TOP

Ад Дзядоў да Дзядоў: як усё пачыналася ў 1988-м і што змянілася

Шэсце ў Курапаты, 1988 год. Фота з калекцыі Юрася Лаўрыка. Крыніца: vytoki.net

Стаяў канец кастрычніка 1987 года, які ў Мінску быў досыць цёплы... У сэнсе метэарагічным, але зусім не ў плане пашырэння магчымасцяў разбіць савецка-беларускую ідэалагічную машыну.

Хоць ужо тады на абшарах тагачаснай савецкай імперыі, а найперш у Маскве, Ленінградзе, балтыйскіх рэспубліках, Украіне, інтэлектуалы, былыя палітвязні розных рэжымаў (ад сталінскага да андропаўскага) і проста актыўныя людзі, якія ёсць ва ўсе часы, убачылі ў выказваннях (збольшага тады менавіта толькі ў выказваннях) новага камуністычнага кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова прыкметы таго, што савецкі “бетон”, які ствараўся яшчэ намаганнямі Леніна, Троцкага ды іх хаўруснікаў, можа калі не пасыпацца, дык пайсці нейкімі расколінамі. 

А гэта значыць, узнікаў шанец туды неяк уплішчыцца і паспрабаваць стварыць элементы прасторы, вольнай ад татальнай хлусні, што стваралася пакаленнямі штатных савецкіх ідэолагаў, супрацоўнікамі адпаведных службаў імя таварыша Дзяржынскага. 

У Беларусі гэты бетон быў вельмі моцны: за трываласцю найбольш пільна сачылі кіраўнік тутэйшай камуністычнай арганізацыі Яфрэм Сакалоў і яго больш красамоўныя памагатыя, сярод якіх першымі – хоць і фальшывымі, але гучнымі – скрыпкамі былі адказны за цэнзуру ў культуры і СМІ Іван Антановіч ды адказны за цэнзуру ў беларускай літаратуры Савелій Паўлаў. Тым не менш, і гэтыя таварышы аказаліся не да канца пільнымі і як след не адсачылі з’яўлення адных з першых незалежных ініцыятыў, што нараджаліся ў размовах у інтэрнаце на тагачаснай вуліцы Акадэмічнай у Мінску ці ў ляску непадалёк ад рэдакцыі наваполацкай гарадской газеты “Химик”. 

Адным з рухавікоў першай ініцыятывы (а аўтар гэтых радкоў тады далучыўся, у рознай ступені да абедзвюх) быў Алесь Бяляцкі – гэтая ініцыятыва неўзабаве аформілася ў аб’яднанне маладых літаратараў “Тутэйшыя”, што займела паўлегальны статус пры беларускім Саюзе пісьменнікаў. Другую ж ініцыятыву паслядоўна рэалізоўваў Уладзімір Арлоў, які афіцыйна лічыўся кіраўніком легальнага наваполацкага літаратурнага аб’яднання “Крыніцы”. 

Бяляцкі Алесь, Альгерд Чыж, Алесь Асташонак, 1987 г. Фота з калекцыі Алеся Бяляцкага. Крыніца: vytoki.net

І ў адной, і ў другой суполках ні для кога не была таямніцай праўда пра масавы тэрор супраць беларускіх творцаў розных сфер, але найперш супраць прадстаўнікоў прыгожага пісьменства, які быў учынены бальшавіцкімі рэжымамі і які свайго апагею дасягнуў у 1930 – 1937 гадах. У сваіх размовах мы, памятаю, згадвалі Тодара Кляшторнага, Алеся Дудара, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Жылку, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўку, Язэпа Пушчу, Ларысу Геніюш ды іншых, чые прозвішчы нават у пазнейшыя савецкія часы было згадваць або зусім забаронена, або непажадана. З адной толькі прычыны: біяграфіі гэтых людзей у сваім чыстым выглядзе (гэта калі абмінаць чыста творчыя пытанні) гучалі як татальны прысуд бесчалавечнаму бальшавіцкаму рэжыму.

