Ліквідацыйны суботнік: дапаможам Таварыству беларускай мовы
Старшыня зліквідаванага ТБМ Алена Анісім склікае ліквідацыйны суботнік. 27 лістапада а 12 гадзіне усіх дабравольцаў чакаюць на вуліцы Румянцава, 13 у Мінску.
“Кожны ўдзельнік зможа забраць на памяць якую-небудзь рэч, кнігу, газету. Шмат што будзе вывезена для захавання. Мы спадзяемся таксама, што да канца месяца здолеем сабраць тры тысячы дзвесце рублёў, каб поўнасцю разлічыцца за гэты месяц за арэнду сядзібы і ў снежні не мець ніякіх абавязкаў з гэтай прычыны”,
— паабяцала Алена Анісім.
Алена Анісім: Мы не зацікаўленыя плаціць шалёныя грошы
– Мы яшчэ не да канца прайшлі ліквідацыйныя працэдуры. Частку сваіх дакументаў здалі ў архіў, частку бібліятэкі перадалі ў бібліятэку. Цяпер Мінюст праводзіць працэдуру праверкі, але ж самі не будзем некага падштурхоўваць у спіну; пакуль да нас не паступала ні прапаноў, ні заўваг, ні патрабаванняў, каб мы далі нейкія дакументы ці што.
Але ў справе ёсць адзін вельмі важны нюанс. Паколькі рашэнне пра нашую ліквідацыю прынятае 8 лістапада, то гэты месяц мы мусім заплаціць за сядзібу. А са снежня зусім не зацікаўленыя ў тым, каб быць зліквідаванымі і пры гэтым плаціць шалёныя грошы (больш за тысячу даляраў на месяц разам з усімі камунальнымі паслугамі і аплатай за арэнду), таму паставілі перад сабой задачу: цалкам вызваліць памяшканне і правесці перамовы з гарадскімі ўладамі, што мы займаем гэтае памяшканне толькі да канца лістапада.
– Які аб’ём працы чакае ахвотных прыняць удзел у суботняй талацэ?
– На сёння частка кніг ужо вывезеная, частку уладкуем некуды заўтра, магчыма – і да канца месяца. Аднак у нас ёсць вялікі аб’ём лексічнага атласа беларускіх народных гаворак – гэта якасныя, новыя, чыстыя акуратныя кнігі, якія трэба некуды перавезці ці раздаць, бо немагчыма іх захаваць у адным месцы.
Ёсць яшчэ некаторыя дакументы ранейшых часоў, таму на пару гадзін працы будзе.
– Што з мэбляй – яе таксама трэба вывозіць?
– Частка з таго, што набылі, што нам падарылі апошнім часам, будзе вывезеная днямі. Нейкую мэблю, калі будзе паразуменне, проста пакінем у памяшканні, калі не – давядзецца шукаць тых, хто забярэ. А ранейшыя, даўнейшыя сталы хутчэй за ўсё пакінем у сядзібе, таму што наступнаму арандатару яны могуць і спатрэбіцца.
– Раз гаворка ідзе пра захаванне маёмасці ТБМ, вы ўсё ж спадзеяцеся некалі вярнуцца…
– Пытанне ў дадзеным выпадку вядзецца пра тое, каб захаваць свой актыў і ўсе важныя для сябе дакументы, бо калі мы будзем ствараць новую арганізацыю на базе ТБМ, не трэба пачынаць усё з нуля — неабходна пераемнасць.
– Колькі сяброў у ТБМ сёння?
– Не можам назваць канкрэтную лічбу, бо праверка спыніла дзейнасць, актуалізацыю звестак па сябрах. Тым больш, многія проста раз’ехаліся. Але паводле апошніх звестак, ТБМ налічвала больш за 6 тысяч сяброў, мы хацелі бы удакладніць звесткі: добра, калі дзве трэці засталіся.
Алег Трусаў: “Рэзалі ўсіх”
Першы кіраўнік ТБМ Алег Трусаў мяркуе, што ўлады нічога не выйгралі ад ліквідацыі арганізацыі:
– Прайгралі ўсё, што маглі. Па крайняй меры, мы ім плацілі за арэнду офіса больш за дзве тысячы рублёў на месяц – а зараз кропка. Улады нічога не выйгралі, а прайгралі шмат чаго.
– Навошта ўвогуле было ліквідаваць культурніцкую, асветніцкую арганізацыю?
– Думаю, за кампанію. Ім падалі спіс арганізацый, яны ліквідавалі і беларускіх, і рускіх, і польскіх – рэзалі ўсіх. То бок не выбіралі па моўнай прыкмеце ці па іншых крытэрыях – рэзалі ўсіх, ад Саюза далякаў да ТБМ.
– Адмысловая задача ліквідаваць менавіта беларускі асяродак не стаяла?
– Не, яны ліквідавалі 400 арганізацый, калі сярод іх 30 беларускіх было, то гэта добра. Яны ліквідавалі ўсе недзяржаўныя структуры, не выбіралі ні па моўнай, ні па іншай прыкмеце, галоўнае – недзяржаўныя.
– Якую шкоду грамадству, дзяржаве нанясе ліквідацыя ТБМ?
– Вялікай шкоды не будзе, бо мы адступаем з баямі, з ар’ергардам: што рабіў ТБМ, тое і будзе рабіць. Мы не з тых арганізацый, якія плачуць, мы дзейнічаем: эвакуіруем сядзібу, развозім нашы скарбы, у нас маса кніг – нічога не прападзе.
Аднойчы нас ужо ліквідоўвалі, выганялі з сядзібы за даўгі пры Бураўкіну. Але зусім хутка мы вярнуліся назад. Тут ёсць яшчэ адна цікавая рэч: у наступным годзе гэты дом усё роўна закрываюць на капітальны рамонт. Я не сумняваюся, што калі рамонт скончыцца, улада зменіцца, мы вернемся назад ужо ў адрамантаваную сядзібу. Мы не збягаем ні ў Польшчу, ні ў Канаду, як гаварылі па-беларуску, так і гаворым. І чым мацнейшы ціск, тым шырэй распаўсюджваецца беларуская мова.
Дарэчы
8 лістапада Вярхоўны суд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы».
14 ліпеня ў офісе ТБМ прайшоў ператрус, сканфіскавалі ўсю тэхніку. Грамадскаму аб’яднанню выставілі два папярэджанні, якія яно не паспела своечасова аспрэчыць.
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны было заснаванае ў 1989 годзе. Цяпер у складзе аб’яднання – каля 450 мясцовых арганізацыяў і суполак у Беларусі і за мяжой, больш за 6 тысяч сябраў.