TOP

Чуткі і рэаліі візіта ў Іран

Па выніках двухдзённага візіту ў Іран Аляксандр Лукашэнка ацэніў вартасць дасягнутых дамоўленасцей на 100 мільёнаў долараў. Варта нагадаць:  штогадовы агульны таваразварот з гэтай краінай з 2011 года не перавышаў 150 мільёнаў долараў.

Каментуе эксперт па нееўрапейскіх рэгіёнах Яўген Красулін.

– Калі згадаць, якія перспектывы беларуска-іранскіх адносінаў малявалі гадкоў 15 таму, то гаворка ішла пра мільярд. Дык у колькі разоў чаканні знізіліся?.. Таму ў цэлым мы бачым сёння не эканамічны чыннік, а, хутчэй, жаданне прадэманстраваць, што Мінск ажыццяўляе актыўную знешнюю палітыку.

Вось, уласна, і усё, што можна сказаць пра іранскі візіт.

– Раней агучвалася версія, што Беларусі дадуць ролю ці зборачнага цэха, які пачне вырабляць кітайскую або іранскую зброю, ці проста калідора, праз які Кітай і Іран змогуць пастаўляць Расіі зброю. Ці мае гэта падставы?

– Давайце паглядзім на геаграфічную мапу і прыкінем, як з Кітая камплектуючыя цягнуць у Беларусь, а з Беларусі – у Расію. Тое ж самае з Іранам: іранцы вязуць праз Каспійскае мора камплектуючыя ў Расію, затым у Беларусь, каб ужо з Беларусі вярнуць гатовую зброю ў Расію. Схема выглядае не надта лагічна, куды прасцей кітайцам праз Хэйлунцзян перацягнуць гэтыя камплектуючыя – і хай Расія сама кляпае зброю на бязмежных абшарах Сібіры ці Урала. То бок, шукаць у Беларусі нейкі зборачны цэх не выпадае.

Беларусь колісь лічылася “зборачным цэхам Савецкага Саюза”, такое досыць папулярнае клішэ існавала, але гэта было колькі год таму! З таго часу заводы ўжо настолькі “запушчаныя”, што там няма не толькі абсталявання, каб кляпаць сучасную зброю, там і кадраў ужо не знойдзеш, каб гэта ажыццявіць. Так што пужалкі пра тое, што такім чынам Беларусь будзе задзейнічана ў вайне супраць Украіны, не выглядаюць імавернымі.

– Лукашэнка за апошні месяц праехаўся па маршруце ААЭ-Зімбабвэ-Кітай-Іран. Які ў тым інтарэс афіцыйнага Мінска?

– Іран і Кітай – чыстая палітыка, дэманстрацыя прысутнасці ў міжнароднай павестцы.

ААЭ і Зімбабвэ – тут больш піковы інтарэс. Зімбабвэ – гэта не пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, хаця, канешне, супер, каб Беларусь пастаўляла сваю сельскагаспадарчую прадукцыю: у Зімбабвэ ёсць на яе попыт, ёсць попыт на будаўніцтва інфраструктуры і многае іншае, чым беларусы маглі б дапамагчы. Але, зноўку, як толькі гаворка заходзіць пра пастаўку машынаў – адразу скандал: згадайце хоць бы закупку пажарных машынаў з боку Зімбабвэ. І не толькі: Кенію таксама захліснуў скандал з набыццём беларускіх трактароў.

Што тычыцца ААЭ – гэта хаб, праз які на сусветныя рынкі ідуць у тым ліку і каштоўныя камяні. Такім чынам вымалёўваецца відавочны ланцуг паставак: спачатку едзем у Зімбабвэ, дзе каштоўныя металы і камяні знаходзяцца, а затым накіроўваемся ў ААЭ, дзе знаходзіцца хаб, праз які здабытае ў Зімбабвэ мы і прадаем. Вось тут сапраўды прысутнічаюць пэўныя фінансавыя інтарэсы.

– Кажуць і такое: афіцыйны Мінск усё больш і больш упісваецца ў кітайскі вектар геапалітыкі. І візітам у Іран Лукашэнка выступае нібыта правадніком кітайскіх інтарэсаў.

– Я думаю, Кітай можа абраць іншых праваднікоў сваіх інтарэсаў. Пра што сведчыць, напрыклад, аднаўленне дыпламатычных адносінаў паміж Саўдаўскай Аравіяй і Іранам? Калі паглядзець, што адбываецца ў зоне Персідскай затокі, паміж Іранам і арабскім светам, то аднаўленне дыпламатычных адносінаў паміж Саўдаўскай Аравіяй і Іранам спрацавала як каталізатар: потым Мальдзівы, потым шэраг іншых краін пачалі размаўляць пра тое, што трэба аднаўляць адносіны з Іранам. Шмат хто не верыў у магчымасць стасункаў паміж шыіцкім і суніцкім светам. З аднаго боку, гэта можа сапраўды стаць пачаткам тыктанічнага перафарматавання сітуацыі ў зоне Персідскай затокі і ўвогуле на Блізкім і Сярэднім Усходзе. З іншага боку, гэта можа быць аднамомантным усполахам, які не мае стратэгічных наступстваў. Адна справа – прадэманстраваць такім чынам сваё “фэ” Злучаным Штатам Амерыкі: мы такія самастойныя ў знешняй палітыцы, так што амерыканцы – ідзіце лесам, мы з кітайцамі будзем цяпер сябраваць.

Але ёсць некалькі момантаў, якія сведчаць супраць гэтага. Па-першае, супярэчнасці паміж шыізмам і сунізмам не расціснеш пальцам – яны налічваюць больш за тысячагадовую гісторыю. З другога боку, матывацыя: тыя ж саўдыты дэманструюць жаданне быць больш самастойнымі на знешнепалітычнай арэне, каб ім ніхто не дыктаваў сваю волю. Але гэта толькі да таго часу, пакуль Кітай не пачне дыктаваць сваю волю. А выглядае так, што Кітай гатовы дыктаваць гэтую волю. Пакуль саўдыты не нарвуцца на такую дыктоўку, яны могуць дэманстраваць сваю незалежнасць Злучаным Штатам, але як толькі нарвуцца – тут жа прыгадаюць, што з’яўляюцца адным з бліжэйшых саюзнікаў Вашынгтона.

Трэба яшчэ паглядзець, як у такой сітуацыі будзе пачувацца Ізраіль. Падобна на тое, не надта добра пачуваецца.

Пакуль настроі ў каментатараў сітуацыі досыць супярэчлівыя, таму варта паглядзець, як далей будуць разгортвацца падзеі.

Беларусь, натуральна, ніякай ролі пасярэдніка, ніякай ролі ўдзельніка палітыкі на Блізкім і Сярэднім Усходзе пакуль не адыгрывае. І не думаю, што будзе адыгрываць далей.

Такім чынам, гэты ваяж не прынёс нічога, гэта сведчыць толькі пра набліжэнне да лагера аўтарытарных рэжымаў.

Прапагандзе, канешне, турнэ дало каласальны плюс, каласальны профіт: усе незалежныя СМІ толькі і казалі, што пра гэтыя візіты. Прамоўшн галоўнага суб’екта афіцыйнай прапаганды безумоўна атрымаўся, бо яна прыцягнула чужыя рэсурсы для гэтага.

І, уласна кажучы, усё.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.