Анатоль Сыс, Дзяды 1 лістапада 1987 года. Аўтар фотаздымка: Алесь Суша. Крыніца: vytoki.net

Вось жа, кіраўнікам тады яшчэ нефармальных “Тутэйшых” удалося ў тым самым кастрычніку 1987 года дамагчыся ад пільных уладаў дазволу на правядзенне акцыі ў памяць тэрыразываных і расстраляных літаратараў у мінскім скверы каля помніка Янку Купалу. Памятаю (я ў тыя дні якраз заканчваў навуку ў мінскай аспірантуры) магутны й незабыўны голас светлае памяці Анатоля Сыса, які зачытваў прозвішчы ахвяраў і ў некалькіх словах казаў па памяць пра кожнага з іх у Беларусі, да якой яны не дажылі. Як і варта было чакаць, цалкам падкантрольныя кампартыі СМІ ўжо назаўтра (а потым і ў наступныя дні) абрынулі шквал хлусні на ідэю самой акцыі і яе арганізатараў, што праўда, прадбачліва не згадваючы іх імёны. Аргумент быў адзіны: “Органы не памыляюцца, а калі й памыляюцца, то нязначна…”

У масавую ж памяць беларусаў (і знішчыць гэтую памяць не здольныя ніякія чарговым разам перапісаныя школьныя падручнікі гісторыі) увайшлі Дзяды 1988 года. Мне не ўдалося паехаць у Мінск з Наваполацка, дзе я ўжо тады зноў працаваў: начальства паставіла акурат на суботні дзень 30 кастрычніка ажно два калоквіумы з маімі студэнтамі. Але Уладзімір Арлоў (які незадоўга перад тым перабраўся ў Мінск, дзе пачаў легальна працаваць рэдактарам “Мастацкай літаратуры”, але жыць напалову легальна, не маючы савецкай прапіскі!) усё ж такі выступіў на забароненым і, у выніку, разагнаным мітынгу-рэквіеме ў полі пад Курапатамі.

Мітынг рэквіем “Дзяды” 30 кастрычніка 1988. Маскоўскія могілкі-Курапаты. Выступае Уладзімір Арлоў. Аўтар фота: Уладзімір Кармілкін. Крыніца: vytoki.net

Прайшлі амаль тры з паловаю дзясяткі гадоў ад тых памятных падзей, за якія адбылося шмат што, а найперш – абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе, магутныя ўздымы нашага народу ў 1996, 1999, 2006, 2010 і, больш за ўсё, у 2020 гадах. Памяць пра бязвінныя ахвяры чарговы раз забараняецца ўладамі з тымі самымі бальшавіцка-камуністычнымі каранямі. Няма на свеце выдатнага паэта Анатоля Сыса, пад пагрозай рэпрэсій Уладзімір Арлоў (паводле наяўных звестак) мусіць быць – як, зрэшты, і аўтар гэтых радкоў – па-за межамі Беларусі, а Алесь Бяляцкі чарговы раз, як некалі Якуб Колас, знаходзіцца ў турме колішняга Пішчалаўскага замку, які ў народзе ахрысцілі “Валадаркай”. Саюз беларускіх пісьменнікаў забаронены “самым справядлівым на свеце”  (пост)савецкім судом…

Ці змянілася, аднак, нешта ў гэтым прамежку часу – ад Дзядоў да Дзядоў? Нягледзячы ні на што, я веру: змянілася! Я веру ў новае пакаленне Народа, які цяпер, не саромеючыся, з гонарам і ўголас можна называць Беларускім! І гэты Народ ужо не дасць забыцца на трагічныя і драматычныя лёсы пакутнікаў 1930-х гадоў і светлых людзей году 2020-га. Можна, вядома, паставіць па перыметры курапацкай святыні людзей у форме і без яе, але не пусціць думкі ў галовы людзей анікому ўжо не ўдасца…


Чытайце таксама: Лявон Баршчэўскі: “У 2020-м мы зрабілі крок наперад, але да канца ізноў не дайшлі”