TOP

Я замяшаны і народжаны ў гэтым чортавым Савецкім Саюзе…

Памідораў і Лэсьлі пасьля апошніх 8 сутак...

Нажаль, турма – гэта канцэнтрат нашага грамадства зараз. Бо мы, нашае грамадзтва, нашчадкі і правапрыймальнікі таго БээСэСэРу ды эСэСэСэРу. З турэмным успрыманьнем навакольля, калі нічога добрага не чакаеш ад волі...

Чалавек – не таракан: можа выжываць у любых умовах

Быў такі стары жыдоўскі (як хочаце, габрэйскі) анекдот.

У турэмнай каморы два жыды (як хочаце, габрэі). Адзін сядзіць на шконцы, другі ўвесь час ходзіць і ходзіць ад сьцяны да сьцяны. Праз які дааааўгі час, той, што сядзіць, гучна пытаецца:

– Лёва, тое, што ты ўвесь час ходзіш, ты лічыш, што не сядзіш?

Шчыра кажучы, трапіўшы ў менскі ІЧУ на вуліцы героя-лётчыка Б.С.Акрэсьціна – у пэўны момант тым і заняўся. Вымяраў камору крокамі і прыкідваў, колькі вышыня столі.  Камфортна, чаго… Столь пад 3 метры 50 сантыметраў, камора прастакутнік 4 на 5 метраў.

Гэта калі ў каморы на чатырох і сядзяць чацьвёра. Ушчыляць, ясна, можна ў такіх умовах у чатыры, ці пяць разоў. Што і стала потым адбывацца. Нават і паболей. А што? Магчымасьцяў шмат!

Магчымасьці чалавека таксама неабмежаваныя. Канешне, самая галоўная чалавечая рыса – гэта тое, што можна выжываць у любых умовах.

Кажуць, тараканы жывейшыя.

Не, чалавек усё ж можа выжыць паўсюдна, і таму ён нейкі там “цар прыроды, ці натуры”.

Таракан эвалюцыянуе. І потым гіне. Элеметарна, без вады. На трэці-пяты дзень.

Чалавек жа прыстасоўваецца. І без вады можа працягнуць дзён дзесяць. Ці потым знойдзе ўнутраныя водныя рэзэрвы. Ці іншыя. Ну як некалі вашынгтонскі галадоўца доктар Хайдэр.

Абвяшчаць, ці не абвяшчаць турэмную галадоўку – у кожнага свая справа. Калі ты без спрыту, ды яшчэ ў першы раз, дык увогуле аніякая ежа ў глотку ня лезе. Таму і пасьмяхаліся “папкары” першыя пару дзён у ІЧУ на Акрэсьціна, калі чулі: “Двое есьці ня будуць”.

Але адное я (бо па ўзросьце аказаўся старэйшым у каморы) паставіў пытаньне жорстка: гарбата мусіць быць на ўсіх! Што гэта за рэжым: два паўлітровых жалезных кубкі на чатырох вязьняў? Папіў – перадаў іншаму? А ў нас усе гарбату п’юць і шануюць, больш за каву! З намі гаспадар гарбатна-кававай крамы сядзіць! А ну!)))

Працягнулася падобнае і потым, у Жодзіна. Дзе на 10-12 вязьняў давалі 5 кубкаў па 0,5 “гарбаты”. Ну, я гэтак жыць не магу, дамогся таго, што на кожнага зь 19-й каморы ў Жодзіна ў выніку прывозілі з раніцы і ўвечары па 0,5 кубку гэтага… “чаю”… (На Акрэсьціна, дарэчы, на вячэру пітва аніякага не давалі.)

Дзякуй за перадачы, мы маглі ў яшчэ гарачае пітво закінуць некалькі пакецікаў “ліптану” і цягам паўгадзіны папівалі амаль нармальную гарбату. Разважаючы пра далейшыя шляхі разьвіцьця камунікацый у сьферы рэклямы і продажаў, ці гуляючы ў “Ёсьць Кантакт!”

Дзіўная рэч. Трапўшы за краты, ды не на нейкія там гадзіну-тры, пакуль не ўстановяць асобу, а калі зразумеў, што ўсё – адна-тры ночы, суд-этап – тады вельмі хутка становіцца спакойна на душы. Асабліва, калі ведаеш, што родныя і сябры ведаюць, дзе ты і што з табой адбываецца.

