Ці стрывае Пракоп міліцэйскі паклёп?
Супрацоўнікі АМАПа засведчылі ў судзе, што палітолаг Уладзімір Мацкевіч браў удзел у акцыі ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў. Але палітолаг даказаў, што ў гэты дзень ён быў у Варшаве (прад’явіў квiткі на самалёт і штамп у пашпарце). Замест таго, каб спыніць справу, суд накіраваў яе быццам бы на дарасследаванне. Пракоп задужа неўспадоб Для ўлады і «канторы», Бо ў апазіцыі Пракоп Шчыруе год каторы.
Ён спраўна ходзіць з года ў год
На мітынгі і шэсці
І падбухторвае народ
«Дыктат абрыдлы змесці».
Не дзіва, што ва ўлады ён
Заўсёды «пад прыцэлам».
Пракоп ужо не маладзён
І з хваравітым целам.
Трэ падлячыцца за мяжой,
Бо тонус надта млявы,
Дый адпачыць крыху душой
Ад беларускай явы,
Якая, скажам, не халва,
Не абаранак з макам.
Разлічваў ён на тыдні два
І, можа, нават з гакам.
Быў адпачынак — проста цуд,
Запомніцца Еўропа.
І ўжо чакае родны кут
Бадзёрага Пракопа.
Хоць жонка радая, але
Агрэла весткай гадкай:
— А вунь жа позва на стале
З судоваю пячаткай.
Куды на гэты раз улез,
Скажы мне, калі ласка?
І ўжо назаўтра на працэс
Паджгаў Пракоп з апаскай.
Пачуў у зале ад суддзі:
— Ты зноў, нягоднік гэткі,
На Бангалор крычаць хадзіў.
Ёсць пратакол і сведкі.
Наперад выйшлі дзецюкі,
На іх плячах — пагоны.
— Прылюдна швэркаў мацюкі
Паганы рот ягоны! —
Сказаў міліцыянт адзін.
Другі ж дадаў:
— Пры гэтым
Уладу бэсціў, сукін сын.
Прасілі мы… Ды дзе там!
А калі я яго скруціў
І вёў да аўтазака,
Аказваў злыдзень супраціў,
Кусаўся, як сабака,
І нават мне расквэцаў нос…
Гатова ўжо й рашэнне,
Але паперак нейкіх стос
Дастаў Пракоп з кішэні
І заявіў:
— У дзень, калі
Кусаў сяржанта хтосьці,
Я на іспанскай быў зямлі
І грэў на пляжы косці.
А доказ маецца які,
Што я не пустамеля?
Вось вам на самалёт квіткі,
А вось квіткі з гатэля.
У пашпарце памежнік мне
Паставіў штамп-пячатку…
Здавалася б, суддзя пачне
Увесь працэс спачатку,
Засведчыць, што не мог Пракоп
Хадзіць ля Бангалора,
«Мянтоў» жа за хлусню-паклёп
Пашле да пракурора.
Аж не! Суддзі вердыкт такі:
— Вазьму іх для праверкі.
Ды хоць пацвердзяць следакі,
Што існыя паперкі,
Ты быў адразу ў месцах двух,
Каб нам стварыць праблемы.
Бо ты, Пракоп, нячысты дух —
Як наагул нацдэмы…
Пракоп з бязглуздага суда
Дамоў вярнуўся позна.
А там у скрыні — во бяда! —
Ляжыць другая позва.
У міліцэйскі кабінет
Зайсці павінны зранку.
А там яшчэ якую след
Чакаць неспадзяванку?
Што ў кабінеце неспадзеў
Пракопу следчы скажа?
Што натварыць Пракоп паспеў,
Пакуль ляжаў на пляжы?
На гэты раз забіў Пракоп
Ці згвалтаваў кагосьці?
Бядак ад думак моршчыў лоб,
Не мог заснуць ад млосці…
* * *
Ніхто мяне не папракне
За казкі-небыліцы,
Бо ўсім вядома, што раней
Ад рогату ў сталіцы
Хапаліся за жываты,
Быў смех у прэсе едкі,
Калі ў судах яны, «мянты»,
Праходзілі як сведкі.
Уведалі, напрыклад, мы,
Што ў час пратэстнай сходкі
Выкрыкваў лозунгі нямы,
Гучалі маты з глоткі.
Быў у суддзі нягеглы від
(«Мянтам» жа — анігадкі),
Калі пачуў, што інвалід —
Бязрукі! — біў у ладкі.
Падобна, што не мае меж
Бязглуздзіца такая.
І не да смеху тут… Але ж
Што нас яшчэ чакае?
Бадай, злачынцаў (самы раз
«Мянтам» падвесці рыску)
Не выяўляцьмуць сярод нас,
А прызначаць па спіску.
Алесь Няўвесь
Рубрыца «Фельетон»:
Занятак цяжкі — знаходзіць пляшкі
На крыж і на ікону маліцьмуцца да скону
Цяжкая задача — перапіс сабачы