• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Хто ў нас самы вучоны? Той, хто носіць пагоны

Алесь Няўвесь

Восем экспертаў камісіі зрабілі выснову, што ў кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя» «ўстаноўлена наяўнасць прыкмет экстрэмізму». У склад камісіі ўваходзілі тры міліцэйскія начальнікі, два чыноўнікі з ідэалагічнага аддзела Мінскага аблвыканкама. Адзін з экспертаў прызнаўся, што кнігу ў 600 старонак «чытаў не ўсю, толькі па дыяганалі»…

Нам хто-ніхто сцвярджае ўжо,
Што ў Беларусі хутка
Усіх «паставяць пад ружжо» —
Да ўлады прыйдзе хунта.
— Уладу Бацька не аддасць!
Пярэчаць апаненты. ―
Яму самому дужа ў масць
У крэсле прэзідэнта.
Чаго чакаць напраўду след —
Не разбяруцца й чэрці…
Але ж падпісаны Дэкрэт:
Пасля ягонай смерці
Павінны ўладу ўзяць Саўбез,
Каб не дайшло да бунту.
А там жа генералы спрэс —
Магчыма, створаць хунту,
А можа, іншым іх намер —
Харошым вельмі — будзе…
Ды зразумела ўжо цяпер,
Што пры пагонах людзі
Да Бацькі трапілі ў фавор —
Аўтарытэт трывалы,
І рэй вядуць з нядаўніх пор
У справах генералы.
Выходзіць гэтак, што яны
Ва ўсім, як кажуць, докі,
Бо інтэлект іх незямны —
Сягае пад аблокі.
Таму да дробязі любой
У іх даходзяць рукі.
І мудрацы, само сабой,
Што тычыцца навукі.
Яны чытаюць многа кніг,
Таму няма сюрпрызу,
Што «зверху» папрасілі іх
Правесці экспертызу.
«Вярхі» лічылі, не сакрэт,
Што выбар вельмі ўдалы:
На экстрэмізм «гросбух» як след
Правераць генералы.
А каб было крыху лягчэй
Выконваць ім задачу,
І ідэолагаў яшчэ
Падкінулі ў прыдачу.
Вядома, не вялікі грэх,
Што кнігу не чыталі,
Калі ж вачыма хто прабег,
Дык «па дыяганалі».
Няма сумнення, што і дзвюх
Хвілін экспертам досыць,
Каб ведаць: экстрэмісцкі дух
Кілаграмовы той «гросбух»
У душы ўсім прыўносіць.
А так бы і не зналі мы
Пра гэты дух нячысты,
І давялі б нас да турмы
«Пісакі-экстрэмісты».
Ім, мудрацам, няма цаны,
Ім медалёў не шкода!
* * *
І Канстытуцыю яны
Напішуць для народа…

Алесь Няўвесь