TOP

Ірына Брэль: «Фільм пра гвалт у сям’і — мой спосаб прыцягнуць увагу да праблемы сотняў тысяч беларусак»

У пошуках сябе яна перакваліфікавалася з эканаміста ў рэжысёра відэафільма. Папрацаваўшы над увасабленнем чужых ідэй, яна вырашыла, што самае каштоўнае — магчымасць адстойваць і рэалізоўваць свае. А выправіўшыся ў самастойнае творчае плаванне, зняла і выпусціла ў пракат поўнаметражны мастацкі фільм, прысвечаны праблеме гвалту ў сям’і, — прытым без капейкі спонсарскіх грошай! 

У гутарцы з рэжысёрам Ірынай Брэль мы высвятляем, чаму людзі мастацтва згаджаюцца працаваць за ідэю, без заробку. Ці заўсёды спонсарская дапамога — карысць для творчага праекта? Чаму беларусам зручна не заўважаць сацыяльных праблем і як прымусіць іх паглядзець праўдзе ў вочы. Ці можна вырашыць праблему сямейнага гвалту раз і назаўсёды і чаму яна так трывала ўкаранілася ў нашым грамадстве? Інтэрв’ю спецыяльнага праекта «Будзьма беларусКамі!»

Ирина Брель 1

— Беларускія жанчыны вельмі ўстойлівыя, вось толькі стойкасць гэтая выяўляецца часам парадаксальным чынам. Вельмі многія беларускі ў сямейным жыцці пакутуюць ад розных формаў гвалту: фізічнага, псіхалагічнага, фінансавага — але церпяць, маўчаць пра свае праблемы, нараджаюць па некалькі дзяцей ад мужа-тырана. Я ведаю шмат такіх прыкладаў і часта, слухаючы гісторыі такіх жанчын, лаўлю сябе на думцы, што не вытрымала б і паловы таго, што ім давялося перажыць. А яны, нягледзячы ні на што, усё ж захоўваюць сям’ю — дзеля дзяцей, праз агульную жылплошчу, спадзеючыся, што ўсё зменіцца да лепшага… Мая бабуля казала: калі ёсць праблема ў шлюбных адносінах, трэба цярпець і дараваць, бо муж — на ўсё жыццё. Вось гэтая перакананасць у неабходнасці цярпець і дараваць закладзеная ў нашых жанчынах як частка менталітэту, а некаторыя нават вераць у прымаўку «Б’е — значыць, любіць».

— Няўжо беларускі да гэтага часу так думаюць?

— Так, асабліва ў сельскай мясцовасці. Хоць, магчыма, яны проста так сябе суцяшаюць, не ў стане сысці ад мужа. Трэба памятаць, што на сяле без мужчынскіх рук практычна немагчыма ўтрымліваць гаспадарку. Да таго ж у вёсцы асаблівыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі: усё ва ўсіх на вачах, там не прынята «выносіць смецце з хаты». У горадзе іншая сітуацыя: тэарэтычна жанчына можа абыходзіцца і без мужчыны. Але калі яна, напрыклад, сыходзіць ад мужа-тырана і застаецца адна з дзецьмі, хто ёй дапаможа іх выхаваць, забяспечыць? Не ў кожнай ёсць побач родныя і сябры, гатовыя падтрымаць і рэальна дапамагчы. Многія жанчыны баяцца апынуцца сам-насам з уласнымі праблемамі, лічачы сваю сітуацыю бязвыхаднай, таму ахвяруюць псіхалагічным камфортам і нават сваёй бяспекай.

— Не раз чула ад людзей, занепакоеных пытаннямі хатняга гвалту, што большасць жанчын не спрабуе прасіць дапамогі, хаваючы свае праблемы. Чаму так?

— Ёсць некалькі прычын: па-першае, людзі ў нас саромеюцца ўласных няўдач — усё ж хочуць выглядаць у вачах навакольных моцнымі, шчаслівымі, паспяховымі. Па-другое, звярнуўшыся па падтрымку, можна не знайсці належнай абароны, а толькі выклікаць яшчэ большую агрэсію з боку мужа. На шчасце, сёння мы, жанчыны, сталі трошкі мацнейшымі, мы паднялі галаву і кажам: так не павінна быць, мы не хочам трываць прыніжэнне. Але перакананасць у тым, што гвалт у сям’і — ненармальна, прыходзіць не да ўсіх адразу, тут ёсць вострая праблема, пра якую абавязкова трэба гаварыць. Між тым, калі мой фільм выйшаў у пракат, многія скептычна заяўлялі, што тэма збітая і ў ёй няма ніякай актуальнасці.

