TOP

А на халеры тыя дзверы?

Віцебскі гарвыканкам аб’явіў тэндэр на замену дзвярэй сваіх кабінетаў на чацвёртым паверсе. Кошт — 200 мільёнаў рублёў. І гэта ў той час, калі ніяк не могуць адрамантаваць паліклініку ў мікрараёне «Поўдзень-7» (трэба 300 мільёнаў рублёў), дзіцячы садок, школу… Чыноўнікам гарвыканкама Абрыдлі вельмі «хадакі»: Нібыта п’яніцы да крамы, Нібыта вернікі да храма, Ідуць мужчыны і жанкі,

Нясуць сваю бяду ці гора
І просяць ім дапамагчы.
Туляюцца на калідоры,
Сядзяць на лаўках, як карчы,
А потым ледзь не ломяць дзверы,
Каб уварвацца ў кабінет.
І большасць з іх — пенсіянеры,
Яны нахабныя без меры,
Неўтаймаваны ў іх імпэт.
Чыноўнікаў не «грэла» гэта,
Казалі з роспаччу яны:
— У нас нібы не кабінеты,
А двор якісьці прахадны.
А мы папіць хацелі б кавы
Не толькі ўранку і ў абед
Ці паглядзець канцэрт цікавы,
Цішком залезшы ў Інтэрнэт.
Вось так яны і бедавалі,
Пакутавалі дзень пры дні…
Размовы-скаргі, быццам хвалі,
Дайшлі да вуха старшыні.
А ён чыноўнікам не вораг,
Такую ж мае кроў і плоць,
Нібы айцец для некаторых,
Для некаторых — як Гасподзь.
Каб не звягала, не бурчэла
Чыноў шматлікая гайня,
Сваю пакорлівую чэлядзь
Рашыў уважыць старшыня.
Як час наспеў у раз чарговы
Дзяліць, нібы пірог, бюджэт
І ўсе разумныя галовы
Прыйшлі ў галоўны кабінет,
Дык прапановы ўсім кагалам
Яны выказвалі спярша:
Каму патрэбна даць нямала,
А хто не мецьме ні шыша.
Апошнім часам вырас новы
У горадзе мікрараён.
Ды для жыцця благія ўмовы —
Пакуль што без лякарні ён.
І незайздросны від у школы,
Ліпяць дзіцячыя садкі…
Таму малюнак невясёлы,
Бо носяць скаргі «хадакі».
На гэта водгук нечаканы
Пачулі ўсе ад старшыні:
— Нам «хадакі» — як соль на раны,
Ну хоць ты пугай іх гані!
Што тая школа, што бальніца?
І ў развалюсе прыме ўрач…
Ад «хадакоў» адгарадзіцца —
Для нас галоўная з задач!
Службовым вашым кабінетам
Трывалых не стае дзвярэй.
Таму і з гарадскім бюджэтам
Трэ абысціся нам мудрэй,
Паставіць першым чынам дзверы.
Прычым такія — як браня!
Падобныя ў маёй кватэры … —
Дадаў чамусьці старшыня.
Дзяльба такая даспадобы
Прыйшлася клеркам і чынкам,
І калектыў яе адобрыў.
— Аднак наўрад ці ўдасца нам
Адгарадзіцца ад народа, —
Кабета мовіла адна. —
Бо дзверы ўсё ж — не перашкода,
Яны, прынамсі, не сцяна…
А старшыня:
— Каб вашы дзверы
Не штурмавалі «хадакі»,
Якіх чамусьці да халеры,
Бярыце дзверы на замкі…
* * *
Калі праходзяць з’езды-злёты,
Ад прэзідэнта зноў і зноў
Мы чуем жарсныя звароты
Да ўсіх «падпанкаў і паноў»:
— Бліжэй жа будзьце да народа —
Паболей спраў, паменш папер,
Тады ў грамадстве будзе згода,
І мецьмеце ў людзей давер!
Улада дасягнула б мэты,
Як след вяла б у справах рэй,
Каб у начальства кабінеты
Былі наогул без дзвярэй…

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Не знае стомы «невядомы»…

Пустыя жываты, зашытыя раты

На конкурс бульбаш вязе эпатаж

Ці стрывае Пракоп міліцэйскі паклёп?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.