TOP

ЧАГО НЕ ХАПАЕ «НОВЫМ» ПЛАНАМ ПА МАДЭРНІЗАЦЫІ ЭКАНОМІКІ БЕЛАРУСІ?

Той, хто мае найноўшыя тэхналогіі зусім не абавязкова будзе найбольш канкурэнтным вытворцам — пра гэта дырэктар Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджмента Аляксандр Чубрык. 

— Чаму беларускія ўлады заняліся мадэрнізацыяй менавіта цяпер?

— Апошнім часам беларуская мадэль росту відавочна дасягнула пэўных межаў. На працягу 15 гадоў рост паступова запавольваўся. А потым быў першы крызіс 2009 года, звязаны с глабальным, за ім другі, 2011 года. Вось менавіта тады і паўстала ідэя мадэрнізацыі, нібыта як адказ на крызісныя праявы.

2011 год наогул быў багаты на ідэі. Тады ўрад падыйшоў даволі блізка да размоў пра структурныя рэформы, развіццё прыватнага сектару. Але потым было сказана, што эканамічны рост павінен быць 5-5,5%, Мясніковіча абазвалі «рыначнікам» і ўсё спынілася. Замест гэтага з’явілася ідэя мадэрнізацыі.

Сапраўды, выглядае так: ўсё, што рабілася раней, зараз назвалі іншым словам. Былі інвестыцыі, стала мадэрнізацыя. Толькі фокус трошкі пасунуўся: раней кутным камянём было будаўніцтва, зараз — тыя ж інвестыцыі, толькі ўжо ў аднаўленне вытворчых фондаў.

Між тым за апошнія гады шмат на якіх дзяржаўных прадпрыемствах асноўныя фонды даволі істотна аднавіліся.

— І ці дае гэтае аднаўленне аддачу?

— Па-рознаму. Ёсць прыклады, калі гэта давала добрыя вынікі, як у нафтаперапрацоўцы. Але ёсць і шмат выпадкаў, дзе вынікаў не было, нягледзячы на тое, што на аднаўленне выдаткоўваліся вялікія грошы, у тым ліку і крэдытныя.

Калі мадэрнізацыя рабілася за крэдытныя грошы, далёка не ва ўсіх выпадках прадпрыемствы атрымалі пасля пераабсталявання такую рэнтабельнасць, якая дазволіла б абслугоўваць гэтыя крэдыты ды яшчэ мець прыбытак. Прадпрыемствы нярэдка не маглі загрузіць новыя магутнасці, бо на іх прадукцыю не знайшлося попыту, ці патрапілі ў пастку дзяржаўнага рэгулявання адпускных коштаў і апынуліся стратнымі.

Ды ці мала было прычынаў, што зрабілі ранейшую мадэрнізацыю неэфектыўнай? Але ж на яе былі выдаткаваныя вялікія дзяржаўныя грошы.

І з бягучай мадэрнізацыяй шмат пытанняў наконт таго, дзе дзяржава возьме грошы, каб рэалізаваць такія буйныя планы.

— Ну вось звяртаемся да Расі і па грошы… Але чаму папярэднія спробы пераабсталявання ў шэрагу выпадкаў не давалі станоўчых вынікаў і ці ўлічаны адмоўны досвед зараз, каб не паўтарыць тых самых памылак?

— Вось як працуе звычайны рынкавы стымул. Спачатку ёсць ідэя — ці новага рынку, ці інтэграцыі на ўжо існуючы. То бок ты ўжо ведаеш, што і як будзеш рабіць і ў чым будзеш лепшы за канкурэнтаў. І пад гэтую ідэю ты шукаеш фінансаванне.

У нас у краіне ўсё працуе інакш. Дзяржаўным прадпрыемствам кажуць: трэба мадэрнізавацца, мы вам дадзім грошы. Ад вас неабходныя планы. Гэта ж зусім іншы стымул. Ці трэба ў такіх умовах моцна клапаціцца пра вынік?

Да таго ж пра што пытаюць у кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства? Ці расце вытворчасць, ці расце заробак, ці няма скарачэнняў працоўных — вось гэтыя тры рэчы былі і застаюцца падмуркам дзейнасці дзяржпрадпрыемства. Прыбытку і эфектыўнасці сярод іх няма. Такая мадэрнізацыя працуе ў абмежаваным коле галінаў. Як у той жа нафтаперапрацоўцы, дзе сусветны рынак лёгка паглыне дадатковы аб’ём нафтапрадуктаў.

А вось на больш канкурэнтных рынках усё нашмат больш складана. Тут трэба ўмець прадаваць. А дзеля гэтага мець зусім іншыя стымулы.

Таму і ідэю з мадэрнізацыяй нельга разглядаць як нешта новае. Хутчэй гэта названы іншым словам працяг той самай палітыкі, якая ладзілася раней.

— Але ж ёсць накірунак — падрыхоўка кадраў. Вось гэта і будуць спецыялісты, якія рынак даследуюць, ідэю знойдуць і бізнес-план распрацуюць?..

— А чаму гэтыя цудоўныя кадры застануцца ў дзяржаўным сектары, а не пойдуць у прыватны ці не з’едуць у Расію?

— Ну, напрыклад, прызначыць ім у рамках той жа мадэрнізацыйнай праграмы добры заробак.

— І да чаго ён будзе прывязаны? Да вынікаў? Якія ў іх будуць стымулы, бо менавіта ў гэтым галоўнае пытанне. Гэта прадпрыемства — не іх уласнасць. Падрыхтоўка кадраў не вырашае праблемы стымулаў.

