TOP

Муж у жончыну машыну парашыў закласці міну…

Каб адгаварыць жонку ад разводу, раўнівы жыхар Лепельскага раёна заклаў у яе аўтамабіль самаробнае выбуховае ўстройства.

Алесь Няўвесь

Вам скажа кожная жанчына:
Раўнівы муж — як той вар’ят.
Яму давесці немагчыма,
Што раўнадушным быў пагляд
На незнаёмца ці суседа.
У сітуацыі любой
Чакае «грозная бяседа»
І, можа, нават мардабой.
…Сям’я была прыстойнай звонку —
У нас такая не адна.
Ды рэўнасцю мужчына жонку
«Дастаў» настолькі, што яна
Яму сказала ўрэшце:
— Годзе!
Ну проста не хапае зла!
Пара падумаць аб разводзе.
Я ўжо й заяву падала.
Такая страшная навіна
Для мужа — як халодны душ:
Выходзіць, знікне «палавіна»,
А ён ужо, лічы, не муж?
Ён ледзь не падаў на калені
І нат прасіў на ўвазе мець,
Што будзе на яе сумленні
Ягоная зладзейка-смерць.
Але з таго карысці мала,
Не растапіў, як кажуць, лёд,
І на сваім яна стаяла:
— Рабі, што хочацца… Развод!
Ад непазбежнасці такое
Мужчыну ахапіў адчай:
Хоць ты на ўсё махні рукою
І праўда ляж і памірай,
Як «палавіна» сыдзе з дому.
І тут — ідэя ў галаву:
«Навошта паміраць самому?
Я лепей здрадніцу ўзарву!
Калі ў яе машыне міна
Пад ср…кай трошачкі рване,
Дк абразуміцца жанчына
І будзе зноў кахаць мяне,
І да высновы, можа, прыйдзе:
Раўнівыя
Усе мужы…»
Тайком над «мінай» цэлы тыдзень
Ён «варажыў» у гаражы.
Мазгі і рукі працавалі:
Злучаў якіясь правады,
Прымерваў нейкія дэталі —
Як быццам міна сапраўды!
І нават свой зарад закласці
Пад жончыну машыну змог.
Яму — на гора, ёй — на шчасце,
Пашкадаваў жанчыну Бог.
А мо дваровыя бабулі,
Што маюць востры зрок і слых
Пра тую «міну» ёй шапнулі…
Заўсёды трэба слухаць іх!
* * *
Не мінаваць яму астрога,
Фінал чакаецца благі.
А горш, напэўна, што ў самога,
Лічы, ўзарваліся мазгі…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.