TOP

У музеі «дрэс-код»: уваход без барод

Кіраўніца музея гісторыі, якая раней працавала ў ідэалагічным аддзеле раёна, забараніла выставу «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны», бо ёй не спадабалася слова «шляхта». Затым яна не дазволіла выступіць на выставе музыкам гурта «Бодхі», бо яны не прайшлі «дрэс-код» — былі барадатымі. Даўно адкінуў я сумненні,Што ідэолагам мазгіДаюць яшчэ пры нараджэнніБацькі, анёлы ці багі.

Яны зусім з другога цеста.
Здаецца часам: той, хто звыш,
Ім падарыў мазгоў заместа
Цагліну, камень або глыж.
Па цвёрдасці раўня алмазу
Такія рэдкія мазгі.
І не парушыць іх ні разу
Ні ход падзей, ні лад другі.
Яны — савецкае закваскі,
Яны — прадукт бальшавікоў,
Якія нам складалі казкі
Пра «роўнасць, шчасце і любоў».
…Раней
Кабеціна карміла
Людзей
Святлом сваіх ідэй.
Нячыстая, няйначай, сіла
Яе закінула ў музей.
Навошта ўвогуле музеі?
Каб без падробак, без маны
Пра з’явы, факты і падзеі
Усім нагадвалі яны.
Кабеціна ж, займеўшы крэсла,
Савецкі маючы імпэт,
Ідэалогію прыўнесла
І ў архіварыусны свет.
Была ў нас, скажам, шляхта колісь,
Зусім не пралетарскі клас.
(Прынамсі, так вучылі ў школе
Бальшавікі калісьці нас.)
І для кабеты статус коўзкі
У шляхты,
Бо яна, маўляў,
Напыл нядобры мае, польскі,
Таму народ наш шляхту кляў.
Хто запярэчыць ёй пасмее?
Усім заходнікам назло
Зрабіла так, каб у музеі
Той шляхты й духу не было!
А што яшчэ заганным лічыць,
Што ёй на розум узбрыдзе?
Не падабаюцца абліччы
З расліннасцю на барадзе.
Я зразумець магу насілу
Кабету: што ні гавары,
Бароды заўсягды насілі
Любімыя правадыры.
Ну, скажам, Ленін быў з бародкай —
Галоўны ейны правадыр.
Хоць барада была кароткай,
Але расла затое ўшыр.
У Маркса валасін багата.
Такая барада была!
Нібыта ў дворніка лапата,
Ці ў прыбіральшчыцы мятла…
Валоссем зарасці паспелі
Сучаснікі — і не бяда:
Вунь у кубінскага Фідэля
Таксама шуфлем барада.
Якія нашыя абрысы
Яшчэ кабеце неўспадоб?
Магчыма, той, хто цалкам лысы,
Ці той, хто тоўсты, быццам сноп?
Ды ведаю: той, хто з вусамі,
Жаданы для музея госць.
Чаму — здагадвайцеся самі.
Хто ў нас вусаты сёння ёсць?
* * *
Хоць і прыстойна я адзеты,
І не нашу я бараду,
Але ў музей да той кабеты
І пад прымусам не пайду.

Алесь Няўвесь

Набыць зборнік Алеся Няўвеся «Авохці мне!..» можна ў мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Бабка ўжо дзялкам раўня: прадавала кацяня

Парашыў генерал засакрэціць вакзал

Для мітынгаў зноўку шукаюць пляцоўку

Калісьці гарыла любіла «чарніла»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.