Вось, напрыклад, дзяржаўныя банкі. Яны зрабілі рэбрэндзінг, у іх ёсць прыгожыя лагатыпы, шыкоўная рэклама. Але яны як крэдытавалі стратную сельскую гаспадарку, так і крэдытуюць. Роля дзяржавы як была дамінуючай, так і засталася. Ці сталі гэтыя банкі больш эфектыўнымі? Хіба толькі ў дробязях. Нават тыя добрыя кадры, што там ёсць, не маюць магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял.

— Па словах Пятра Пракаповіча, які курыруе пытанні мадэрнізацыі, больш за пяць тысяч беларускіх прадпрыемстваў ужо маюць праграмы мадэрнізацыі і пачалі іх рэалізоўваць. Можна зрабіць выснову, што у гэтых прадпрыемстваў ёсць бізнес-планы. Але хто і як іх ацэньвае?

— Вось, бачыце, ужо парушана паслядоўнасць — у нас спачатку грошы, потым бізнес-план, які ацэньвае дзяржава. Відавочна, пэўныя крытэрыі ацэнкі ёсць. Але цяжка сказаць наколькі яны эфектыўныя: мы не маем дастаткова інфармацыі.

Мяркую, ёсць сектары, якія пры больш-менш удалай мадэрнізацыі змогуць выдаткаваць грошы адносна эфектыўна. Напрыклад, энергетыка. Калі ўлады мадэрнізуюць энергетыку і тыя прадпрыемствы, якія з’яўляюцца найбуйнейшымі спажыўцамі энергетычных прадуктаў, павысяць іх энергаэфектыўнасць, гэта будзе вялікі ўнёсак у паляпшэнне становішча. Там новае абсталяванне будзе сапраўды эфектыўным. А пакуль танны газ у нас выкарыстоўваецца неэфектыўна: выдаткі на вытворчасць электраэнергіі проста шалёныя ў параўнанні з коштамі, па якіх мы набываем у Расіі энерганосьбіты.

Важна, што мадэрнізацыя, якая зараз вядзецца, скіраваная на стымуляванне эканамічнага росту. Хаця больш карысці было ў тым, каб браць накірункак на эканомію і эфектыўнасць. У той жа энергетыцы можна было б шукаць дапамогі ў міжнародных донараў, бо праекты па энергаэфектыўнасці фінансуюцца даволі ахвотна.

— Яшчэ адзін істотны момант: дзе браць новыя тэхналогіі? На Захадзе ці на Усходзе? Ці прададуць нам нешта насамрэч інавацыйнае? Ці гэта павінны быць уласныя распрацоўкі?

— Самае істотнае нават не гэта. Галоўнае пытанне: ці будзе найбольш канкурэнтным вытворцам той, хто мае найноўшыя тэхналогіі? Зусім не абавязкова. Не менш важна, наколькі эфектыўна арганізаваны ўвесь працэс, а не толькі вытворчасць.

Другі момант: калі мы маем прыватніка, які пачынае з ідэі, ён вызначае, якая тэхналогія для яго аптымальная. Магчыма, не зусім новая, але тая, што найбольш эфектыўна дапаможа яму зарабляць грошы .

І трэцяе. Дапусцім, мы набылі новае абсталяванне. Але ж яно не ўнікальнае, яно дзесці ў кагосці таксама працуе. Канкурыраваць мы будзем усё роўна не па якасці абсталявання, а па тым, як наладжаны ўвесь працэс.

Таму пытанне не ў тэхналогіях, не ў абсталяванні, а перш-наперш ва ўмовах. Але гэта ужо пытанне эканамічнай палітыкі, а не мадэрнізацыі.

— Ці звярталіся ўлады, рыхтуючы праграму мадэрнізацыі, па дапамогу ці прапановы да незалежных экспертаў, у прыватнасці, да ІПМ?

— Што тычыцца мадэрнізацыі, то да нашага Даследчага цэнтра ніхто не звяртаўся. Хаця было б добра, калі б у той жа справе мадэрнізацыі меў месца дыялог з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу, якім на самой справе ёсць што казаць.

— А што тычыцца дапамогі з боку Еўразвязу ? Гэта маглі б быць як вытворчыя, так і арганізацыйныя тэхналогіі. Ці магчыма супрацоўніцтва ў гэтым накірунку у межах таго ж Усходняга партнёрства, ці «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю»?

— Слова «мадэрнізацыя» вельмі шматзначнае. Калі казаць пра ініцыятыву «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю», то там гаворка ідзе пра змены накірункаў развіцця, сацыяльна-эканамічнай мадэлі наогул. Гэта хутчэй пра рэформы. А дзяржаўная мадэрнізацыя — гэта замена вытворчых фондаў і крыху менеджмента. Магчыма, гэта — адна з прычынаў таго, чаму гэты дыялог у выніку не атрымліваецца.

У рамках «Дыялогу» хутчэй трэба было б гаварыць пра праграмы тэхнічнай дапамогі — і з урадам, і з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці па канкрэтных накірунках. І вырашаць канкрэтныя праблемы з удзелам еўрапейскіх і беларускіх экспертаў. Але ж адносіны з Еўразвязам зараз не на тым узроўні, каб разважаць пра карысны і правільны фармат. Хаця такая тэхнічная дапамога (як паказвае досвед супрацоўніцтва з Сусветным банкам, і МВФ) была б вельмі карысная для нас.

Пётр СТАРОБІНЕЦ, Zautra.by

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.