TOP

«ПРАКУРАТУРА ПАТРАБУЕ ПАРУШЭНЬНЯ ЗАКОНУ?»

13 верасьня рэдактара «Прэсболу» Ўладзімера Беражкова зноў выклікалі ў міліцыю Маскоўскага раёну Менску.

Гэта было зроблена паводле рашэньня менскай гарадзкой пракуратуры. Ад журналіста чакалі тлумачэньняў адносна крыніц зьвестак пра бюджэт хакейнага клюбу «Дынама-Мінск», якія ён агаласіў у траўні ў інтэрвію «БелГазэце».

Уладзімер Беражкоў адмовіўся называць свае крыніцы, спаслаўшыся на закон «Аб сродках масавай інфармацыі». У камэнтары «Свабодзе» Ўладзімер Беражкоў сказаў: «Паводле закону журналіст мусіць захоўваць канфідэнцыйнасьць інфармацыі. А пракуратура, напэўна, патрабуе парушэньня закону, так можна меркаваць? Бо раней міліцыя ўжо праводзіла наконт гэтага праверку, у выніку якой зьявілася пастанова аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы.

Але вось пасьля гэтага мінула два месяцы, і пракуратура абскардзіла тую пастанову ды празь міліцыю спрабуе высьветліць у журналіста крыніцы, зь якіх ён атрымаў інфармацыю. Гэта абсурд. Атрымліваецца, што орган, які мусіць назіраць за выконваньнем законаў, сам просіць міліцыю парушыць закон? Вось мой камэнтар».

Пасьля зьяўленьня інтэрвію Ўладзімера Беражкова генэральны дырэктар хакейнага клюбу «Дынама-Мінск» Аляксей Торбін напісаў на журналіста заяву з абвінавачваньнямі ў распаўсюдзе наўмысна хлусьлівай інфармацыі і ў паклёпе. Празь месяц пасьля праверкі начальнік РАУС Маскоўскага раёну Мікалай Назараў у завядзеньні крымінальнай справы адмовіў.

Алег ГРУЗЬДЗІЛОВІЧ, Радыё Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.