• Погода
  • +10
  • EUR3,0619
  • USD2,5327
  • RUB (100)3,4062
TOP

Belsat.eu: цяпер і па-руску

Тое, як незалежны канал увайшоў у новы тэлесезон, ужо выклікала розгалас сярод яго гледачоў. Рэч у тым, што на сайце з’явілася рускамоўная версія. Некаторыя гледачы палічылі: гэта ледзьве не адыход ад беларусізацыйнай місіі, іншыя пярэчаць ім — такі ход акурат паспрыяе яе выкананню і пашырыць аўдыторыю.

Вяшчанне доўжыцца ўжо амаль 7 гадоў. Праз спадарожнік Astra 4A. На шляху ў кабельныя сеткі ў Беларусі было запалена «чырвонае святло». Таму пашырэнне глядацкай аўдыторыі — даўняе актуальнае пытанне.

Дырэктарка канала Агнешка Рамашэўская-Гузы кажа, што з новага — не толькі запуск рускамоўнай версіі сайта belsat.eu:

«Наша інтэрнет-старонка стане паўнавартасным мультымедыйным парталам, з большай колькасцю ўласных матэрыялаў, чымсьці цяпер. Belsat.eu — не тыповы сайт тэлеканала. Ён не ёсць адлюстраваннем, пераказам эфіру — гэта асобны інтэрнет-рэсурс, які папросту блізка звязаны з намі.

Таксама нанова арганізуецца наўпроставая онлайн-трансляцыя на сайце таго, што ідзе ў тэлеэфіры.

«Такім чынам, беспраблемна глядзець канал цяпер можна будзе, нават не маючы з тых альбо іншых прычын «талеркі» — спадарожнікавай антэны. Дастаткова мець любы дэвайс з інтэрнет-сувяззю».

Але ж даводзілася чуць нараканні на відэаплэер на сайце belsat.eu…

«Мадэрнізацыя сайта дазволіла зрабіць яго сучасным што да магчымасцяў наведнікаў, — адказвае на гэта спадарыня Агнешка. — Таму мы спадзяёмся на рост колькасці карыстальнікаў — гледачоў і чытачоў. Паўтаруся: мы гарантуем зручны прагляд трансляцыі на любым дэвайсе — ад мабільнага тэлефона да ноутбука. Ну і, натуральна, не забываемся пра змест: тэлеканал будзе станавіцца больш інфармацыйным і больш аналітычным праз публіцыстычныя перадачы. Намагаемся рэагаваць на змены ў чаканнях гледачоў і вострыя геапалітычныя варункі ў нашым рэгіёне».

Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік аддзела навін дадае: год таму ніхто не думаў, што сёння мы будзем назіраць за вайной не дзесьці там далёка ў Афрыцы ці Азіі, а ў Еўропе, прычым у нашых суседзяў:

«Да таго, што адбываецца і многімі ўхваляецца, прыклала руку расейскае прапагандысцкае тэлебачанне. Прычым гэтыя каналы ідуць у Беларусі.

І гэта тычыцца, на жаль, не толькі ўкраінскай тэмы. У такіх умовах вельмі важная роля незалежных крыніцаў інфармацыі. І мы намагаемся быць такім тэлебачаннем».

Ці азначае стаўка на інфармацыйнасць і публіцыстыку тое, што фільмаў стане меней? Бо канал адзначаюць за якасную беларускую кінадакументалістыку і паказ сусветна вядомых мастацкіх стужак у перакладзе на беларускую мову, што ёсць эксклюзівам.

«Так, беларускае дакументальнае кіно — гэта адзін з нашых падмуркаў. Тут застанецца прыярытэт. Будзем паказваць і мастацкія фільмы, бо гэта спрыянне распаўсюду беларускай мовы і культурніцкае вакенца ў свет. Аднак фільмы — не галоўнае ў эфіры інфармацыйна-публіцыстычных каналаў. Таму серыялаў, у прыватнасці польскіх, стане нашмат менш. Тут мы звяртаем увагу на меркаванне нашых гледачоў: нядаўняе сацыялагічнае апытанне засведчыла, што яны чакаюць ад нас найперш інфармацыйных і публіцыстычных праграмаў», — кажа кіраўніца Агнешка Рамашэўская-Гузы.

І зазначае, што гледачы тэлеканала могуць дзяліцца праблемнымі тэмамі і навінамі: нядаўна запрацавала гарачая лінія (+37529-120-51-36, Velcom).

Андрэй ЦЯПЛОЎ