TOP

Не дапамогуць адвакаты, хоць ты ні ў чым не вінаваты

Алесь Няўвесь

У Смаргоні пасля судовага працэсу над двума мясцовымі жыхарамі ў калідоры нехта выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!» Гэтыя словы пачула старшыня суда. Усе, хто знаходзіўся ў калідоры, былі затрыманыя. Іх справу разглядаў ужо суд Астравецкага раёна. 10 чалавек пакаралі: каго штрафам, каго «суткамі». А таго, хто крыкнуў, так і не выявілі…

Суд быў бязлітасны і скоры.
А потым, праз хвіліны дзве,
Усклікнуў нехта ў калідоры:
— А ўсё-ткі Беларусь жыве!
То, безумоўна, кліч не новы,
І невялікая бяда.
Аднак бяда, што тыя словы
Пачула старшыня суда.
І хмурай стала, быццам хмара, —
Так абурылася яна.
Не навучыла іншых кара,
Выходзіць, кары грош цана.
І дзе надумаў крыкнуць хтосьці?
Тут, як-ніяк, Феміды храм!
Кіпела старшыня ад злосці:
«Я вам урок нележны дам!
Патрэбна ўжыць такія меры,
Каб кожны з вас навек замоўк!»
А для таго адразу ж дзверы
Узяць прыйшлося на замок.
А потым па званку кабеты
Прыбыў з міліцыі нарад.
Усіх, хто быў у храме гэтым
(Дарма, што іх задужа шмат),
«Загрэблі». З імі ў райаддзеле
Вялі размовы да цямна.
Ды «бунтары» не захацелі
Службоўцам выдаць крыкуна:
Усе яны бунтарскай масці,
Дык «страцілі» і зрок, і слых.
Рашылі пратаколы скласці,
Каб ён не выслізнуў, на ўсіх,
Нібы яны крычалі хорам
Той кліч нацдэмаўскі ў судзе:
Не размінецца з прыгаворам,
І кара ўсё ж перападзе,
Хоць пакараюць цэлых дзесяць
З «таемным злыднем» заадно.
…Працэс цягнуўся больш як месяц —
Канца і краю не відно.
Феміда вылічыць таксама
Паспрабавала крыкуна,
Што паглуміўся ў сценах «храма»,
Ды не сумела і яна.
І не ўжыла Феміда шалі,
А карны меч пусціла ў ход,
Каб потым іншыя маўчалі,
Не разяўляў ніводзін рот…
* * *
Не дапамогуць адвакаты —
Бездапаможныя яны,
Як ты зараней вінаваты,
Хоць на табе няма віны…

Алесь Няўвесь