Ирина Брель 2

— Але вы ўсё ж звярнуліся менавіта да яе.

— Так, таму што да праблемы трэба прыцягваць увагу, трэба ўсім разам разбірацца, чаму ў нас сітуацыя з гвалтам у сям’і не паляпшаецца з часам, а наадварот. Нашыя людзі схільныя не заўважаць многіх сацыяльных праблем. Не тое каб яны не хацелі дапамагчы тым, хто апынуўся ў складанай сітуацыі, проста значна лягчэй адгарадзіцца ад негатыўных з’яваў. Вядома, сёння, калі ў эканоміцы ў нас усё дрэнна, кожны імкнецца як мага больш зарабіць для сябе і сваёй сям’і, людзі ўсё больш думаюць, як пракарміцца, яны зрабіліся больш азлобленымі. «Мая хата з краю», — кожны ў сваім свеціку, у сваёй «хатцы», і ў кожнага свае абставіны, свае складанасці. Навошта задумвацца яшчэ і пра чужыя? Што мне да таго, што ў суседкі сіняк пад вокам? Хай самі разбіраюцца…

Я пераканалася ў правільнасці сваіх назіранняў, размаўляючы з прадстаўнікамі беларускай грамадскай арганізацыі, якая займаецца праблемамі жанчын, што пацярпелі ад гвалту ў сям’і. Яны былі б радыя любой дапамозе ад грамадзян — грашовай, валанцёрскай. Мы з імі сумесна арганізавалі паказ майго фільма, і яны мяне вельмі дзякавалі за ўдзел, за маральную падтрымку, але адзначалі, што ў цэлым нашыя людзі, на жаль, не імкнуцца садзейнічаць такім ініцыятывам — даводзіцца шукаць фінансавую падтрымку за мяжой.

Image 3941

— А як жа нашая дзяржава? Хіба яна не зацікаўленая ў вырашэнні праблемы гвалту ў сям’і?

— Я ведаю, што дзяржаўныя сацыяльныя службы ствараюць прытулкі і пакоі часовага знаходжання для пацярпелых жанчын, і сёння такіх шэлтэраў  у Беларусі некалькі дзясяткаў. Але ці многія ведаюць пра магчымасць скарыстацца такой формай дапамогі? Пэўны час таму ў нас была вялікая інфармацыйная кампанія па абароне правоў спажыўца, людзям паўсюль, рознымі спосабамі нагадвалі пра тое, што трэба патрабаваць чэк, набываючы тавар. І людзі пачулі і засвоілі. Я думаю, у барацьбе супраць хатняга гвалту неабходны такі ж прынцып. Жанчына павінная ведаць, куды і як звярнуцца, калі яна трапіла ў падобную сітуацыю, трэба, каб паўсюль гучалі адрасы і тэлефоны, схемы дзеянняў. Але і гэтага недастаткова: патрэбен комплексны падыход, змены ў заканадаўстве. Паглядзіце, як ідуць справы ў Заходняй Еўропе ці Амерыцы: там прыніжэнне гонару і годнасці чалавека, не кажучы ўжо пра рукапрыкладства, маюць вельмі сур’ёзныя прававыя наступствы. А ў нас — практычна ніякіх.

— Якую абарону ў нас атрымлівае жанчына, звярнуўшыся ў праваахоўныя органы?

— Калі муж буяніць, яго могуць забраць на суткі-двое максімум. Калі зафіксаваны факт нанясення цялесных пашкоджанняў — на крыху большы тэрмін. Чалавека затрымаюць, накладуць адміністрацыйнае спагнанне (хто, дарэчы, будзе плаціць гэтае спагнанне?), але потым ён усё роўна вернецца дадому і, з вялікай імавернасцю, усё пачнецца зноўку, калі не стане яшчэ горшым. Таму многія жанчыны адмаўляюцца заяўляць у міліцыю пра факты гвалту ў сям’і альбо забіраюць заяву, не даводзячы працэс да канца.

— Давайце ўявім, што ў вас з’явілася магчымасць прапанаваць ураду план дзеянняў па рашэнні праблемы гвалту ў сям’і. Якім бы ён быў?

— Па-першае, вельмі важна разумець, што гэтая праблема не існуе сама па сабе — яна наўпрост звязаная з п’янствам і наркаманіяй. У нас велізарная колькасць людзей, якія п’юць, у асноўным мужчын, прычым напіваюцца яны да поўнага ашаламлення і часта менавіта ў стане ап’янення здзяйсняюць правапарушэнні, дэбашыраць, здзекуюцца з блізкіх, катуюць іх. А чаму людзі п’юць? Часцяком ад таго, што не бачаць перспектывы, не знаходзяць сэнсу ў жыцці. Калі ў чалавека ёсць інтарэсы і захапленні, калі ў яго ўсё добра і шчасліва, алкаголь непатрэбны. Значыць, каб паспяхова змагацца з п’янствам, трэба павышаць агульны ўзровень культуры грамадства, развіваць людзей і заахвочваць іх да самаразвіцця, самаадукацыі.