Першы час мяне валтузіла ад таго, што мае родныя і родныя Лэсьлі ня ведаюць, што з намі і куды нас вязуць. Потым я дазнаўся, што быў адзін добры чалавек. Памятаю,  разам з намі выходзіў з таго лясочку на Ангарскай і спрабаваў узяць у мяне інтэрвію. Са сваімі сябрамі, убачыўшы шэрагі “чорных”, што ламіліся праз хмызы, і, натуральна, беглі на паляну, нас не заўважаючы, сказаў: “Ну, Аляксандар, добра, я пайду” – і зьнік.

Гэта добры чалавек потым зь бясьпечнага месца здымаў і выклаў у інтэрнэт, як нас дваіх вядуць у аўтазак. Сабраў лайкаў з камэнтамі, а што.))) Ды й што цкаваць, дзякуючы гэтаму відосу амаль праз гадзіну нашыя родныя ведалі, дзе мы і што з намі.

Яны – тыя, хто гэта робяць, насамрэч баяцца…

Ня дзіва тое, што адбываецца ў пастарунку. Ня дзіва тое, што адбываецца ці тое ў ІЧУ, ці тое  ў ЦІП, ці ў СІЗА.

З часоў Дастаеўскага ці Каліноўскага, Багушэвіча ці Купалы, Дзяржынскага ці Пясецкага гэтая пенітэнцыярная сістэма не зьмянілася ані на авой. Таму я проста пасьмяхаўся, гледзячы на маладых супрацоўнікаў АМАП у форме, на супрацоўнікаў ГУБАЗіК бяз формы, на простых міліцыянтаў, што спрабавалі мне крычаць у твар.

Мне, супрацоўніку радыё больш за 30 год, калі працуеш на фестывалях, дзе агульная моц гуку дасягае часам больш за 70кWt. Два разы падняў трохі голас – прыселі зьлёгку. Як прыселі ў пастарунку, калі Лэсьлі завёў размову пра першыя гандлёва-культурныя арганізаваныя чалавечыя і грамадзкія стасункі.

І мы пачалі трохі дыскутаваць, проста на другім паверсе Завадзкога РУУС, у “залі чаканьняў”. Малады міліцыянт ашчэрыўся і з шыпеньнем нейкім выціснуў з сябе: “Шшшштааа, усе тут з абразаваніем, сссссукааа?” І бянтэжыўся, калі ў адказ пачуў: “Ну, вышэйшае тэатральнае, рэжысэр драмы, вышэйшае тэхнічнае, БНТУ…”

Да самага малодшага, Валодзі (іронія лёсу, прозьвішча ягонае было  – Лагер) зьвяртаецца: “І ты, сука, кур’ер, што, таксама адукаваны?”. А ў адказ: “Два гады, як Тэхналагічны скончыў.”… І енк амаль у адказ: “Да што ж гэта такое!”…

І разумееш, што яны самыя не свае.

Калі я трапляў раней за п’янку ці за нейкі раённы дэбош, ці сьцяг недзе зрэзаў, ці на маршы падпаў пад аблаву – тады, раней, 20, 30 год таму, было іначай.

А цяпер яны ня ведаюць, што рабіць…

Ну, цябе заводзяць на прыйманьне, дзе ты сьпярша у “стакане метр-на-метр-на два” учатырох праводзіш пасярод начы 2 гадзіны, і нават спіце ўсе наўстой, абапіраючыся адзін на аднаго.

Ну, цябе дагала разьдзяюць і робяць асабісты дагляд.

Ну і што з таго?

Яны – тыя, хто гэта робяць, баяцца. І калі ты проста з усьмешкай кажаш: “Скуру ня зьняць?” – адыходзяць на крок.

Мой досьвед – мой досьвед, але і досьвед маіх сяброў, калегаў, таварышаў.

Пабывалі шмат дзе. Як аднойчы легендарны Мао адказаў на пагрозу зламаць яму нагу: “А выведзіця мяне ў дворык ды расстраляйце!”.

Турма – гэта канцэнтрат нашага грамадства зараз

Але і давялося трохі прапагандыстам пабыць. На Жодзінскім прыйманьні. Калі пасьля кпінаў наконт маіх татуіровак са сьцягамі на руцэ спакойна распавёў маладзёну-ахоўніку, як атрымаць візу і паехаць у любы край з тых, чые сьцягі на маёй руцэ.

“Замкніцеся, затрыманы, апранайцеся і выходзьце ў калідор! Спыніць прапаганду сярод супрацоўнікаў!” – гэта было сьмешна, сьмяяліся, нават ахоўнікі. Гатовыя ў любы момант замясіць нас дубінкамі.

