TOP

Пустыя жываты, зашытыя раты

Завёўшы размову аб прынцыпах работы ў працоўных калектывах, прэзідэнт сказаў: «Права чалавека — сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы. Аднак, калі прыйшоў на працу, рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат». Усе мы дбаем пра здароўе. Каб з пузам не было праблем, Спрадвеку існуе выслоўе: «Калі я ем, я глух і нем».

Цяпер, каб гора не набрацца,
Яшчэ адно засвоім мы:
«Калі знаходжуся на працы,
Я не глухі, але нямы».
Спрачацца з тым наўрад ці можна,
Бо так наканаваў нам Ён.
А ў Беларусі знае кожны,
Што слова Бацькава — закон.
Не ўздзіў, што на заводзе словы
На «ўра» начальства ўспрыняло:
— Для нас работнік бесталковы,
Калі язык — як памяло.
Патрэбна не ўступаць у спрэчкі,
А выканаць загад любы.
Мы пастухі, яны — авечкі,
Мы спадары, яны — рабы.
І ўжо назаўтра пры ўваходзе
Рабочых сустракаў плакат:
«Як раіць Бацька, на заводзе
Жалезны ўводзіцца дыктат!»
Каб зразумелі рабацягі,
Што той плакат — не гук пусты,
Услед — загад:
«Тым, хто без звягі
Не можа, зашываць раты!»
Пасля загаду люд рабочы
Прымоўк на працы сапраўды:
Рызыкаваць ніхто не хоча,
Далей, як кажуць, ад бяды.
Плявузнеш што не след, дык потым,
Крый Божа, спраўдзіцца загад:
Хадзіцьмеш ты з зашытым ротам
I чарку ўзяць не зможаш нат.
А балаболу-гарлахвату,
Што не ўспрымаў усё ўсур’ёз,
Адразу ж Бацькаву цытату
Начальства тыцкала пад нос.
І гарлахват змаўкаў, як рыба,
Нібы вады набраўшы ў рот,
Бо Бацька — быццам Бог, як глыба,
Дзяржавы нашае аплот.
Прыйшла пакора паступова,
Хадзілі ўсе, як па струне,
Ніхто ў адказ не вякне й слова,
Як лаяць кіраўнік пачне.
І так было б ужо заўсёды,
Бо наш «народзец» — як цяля.
Але на фабрыкі, заводы
Наехаў крызіс спакваля.
А хто ж, скажыце, вінаваты,
Што крызіс жудасны такі,
Што рабацягі — без зарплаты?
Адказ адзін — кіраўнікі.
Ці неналежна, ці няўмела
Мазгі напружвалі свае,
Дый показка не састарэла,
Што рыба з галавы гніе.
Саспела смута на заводзе,
Бо ява горкая, як хрэн.
Рабочыя сказалі:
— Годзе!
Мы прагнем нейкіх перамен!
І да начальства дэлегатаў
Паслаў працоўны калектыў.
Стары рабочы вус пакратаў
І хітрамудра заявіў:
— У нас заробак — аніякі,
У нас пустыя жываты.
Дык зашывайце нам і ср…кі,
Калі зашытыя раты…

Алесь Няўвесь

Рубрыца «Фельетон»:

На конкурс бульбаш вязе эпатаж

Ці стрывае Пракоп міліцэйскі паклёп?

Занятак цяжкі — знаходзіць пляшкі

На крыж і на ікону маліцьмуцца да скону

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.