TOP

На пстрычкі варта гуляць у карты

У Баранавічах мужыкі гулялі ў карты. Той, хто прайграў, павінен быў прайсці па горадзе голым. Ён і прайшоў. І атрымаў за гэта тры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Спярша, бадай, напомніць варта: Калі ў турму патрапіў ты І прагуляў там штосьці ў карты, Дык гэты доўг, лічы, святы.

Ці грошы прагуляў, ці рэчы,
Ці проста міску баланды,
Каб потым жыць па-чалавечы —
Аддай, не нажывай бяды.
У нас людзей занадта многа,
Якіх на «зону» кідаў лёс.
На волю хто-ніхто з астрога
Такое ж правіла прынёс.
Не лічыцца, што грэх вялікі,
Як банку не вярнуў крэдыт;
Суседзям не аддаў пазыкі —
Ты не махляр і не бандыт.
Але другая справа — карты.
Сур’ёзна стаўся да гульні!
Жыццё на кон? Дык то не жарты.
«Прафукаў» грошы? Дык вярні.
…Дзяцюк гуляў без асалоды,
Бо «дурнем» стаў аж тры разы.
Адны шасцёркі меў з калоды,
Сябры ж выцягвалі тузы.
Была бяскрыўднаю забава,
Таму ў даўгі дзяцюк не ўлез.
Гуляць без «фішкі» нецікава,
Патрэбны нейкі інтарэс,
Дадасць азарту стымул нейкі.
Што для апойкаў лепш рубля?
Але не маюць «ні капейкі»,
І не прадбачыцца пасля.
Абмежаваліся «прыколам»,
Які чакае бедака:
Наступны «дурань» пройдзе голым
Па шумных вулках гарадка.
Дзяцюк стараўся з той прычыны,
Вальтамі пляскаў напаказ,
Аднак у «дурнях» бедачына
Застаўся і ў чарговы раз.
Якую б ні выказваў хватку,
Ды непазбежным быў бы швах:
Сябры ад самага пачатку
Тузы трымалі ў рукавах.
Няма ў яго альтэрнатывы.
— Была, — сказаў ён, — не была…
І пад сяброўскі смех гуллівы
Дзяцюк раздзеўся дагала.
Затым у выглядзе Адама
Панёс на людзі свой шкілет.
З цікавасцю глядзелі дамы,
Хрысціліся бабулькі ўслед.
Ды не дазволена без трантаў
З’яўляцца ў свет, і дзецюку
Па міласці міліцыянтаў
Знайшлося месца ў «варанку».
Суд дзецюку дадаў азарту,
А сам трымае ён наўме,
Што ў рэшце рэшт гуляць у карты
Як след навучыцца ў турме.
* * *
Мяняць традыцыі і звычкі
Камусьці вельмі неўспадоб.
Але пара гуляць на пстрычкі,
Хоць і апухне потым лоб.

Алесь Няўвесь

Рубрыца «Фельетон»:

Займелі лекі ад недарэкі

Не чаравікі, а трусы дадуць у іншыя часы

Нікому не вядома, адкуль у іх харомы

Лішні мільён дае пенсіён

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: http://alesnauwes.com

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.