TOP

Падтрымаем ініцыятыву «Ўтульны край»!

Часта прыходзіцца выслухоўваць розныя скаргі жыхароў горада на якасць жыллёва-камунальных паслуг. Паколькі ўсё ж побытавае жыццё гараджан аблегчана камунальнымі паслугамі, вырашыла для параўнання пацікавіцца клопатамі, стандартамі жыцця вяскоўцаў.

Для падарожжа з сябрамі выбралі вёскі Грозаўскага сельскага савета Капыльскага раёна, які знаходзіцца адначасова і ў цэнтры Беларусі, і ў глыбінцы. Аграгарадок Грозаў месціцца амаль на мяжы з Слуцкім раёнам. Землі тут урадлівыя, сенакос вырастае ў рост чалавека.

Дзіўна толькі, што ўрадлівасць зямель цяпер негатыўна адлюстроўваецца на знешнім выглядзе навакольных вёсак. На пустуючых землях квітнее і рассыпае семя рознае пустазелле, скрозь можна ўбачыць участкі, якія больш напамінаюць узлескі, але не вясковыя сядзібы.

Куды б нi прыехалі — у Слабодцы, Дубейкі, Аксамі, Балгавічы, Яўсеевічы і нават у аграгарадок Грозаў, людзі скардзіліся: не косяцца пустуючыя ўчасткі і ўчасткі вуліц, якія прымыкаюць да закінутых сядзіб. (Згодна з заканадаўствам, функцыі гаспадароў на гэтых землях павінна выконваць дзяржава.)

Шчыруючы на сваіх кавалках зямлі, тутэйшыя гаспадыні ўпрыгожылі іх кветкамі, аздабляюць рознымі цікавымі вырабамі і з сумам паглядаюць на здзічэлыя суседнія «джунглі», якія з’яўляюцца рассаднікам небяспечных для здароўя кляшчоў і камароў. Нярэдка ў вёскі прыходзяць і лясныя госці: дзікі, лісы.

Жыццё тут — гэта змаганне за штодзённае існаванне.

Вось бабулька са Слабодкі паказвае на вялізную лужыну — наўпрост пасярод дарогі.

— Крамы ў нас даўно няма, прыязджае аўталаўка, — гаворыць Алена Пятроўская. — А як вады дождж налье, то не хоча ехаць. Аўтобус сюды ніколі не хадзіў, а зараз і дзеці з цяжкасцю даязджаюць. Зрабі нам, дзіцятка, каб дарога была лепшая, ды каб абкасілі хаця б абочыны вуліц. Бо хутка не пазнаходзім адзін аднаго ў гэтым гушчары.

Тая ж праблема і ў Яўсеевічах ды Балгавічах. Некалі тут віравала жыццё, нават быў асобны калгас, існавалі васьмігадовая і пачатковая школы. З-за малых заробкаў і побытавай няўтульнасці моладзь пакінула сёлы. Нягледзячы на гэту акалічнасць, тут шмат упарадкаваных гаспадарак, ёсць і адносна маладыя людзі, якія пакінулі гарады і вярнуліся дадому.

У акуратных палісадніках вока прывабліваюць разнастайныя кветкі, у многіх вяскоўцаў нізка пакошана траўка ў садах, як у гарадскіх парках. Праблема №1 — адсутнасць сувязі з абласным цэнтрам. Яшчэ некалькі гадоў таму назад сюды хадзілі аўтобусы з Мінска, Слуцка. Цяпер толькі раз на тыдзень з райцэнтра.

Галіна Мікалаеўна — пажылая «дачніца», даглядае бацькоўскі дом і жыве ў Яўсеевічах з ранняй вясны да позняй восені. Алена Васільеўна Дарашэвіч усё жыццё адпрацавала ў мясцовым калгасе. Абедзве не хаваюць абурэння:

— На лядовыя палацы грошай у дзяржавы хапае, а на аўтобус з Мінска няма. Мы многага не хочам: хай бы хадзіў два разы на тыдзень, прывозіў у пятніцу людзей і адвозіў… Не ўсе ж багатыя, ды й паліва ўсё даражэе. Дзяржаўныя стандарты разлічаны толькі на гарады, а вяскоўцы жывуць як у нейкім зачыненым гета. Каб куды выехаць — трэба ісці 3 — 5 кіламетраў пешкі да бліжэйшай аўтатрасы.

— Лекаў не купіць, доктара няма, крамы няма, пры былым старшыні сельвыканкама быў сацыяльны дом у Яўсеевічах, а цяпер нічога, вуліцы не абкошваюцца — нейкі каменны век. Дарэчы, таксоўкі, якія едуць з Капыля на Мінск, можа, калі б і заехалі сюды. Дык жа няма дарогі. Некалі паклалі асфальт, аднак ён даўно разваліўся.

Жыхары наступнай вёскі Балгавічы амаль слова ў слова паўтарылі ўсё вышэйапісанае. Хоць вяскоўцы мала вераць у магчымасць чагосьці дабіцца, але з радасцю згадзіліся пазбіраць подпісы пад калектыўным зваротам у Капыльскі райвыканкам.

З Балгавічаў накіраваліся ў аграгарадок Грозаў праз маленькую вёску з прыгожай назвай Аксаміты. З прыкладна 28 сядзіб сем дамоў ужо даўно пакінутыя. Астатнія двары дагледжаныя: кветкі, каменныя горкі месцяцца ўздоўж платоў прама на вуліцы.

Тутэйшыя баяцца, што на зарослых здзічэлых сядзібах можа ўкараніцца баршчавік Сасноўскага. Для Грозава гэта сапраўдная экалагічная катастрофа. Нягледзячы на разрэкламаваныя праграмы барацьбы з небяспечнай раслінай, у гэтым годзе фінансавыя сродкі не выдаткоўваліся, і яна працягвае сваё пераможнае шэсце.

Пагутарыўшы з людзьмі, мы прапанавалі паспрабаваць паўдзельнічаць у вырашэнні праблем. Вяскоўцы з радасцю згадзіліся пазбіраць подпісы пад калектыўнымі зваротамі аб адкрыцці лазні, рамонце дарог, ліквідацыі плантацыі баршчавіка, ачысткі супрацьпажарнага вадаёма.

У сваю чаргу я пабывала на прыёме ў старшыні Капыльскага райвыканкама і старшыні райсавета.

Кіраўнікі абяцалі разгледзець вышэй апісаныя праблемы, аднак скардзіліся на адсутнасць належнай фінансавай базы.

Атрымліваецца, што на будаўніцтва аграгарадкоў дзяржава знайшла грошы, а далейшы іх лёс пусціла на самацёк. Я ўжо не гавару пра малыя вёскі, якія і патрэбна было б развіваць замест выкідвання грошай у прорву.

Чыноўнікі павінны зразумець: краіна Беларусь — гэта не толькі сталіца Мінск, але і вёскі. Яны існуюць і ў бліжэйшым будучым не будуць зруйнаваны, бо там працягваюць жыць людзі, асабліва ў летні час. Значыць, законы, якія ёсць на паперы ў адносінах да вясковых людзей, трэба выконваць і ўдасканальваць у лепшы бок. А задача грамадскіх актывістаў — заставіць кіраўніцтва ўспомніць пра вёску.

Некалькі слуцкіх і капыльскіх актыўных людзей вырашылі заснаваць ініцыятыву «ўтульны край» і паспрабаваць дапамагчы сялянам зрабіць іх нялёгкае жыццё больш утульным.

Зінаіда ЦІМОШАК

Фото: kurjer.info

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.