TOP

Дактары, педагогі абіваюць парогі

Прафсаюз медыкаў дамагаецца ад улады, каб па правах на арэнднае жыллё дактароў прыраўнялі да міліцыянераў. Нашы міліцыянеры —Падпалкоўнік ці старлей —Маюць льготы на кватэры,Многа іншых прывілей.

І пытанне, што рэзонна,
Задалі сабе ўрачы:
«А чаму ж улада сёння
Нам не хоча памагчы?
Мы і зараз, як калісьці,
Лечым наш народ ад ран
І прыносім шмат карысці
Для здароўя грамадзян».
За ўрачамі й педагогі,
Мовіць так, раскрылі рот:
«Мы працуем да знямогі,
Каб разумным быў народ,
Каб квітнела ў нас дзяржава
І напотым, і цяпер.
Дык чаму не маем права
На арэнду тых кватэр?
Хай жа возьмецца за гэта, —
Так рашылі, — прафсаюз,
Не вылазіць з кабінета,
Дзе сядзіць галоўны «туз»,
Што «малюе» на паперы
Подпіс свой наконт ільгот,
Хай штурмуе тыя дзверы,
Калі трэба, цэлы год».
Прафсаюзаў верхаводы
Паказалі свой імпэт
І наведалі для ўгоды
Велькаможны кабінет.
«Тузу», што ў дыхтоўным крэсле
Праціраў здаўна штаны,
Ад сваіх людзей прынеслі
Просьбу слёзную яны:
— Шчыра моляць педагогі,
І гатовы дактары
Пакланіцца вам у ногі
(І не раз, а нават тры),
Каб арэндныя кватэры
Ім давалі напавер.
Вунь жа міліцыянеры
Не вылазяць з тых кватэр…
Мы ж адну задачу мелі
Заўсягды — то не сакрэт:
Каб было здароўе ў целе,
А ў мазгах — духоўны свет.
Для таго мы, праўда, розны
Ужываем інструмент:
Як заўжды, дубінкай грознай
Лечыць люд, прабачце, мент;
Каб аблегчыць людзям мукі,
Нават з даўняе пары
Тэрмінова бралі ў рукі
Востры скальпель дактары;
Для настаўнікаў — указка
Найгалоўнейшы прадмет.
Дык зрабіць ім варта ласку —
Даць кватэры тыя след.
Быў такі адказ ад «туза»:
— Ці ж здаём за домам дом?
Ці ж у нас кватэр ад пуза?
Толькі тым мы іх даём,
Хто патрэбны несумненна,
Ад каго карысці шмат,
Без каго народу дрэнна,
Існаваць не можа лад.
Да міліцыі крытэрый
Падыходзіць акурат.
І таму даём кватэры —
Вельмі важкі ейны ўклад!
Хоць прызнацца я павінны
І сказаць вам проста ў лоб:
Існаваць без медыцыны
Вельмі цяжка нам было б.
Адукацыя таксама
Дужа многа нам дае,
І патрэбна, скажам прама,
Заахвоціць бы яе…
— Дык за чым тады замінка?
— Скальпель — сродак неблагі,
Ды не гэтак, як дубінка,
Выпраўляе ён мазгі…

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

І ў пракурора бывае гора

Далі альтэрнатыву: пабіць у хвост ці ў грыву?

Ці ж адзін цяпер гэткі афіцэр?

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: www.alesnauwes.com

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.