TOP

І зноўку раздалі чужынцам медалі

Нядаўна прэзідэнт у чарговы раз уручыў дзяржаўныя ўзнагароды расійскім эстрадным артыстам. Я пішу ўжо раз каторы І даводжу з даўніх пор, Што расійскія «кіркоры» Тут патрапілі ў фавор.

Прэзідэнт з любой нагоды,
Як расчуліцца да слёз,
Раздае узнагароды,
Быцам з меха Дзед Мароз.
Спевакі іх носяць горда,
І прычым усе амаль:
Хто разжыўся ўжо на ордэн,
Хто пакуль што на медаль.
А якія ў іх заслугі?
Каб развеяць тлум і сум,
Мы танцуем «бугі-вугі»
Пад расійскую папсу.
З рэпрадуктара, з экрана
І са сцэны ў мікрафон
Людзям «сыплюць соль на раны»,
Абяцаюць «руж мільён».
Ад расійскай гэтай хеўры
Слухаць вымушаны люд
Не духоўныя шэдэўры,
А звычайны слоўны блуд.
Мы й свайго цяпер удосталь
Маем гэткага «дабра»,
Але наша Бацькам проста
Не прымаецца на ўра.
Слухаць Баскава гатовы
І «нанайцаў» маладых,
Вайцюшкевіча ж з-за «мовы»
Не ўспрымае ён на слых.
Гнацюка прывеціць рады —
Пра Галіну ён спяе,
Беларускае ж эстрады
Для яго не існуе.
Выглядае годна-чынна
Тут расійская гурма,
Бо прарокаў у Айчыне,
Як гаворыцца, няма.
І таму артысты нашы
Як ні пнуліся б, на жаль,
Атрымаюць «міску кашы»,
А не ордэн ці медаль.
* * *
Мецьмем мы неспадзяванку,
Будзе ўвогуле бяда,
Як спявацьме калыханку
Нашым дзеткам Джыгурда.

Алесь Няўвесь

Рубрыца «Фельетон»:

А ці тых беларус запрашае ў хаўрус?

…І трэнера болей няма на футболе

На пстрычкі варта гуляць у карты

Займелі лекі ад недарэкі

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: http://alesnauwes.com

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.