбці здолеў «бунтароў».
І ў тым я дзіўнага не бачу:
Цяпер такі вар’яцкі час,
Што нізавошта пад раздачу
Патрапіць можа кожны з нас.
Таму Фемідзе ўжо не верым —
Аслепла поўнасцю яна.
Засведчыў выпадак з кур’ерам,
Што ёй, Фемідзе, грош цана:
Мячом налева і направа
Яна размахвае цяпер.
Была ў кур’ера звыклай справа —
Заказ камусьці вёз кур’ер.
Быў, пэўна, шок у бедачыны,
Кур’ер увесь абмяк-аслаб,
Калі яго без дай прычыны
Схапіў на вуліцы АМАП.
Чаму ж байцы АМАПа міма
Кур’ера з сумкай не прайшлі?
Падумалі, што бомба-міна
Яго схіляе да зямлі?
Яны не мелі гэткай думкі,
Не ўзнік падобны інтарэс,
Ва ўсякім разе ў «пашчу» сумкі
З байцоў ніводзін не палез.
А проста быў хапун чарговы,
Кур’ера згрэблі заадно…
Што грэбці ўсіх байцы гатовы —
Пра гэта ведаем даўно.
Не маюць літасці ні кроплі
Ад іх стары і малады.
Ды расстаўляць, як кажуць, кропкі
Павінны ўсё-такі суды.
Як быццам алібі ў кур’ера
Было ў судзе на гэты раз:
Ад фірмы мелася папера,
Што ім выконваўся заказ.
Яшчэ і сведкі дадаткова
На справу пралілі святло.
Сама прасілася выснова:
Віны кур’ера не было.
Дык, можа, здарылася дзіва —
Суд апраўдаў яго? Хаця б!
Кур’ера згрэблі справядліва —
Не памыляецца АМАП…
* * *
Калі ў Феміды воблік гэткі,
Дык думка лезе мне ў глузды:
Навошта доказы і сведкі,
Ці трэба ўвогуле суды?
Праз час, напэўна, некаторы
Убачыць давядзецца нам:
АМАП выносіць прыгаворы
На месцы будзе «бунтарам».
_______________
* Міністэрства ўнутраных спраў.

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.