Ирина Брель 3

— Што яшчэ? Адкрылі б нейкія прытулкі, фонды?

— Безумоўна, патрэбныя прытулкі або лагеры, куды жанчына магла б прыйсці і знаходзіцца там, будучы абароненай і не баючыся, што яе могуць знайсці і адпомсціць. Акрамя таго, ахвярам хатняга гвалту неабходная кваліфікаваная юрыдычная дапамога, калі справа датычыць абароны іх правоў або шлюбаразводнага працэсу. Вельмі важна таксама развіваць службу псіхалагічнай дапамогі — кабінеты спецыялістаў, тэлефон даверу ды інш. І, вядома ж, арганізуючы такія службы і ўстановы, трэба пастаянна інфармаваць людзей аб іх дзейнасці і задачах. Вельмі важна данесці да пацярпелых ад гвалту ў сям’і, што яны не самотныя, ім пададуць руку дапамогі і не пакінуць на волю лёсу.

— Ірына, як вы прыйшлі да думкі зняць фільм пра праблему хатняга гвалту? Вы самі сутыкаліся з такой сітуацыяй?

— Фільм не заснаваны на маім асабістым вопыце, але я з дзяцінства назірала сумныя прыклады сярод суседзяў па двары. Да таго ж у многіх маіх сваякоў і знаёмых былі такія сітуацыі: не ў аднаго або двух — у многіх! Мы ўжо згадвалі аб тым, што некаторыя лічаць тэму збітай, але рэальныя сітуацыі пераконваюць, што праблема хатняга гвалту захоўваецца гадамі, набываючы розныя формы — ад лаянкі і рукапрыкладства да вытанчанага прыніжэння годнасці і фінансавых узаемаадносін. Калі палічыць усіх, хто пакутуе ад той ці іншай формы гвалту, баюся, іх колькасць будзе вылічацца сотнямі тысяч.

— Раскажыце сцісла сюжэт вашага фільма.

— Гэта гісторыя ўзаемаадносін сямейнай пары, якая жыве ў вёсцы. Пасля некалькіх гадоў шлюбу яны разумеюць, што стаміліся адно ад аднаго, у іх шмат бытавых праблем, і ад разводу іх утрымлівае толькі агульнае дзіця. А потым, як гэта часта бывае і ў жыцці, сям’я праходзіць праверку на трываласць складанай сітуацыяй: у маім сюжэце гераіня становіцца ахвярай згвалтавання. Ёй цяжка, яна ў надзеі на падтрымку і разуменне расказвае ўсё мужу. Яна прыйшла да блізкага чалавека, у яе больш нікога няма. І што ж блізкі чалавек? Ён паддаўся нейкай недарэчнай рэўнасці, уявіў жонку з іншым мужчынам, абвінаваціў яе ў гэтым. Ён выпусціў сваю злосць і не дапамог жонцы, а толькі пагоршыў сітуацыю.

Праблема ў тым, што людзям не хапае дабрыні, спагады адно да аднаго. Калі б герой майго фільма прыняў усё як ёсць, паверыў жонцы, стрымаў сваю злосць, я ўпэўненая, у іх бы было ўсё добра. Вядома, трэба працаваць над сабой, разбірацца, чаго ты хочаш ад жыцця, чаго хоча чалавек, які побач з табой. Але калі ў людзей, якія жывуць разам, прысутнічае ўстойлівы негатыў адно да аднаго, значыць, ім проста не па дарозе, ім лепш расстацца, каб стаць шчаслівейшымі.

Image 3943

— Я ведаю, што вы ўклалі ў свой кінапраект толькі ўласныя 3 тысячы даляраў. Сама па сабе ідэя зняць сваімі сіламі поўнаметражны фільм даволі амбіцыйная. Ці лёгка вам было наважыцца на такі крок?