Ды толькі што ж ты, дзетачка, замесіш, калі я ўжо даўно замяшаны? Калі я замяшаны і народжаны ў гэтым чортавым Савецкім Саюзе, чый сапраўдны “інтэрнацыяналізм” на сваім жыдоўскім (прабачце хто, габрэйскім) носе адчуў ужо ў чацьвертай класе сярэдняй школы? За надпіс (што праўда, на помніку Ф.Э.Дзяржынскаму) AC/DC атрымаў прывод у дзіцячы пакой міліцыі, але і ўбачыў, як выглядае міліцыя сапраўды, а не ў кіно “Пятроўка, 38”?

Калі мяне намагаюцца зьбіць тры міліцыянты і не трапляюць па ворганах?

Калі мы з сябрам аднойчы ўдвая раскідалі тры патрулі маладых міліцыянтаў-ваяка-тэрміновых, а здаліся ў кайданкі толькі двум старым пузатым мянтам?

Калі мне ламае руку расейскі абдубашаны амфетамінам АМАПавец у 1996 годзе на плошчы Свабоды?

Калі я цябе пераканаў ужо ў турме – што ты хочаш яшчэ нада мной зрабіць?

Я пражыў жыцьцё. Мне яго не шкада. Мне цябе, дзетачка ў форме, не шкада.

Ты будзеш вішчэць за дзьвярыма маёй каморы №19 жодзінскай турмы №8, што хопіць сьмяяцца і гуляць у гульні ў словы.

Ты можаш нават уварвацца і выцягнуць усіх ка калідор, з рэчамі на выцягнутых руках – калісьці ў піянерскіх лягерах так было.

Ты можаш тры разы за ноч рабіць паверкі, шмон і потым не даваць спаць, дыхаць паветрам, душ ці што…

Ды толькі я пры змозе цябе набуду. За 30 папіросаў зь перадачы. За шакалад і каўбасу, што ты цягнеш з тых перадач, якія родныя нясуць сваім.

Я зьдзіўлены такой дэградацыяй. Я буду рады, калі ты, мой і Лэсьлі – умоўны “сьведка Яскевіч” чамусьці навучысья.

Турма – як лазьня.

Нажаль, турма – гэта канцэнтрат нашага грамадства зараз. Бо мы, нашае грамадзтва, нашчадкі і правапрыймальнікі таго БээСэСэРу ды эСэСэСэРу.

З турэмным успрыманьнем навакольля, калі нічога добрага не чакаеш ад волі.

Калі выйшаў па тэрміне – а нічога знаёмага. І прасьцей – назад. Туды, дзе зразумела, што ды як: пад’ём, гімн, сьняданак, праверка, прагулка і далей, па распрадку.

Ты сам насам. Ня толькі з сукамернікамі. З самім сабой. Ды голы для сабе. Голы ды шчыры.

Дзіўна, што менавіта ў турме вельмі цэняць і чуюць, які ты ёсьць. Калі ты не выдумляеш што, а такі, які ёсьць. Насамрэч. Прабачаць і баязьліўца. І недарэку. І хітравана. Хлуса не прабачаць. І даверлівага таксама.

Шмат тых, каму вельмі дарэчы турма.

Бо турма адмяняе адказнасьць за свае ўчынкі. Сеў, ды сядзі.

Цікава, зараз турмы выхоўваюць у людзей пачуцьцё адказнасьці. Каб больш не займацца вымярэньнем прасторы каморы. А выйсьці з гэтай “зоны камфорту”, як нам яе падаюць. Там можа і страшна. Але без кайданнага мінулага.

Павесяліла, калі прывёз квіток на аплату ў Жодзіна. За дзьвярыма забарыкадаваліся і пакуль я ціснуў на званок распавядалі, што мне не адчыняць, а я мушу ехаць праз квартал. Было сьмешна.)))

Люблю я песьню “Акварыюму” пра “Чыгуначную Ваду”. Менавіта так: “Я пишу свои песни в конце декабря. Голый, в снегу, при свете полной луны. Но если ты меня слышишь, наверное, это не зря».

Канец сьнежня, поўня во толькі прайшла.

Голы, у сьнезе, з торбай непатрэбных рэчаў і дзіўных непатрэбных успамінаў. Будзем глядзець. На карысьць. Як мінімум, сьвяткаваньне Новага Году.

Са Сьвятам усіх!)))

Аляксандар Памідораў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.