TOP

Грамадскія абмеркаванні могуць канчаткова засакрэціць?

Цяпер грамадзянаў вымушаюць стаць архітэктарамі, бо свае заўвагі да праектаў яны могуць падаць фактычна толькі са спасылкай на тэхнічна-нарматыўныя акты. Такой практыкі ў Еўропе, падаецца, проста няма.

Што прапануе Мінархітэктуры

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва вынесла на разгляд грамадзянамі праекта пастановы Саўміна, якім мяркуецца ўнесці змены ў парадак грамадскіх абмеркаванняў па пытаннях архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Абмеркаванне праекта праходзіць на прававым форуме па 3 студзеня.

Мінархітэктуры прапануе праводзіць наступныя абмеркаванні: горадабудаўнічых праектаў агульнага планавання; горадабудаўнічых праектаў спецыяльнага планавання; горадабудаўнічых праектаў дэталёвага планавання; архітэктурна-планіровачных канцэпцый аб’ектаў будаўніцтва (пры адсутнасці праектаў агульнага і дэталёвага планавання).

Пры гэтым схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі на ўзроўні краіны, абласцей і раёнаў на абмеркавання выносіцца не будуць.

Экспазіцыя праектаў плануецца працягваць 15 дзён, як і само абмеркаванне 25 дзён.

Заўвагі і прапановы удзельнікаў у пісьмовай і электроннай форме павінны накіроўвацца архітэктурна-горадабудаўнічым саветам на працягу 3 дзен пасля заканчэння абмеркавання.

Членам савета таксама даецца 3 дні на разгляд заўваг і прапаноў.

Архітэктурна-горадабудаўнічы савет цягам 5 дзён з дня атрымання пазіцыі членаў разглядае яе і ў выпадку адсутнасці заўваг рыхтуе пратакол падвядзення вынікаў грамадскага абмеркавання, складае пратакол разгляду заўваг і прапаноў удзельнікаў.

“Дзяржава кансервуе ўдзел грамадзянаў у абмеркаваннях”

– Праект пастановы не прадугледжвае кардынальных зменаў: істотна нічога не паляпшаецца, але і не пагаршаецца, – кажа каардынатар Таварыства “Горад для гараджан” Дзяніс Кобрусеў. – Занепакоенасць выклікае толькі адзін пункт: падчас экспазіцыі і прэзентацыі праектаў удзельнікам абмеркаванняў не могуць быць дадзеныя дакументы з грыфам “Для службовага карыстання”.

З увядзеннем гэтай нормы, у чыноўнікаў можа з’явіцца спакуса адвольна накладываць грыф ДСК на любыя матэрыялы праектаў, што ўскладніць грамадзянам доступ да інфармацыі.

Пры гэтым, адзначае Дзяніс Кобрусеў, практыка ўтойвання важнай для слуханняў інфармацыі назіралася і раней:

– Чыноўнікі вельмі часта адмаўлялі даваць інфармацыю, спасылаючыся на тое, што яна прызначаная “для службовага карыстання”. Прычым ступень сакрэтнасці інфармацыі афіцыйныя асобы розных узроўняў ацэньвалі па сваіх асабістых крытэрыях. Практыка неабгрунтаванай адмовы ў інфармацыі існавала фактычна нефармальна, а цяпер яна можа быць узаконенай.

Між тым, яшчэ ў 2017 годзе шэраг грамадскіх арганізацыяў прапанавалі пашырыць удзел шарагоўцаў у грамадскіх абмеркаваннях.

– Улады маглі б скарыстацца праектам гэтай пастановы і насамрэч спрасціць і пашырыць працэдуру ўзгадення праектаў з думкамі і стаўленнем неабыякавых людзей. Аднак дзяржава кансервуе і робіць мінімальным магчымы ўдзел грамадства ў абмеркаванні важных для нас пытанняз.

Грамадзяне мусяць фактычна станавіцца архітэктарамі, каб падаць свае прапановы да праектаў. Бо ўсе заявы і прапановы неабходна справаджаць спасылкамі на тэхнічна-нарматыўныя акты і нормы.

Гэта ненармальная практыка. Якой у Еўропе проста няма. Там любы грамадзянін можа проста сказаць, падабаецца яму праект ці не падабаецца, – адзначае Дзяніс Кобрусеў.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.