— Пачынаючы працу над фільмам, я не задумвалася аб складанасцях, бо была перакананая, што ў мяне ўсё атрымаецца і я змагу знайсці людзей, гатовых дапамагчы і тварыць за ідэю. Мае чаканні апраўдаліся! Але я ж не прыйшла і не папрасіла людзей папрацаваць дзеля нейкай абстрактнай мэты. У першую чаргу я пісала сцэнар, кансультавалася з аўтарытэтнымі і прафесійнымі людзьмі, і яны не толькі дапамаглі парадай, але і ўмацавалі маё жаданне здымаць уласнае кіно, праяўляць ініцыятыву. Ужо потым я задзейнічала свае сувязі і прапанавала людзям, у якіх была зацікаўленая, пэўную ідэю. Я сказала будучаму выканаўцу галоўнай ролі: «Ваня, паглядзі, у мяне ёсць матэрыял, ты вельмі падыходзіш на галоўную ролю, і калі ты зацікавішся, я буду вельмі радая». А што да аплаты, мы дамовіліся так: калі атрымаецца зарабіць на карціне, падзелім грошы на ўсіх. І людзі загарэліся маёй ідэяй, падтрымалі мяне.

У нас у краіне, такіх праектаў, як незалежнае кіно, практычна няма, а ў краінах бліжняга замежжа іх поўна, толькі розніца ў тым, што наш праект створаны за свае сродкі, а на Захадзе больш звыкла здымаць кіно з прыцягненнем людзей, якія праз кінематограф хочуць выказацца або падняць праблему, не шкадуючы грошай дзеля яе рэалізацыі.

Ирина Брель 4

— Чаму (у нашай краіне асабліва) так шмат людзей згаджаюцца працаваць за ідэю — і бясплатна?

— Я думаю, удзельнічаючы ў чужых праектах, мы вымушаныя падпарадкоўвацца чужой волі і не маем сапраўднай свабоды творчасці. Вядома, часам ты можаш выказаць сваё меркаванне, цябе нават, магчыма, выслухаюць, але зробяць заўсёды па-свойму, спасылаючыся на меркаванне прадзюсара або план, распрацаваны іншымі людзьмі. У творчасці не павінна быць так. Зразумела, здымаючы свой фільм, мы таксама працавалі па вызначаным плане, але мы ўсё абмяркоўвалі: калі былі спрэчныя сітуацыі, то здымалі нават па два варыянты адной сцэны, а потым выбіралі лепшы. Мае калегі па здымачнай пляцоўцы далі мне шмат каштоўных падказак — і я іх ўлічыла. Калі кіно здымаецца за спонсарскія грошы, такое проста немагчыма. У нашым выпадку грошы не вырашалі нічога — а мы атрымалі поўную свабоду.

Беларусы часта згаджаюцца працаваць за ідэю, як вы кажаце, калі ведаюць, што там будзе свабода іх самарэалізацыі, будуць цікавыя тэмы, якія іх хвалююць, небанальны спосаб казаць пра іх — такія магчымасці дарагога каштуюць у нашай краіне, яны ўсё яшчэ рэдкасць. Мы практычна не ўклалі ў фільм грошай, затое ўклалі ў яго душу. Можа быць, там ёсць спрэчныя моманты, недакладнасці, але душэўнасць, адданасць ідэі, з якой мы працавалі, — якраз тое, што «трымае» гледача.

— У вас атрымалася гісторыя з хэпі-эндам?

— Хутчэй не, чым так.

— А калі перанесці метафару на сітуацыю ў грамадстве, ці магчымы ў нашай краіне хэпі-энд, то бок канчатковае рашэнне праблемы гвалту ў сям’і?

— Шчыра кажучы, я шмат чаго перажыла ў жыцці, шмат бачыла і сустракала мала хэпі-эндаў. Ва ўсякім выпадку, я не магу паверыць, што сацыяльныя праблемы можна вырашыць раз і назаўжды. Я ведаю і тое, што ёсць шмат людзей, якім, на жаль, ужо нічога не дапаможа. Але я заўсёды імкнуся глядзець на жыццё быццам праз ружовыя акуляры і бачыць свет у добрым, пазітыўным святле. Таму я перакананая, што мы можам зрабіць многае, можам выратаваць шмат сем’яў і змяніць сітуацыю да лепшага.

У сваіх кінапрацах я не імкнуся перабольшваць рэальнасць, але кожны мой фільм атрымліваецца больш яркім, больш эмацыйным — у гэтым для мяне палягае прагрэс. Вось і гэтым разам я не прапанавала супераптымістычнага фіналу, а проста паказала ўсё як ёсць: дабро і зло заўсёды побач, яны ўраўнаважваюць адно адно, і тое, на якім баку будзе перавага, залежыць ад кожнага з нас. Мой фільм падштурхоўвае гледача да разумення таго, што, калі мы станем крышку больш уважлівымі адно да аднаго, калі выкажам спачуванне да чалавека і хоць нечым яму дапаможам, усе мы трошкі зменімся — станем лепшымі і бліжэйшымі.

Ганна ТРУБАЧОВА, Вольга БЛАЖЭВІЧ

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»

Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»