TOP

Змусілі кабету атрымаць газету…

Калі жыхарка Салігорска заплаціла за камунальныя паслугі, у касіркі пошты не аказалася рэшты, і яна разлічылася з наведніцай… дзяржаўнай газетай. Хоць тая прасіла даць ёй ручку ці сшытак для дачкі-школьніцы. Мы быццам бы народ багаты: Пасля адзінкі на грашах Нулі застылі, як салдаты, Іх столькі многа — проста жах!

Шкада, што грошай тых — не пачак…
У крамах іншыя разы,
Каб рэшту даць, у прадавачак
Бывае мала драбязы.
І ў якасці так званай рэшты,
Каб быў давольным пакупнік,
Даюць яму ўзамен хоць нешта,
Любы тавар ідзе ў разлік:
Наклейкі, жуйкі, запальнічкі —
Што хочаш, словам, выбірай.
Нямашака ў людзей прывычкі
Пярэчыць ці ўсчыняць раздрай.
Вось і на пошце для жанчыны
Належнай рэшты не знайшлі.
Ды бедаваць няма прычыны,
Бо можна замяніць рублі.
— Вось вам дзяржаўная газета,
Што толькі сёння выйшла ў свет…
Не пагадзілася кабета:
— Ды не чытаю я газет!
Тым больш дзяржаўных…
І набытак
Зусім не трэба мне такі.
Я лепей ручку вунь ці сшытак
Вазьму для школьніцы-дачкі.
Аднак, як крэпасць, наша пошта,
Яе не возьме гарлапан!
Не здасца пошта нізавошта,
Калі выконваць трэба план.
Як прадасі дзяржаўнай прэсы
Не столькі, колькі трэба, дык
Трымацьме, мовіць так, пад прэсам
Той, што «наверсе», кіраўнік.
Купляюць прэсу без імпэту,
Таму яна «не на плыву»…
— Бярыце, дамачка, газету
І не дурыце галаву! —
Кабета ўчула ад касіркі,
Махнула ў рэшце рэшт рукой:
Ці ж браць нахабніцу за шкіркі
З-за сумнай дробязі такой?
З газетаю пайшла дадому
(Магчыма, прачытае зяць),
А ўвечары, адчуўшы стому,
Сама рашыла пачытаць.
Прабегла позіркам заметкі,
Адкінула газету ўбок:
Афіцыёз абрыдлы гэткі,
Што проста не ўспрымае клёк.
Гектары, тоны і працэнты —
Як у савецкія часы,
А зверху здымак прэзідэнта
На чвэрць газетнай паласы.
Такія ўзнёслыя навіны
Паказвае й тэлеэкран
Штодзённа, бы жыццё краіны
Без недахопаў і заган.
І наўзахлёб глытае гэта
Наіўны братка-беларус.
А што ж глядзіць сама кабета?
Ці НТВ, ці Еўраньюс.
Газету ў якасці паперы
Не занясеш і ў туалет:
Для гігіены ўсе ў кватэры
Не скарыстоўваюць газет,
Бо з-за друкарскай фарбы Чэхаў
(Гавораць гэтак з даўніх пор)
З Харонам у Аід паехаў —
Схапіў заразу і памёр.
Таму ў глузды прыйшло кабеце:
«Набытак мела б не пусты,
Каб тэкстаў не было ў газеце,
А толькі чыстыя лісты…»

Алесь Няўвесь

Рубрыца «Фельетон»:

Каб жылося без пакут, дэпутату — «парашут»

У нас увесь народ дастойны ўзнагарод

«Чэсныя» пісакі злыя, як сабакі

У краіне з даўніны толькі лузеры адны?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.