TOP

Муж заместа жонкі будзе мыць пялёнкі

Дэпутаты звярнуліся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з просьбай разабрацца, ці варта ўводзіць абавязковы для бацькі адпачынак па доглядзе за дзіцём. Апошнім часам у Яніны Жыццё бурліла, А пасля Яно складалася з руціны, Бо нарадзіла немаўля.

Усё, на жаль, будзённа-шэра,
Былой бурлівасці няма,
І для яе цяпер кватэра,
Па сутнасці, нібы турма.
Каб «выйсці ў свет» —
Няма й гамонкі.
Яе чакаюць кожны дзень
Дзіцячы крык, «бай-бай», пялёнкі…
Дый мужа накармі-адзень.
А муж інакшым стаў, дарэчы,
Яго як падмянілі ўраз:
То гаварыў «па-чалавечы»,
Прыносіў кветкі ёй падчас;
Заўжды пяшчотны быў, ласкавы,
А ў ложку — проста цар і Бог;
Дапамагаў ёй весці справы,
Памыць бялізну нават мог!
Але якраз з тае часіны,
Калі яна пайшла ў «дэкрэт»,
Жыццё як пекла для Яніны,
Яно з адных нягод і бед.
А ўсё чаму? Бо муж Мікіта
Як быццам стаў чужым цяпер:
Ён на яе глядзіць сярдзіта
Ці выскаляецца, як звер.
Дзе той былой пяшчоты словы?
Адно й пачуеш — гыр ды гыр.
Здаецца, матам крыць гатовы,
Нібыта ў войску камандзір.
Прыходзіць уначы ці ўранку:
Маўляў, на працы многа спраў.
А сам, бадай, завёў каханку,
Як певень курыцу, таптаў…
Найболей крыўдна, што нярэдка
Не-не дый едка папракне:
Маўляў, ты зараз дармаедка —
Сядзіш на шыі ты ў мяне.
Крый Божа, ўвогуле пакіне
І скажа: «Болей не люблю…»
Ну, словам, цяжка ёй, Яніне,
Хоць лезь у пельку ці ў пятлю…
Непрадказальная Фартуна:
Чакаеш там, Фартуна ж — тут.
Прыйшоў нарэшце паратунак,
Яніну збавіў ад пакут.
Была ў грамадстве завядзёнка,
Якую шанавалі ўсе:
Дзяцей заўжды гадуе жонка,
А муж дадому грош нясе.
Аднак жа, як на целе рана,
Паганы фемінізм узнік,
І часам вызначыць складана,
«Ці гэта баба, ці мужык».
Размыліся наогул полы,
«Пейзаж» не радуе пагляд:
На сцэне бачым хлопцаў голых,
На рынгу — ламавых дзяўчат.
Ці ж нашы «мудрыя галовы»
Маглі застацца ў старане?
Няхай зраўняюцца «паловы»,
Інакш смяяцца свет пачне!
І неўзабаве дэпутаты
Цікавы прынялі закон
(Ва ўсіх жанчын настрой прыўзняты,
Бо ім прынёс палёгку ён):
Калі ў кватэры або ў хаце
Дзіцёнак ашчаслівіць свет,
Дык зараз бацька, а не маці
Ісці павінен у «дэкрэт».
Зваротная ў законе сіла:
Хоць ты не зломак, не гультай,
Не зводзіў грошы на «чарніла»,
Ды працу кінь,
Спявай «бай-бай».
Якое шчасце для Яніны!
Закон жа вызначыў наўпрост,
Што зараз муж заняць павінны
Яе былы руцінны пост.
А што ж Мікіта?
Ён не ў крыўдзе.
Хутчэй якраз наадварот.
Лічыў, што час халяўны прыйдзе,
І будзе жыць ён без турбот —
Нарэшце нашы дэпутаты
Зрабілі справу хоць адну.
Дасюль я ўкалваў як пракляты
І вось жа трохі адпачну…
Аднак, вядома, немагчыма,
Каб над дзіцём карпелі ўдвух.
Як не мужчына, дык жанчына
Павінна «запрагацца ў плуг»
Або цягнуць, як кажуць, лямку,
Прыносіць сродкі для жыцця,
Утрымліваць і мужа-«мамку»,
І іх агульнае дзіця.
Таму Яніна, зразумела,
Адразу ж працаваць пайшла,
Каб іх сям’я не акалела,
Удостатку піла і ела
І мела штось, апроч стала.
Ад явы будучай Мікіта
На сёмым небе быў спярша.
Ён нарадзіўся зноў нібыта,
Спявала ўся яго душа:
«Я абыдуся й без каханкі.
Ляжацьму, быццам бервяно,
Або гуляцьму днямі ў танкі,
Глядзецьму ў тэліку кіно.
Няма сумневу, што як трэба
Дзіця прысплю і накармлю…»
Ды ў першы ж дзень
Прыйшлося з неба
Яму спусціцца на зямлю.
Дзіця ўвесь дзень крычала гэтак,
Што хоць ты рот яму заткні.
(Мікіта нат падумаў: «Дзетак
У нас не будзе больш ані…»)
Саваў і соску, і пустышку
Дзіцяці ў рот — і ўсё дарма.
Пашкадаваў Мікіта крышку,
Што цыцак у яго няма…
Сліняўчыкі, пялёнкі, кашкі —
Канца турботам не відно.
Такі быў дзень Мікіты цяжкі,
Што й праўда ўпаў, як бервяно.
Памыць усё, прыбраць кватэру,
На рынак збегаць па харчы,
Каб згатаваць абед, вячэру, —
Ні разу не прысеў, лічы.
Пра танкі не было і згадкі,
Кіно ж ён бачыў толькі ў сне:
Што варыць суп, пячэ аладкі
І ўсё ніяк не адпачне…
Казала жонка пра любошчы,
А ён нічога даць не мог…
Праз месяц замест цела — мошчы,
Праз тры — ужо валіўся з ног.
Яніна ж проста расквітнела!
Як скінула гару з плячэй!
У злагадзе душа і цела,
Святло праменіцца з вачэй.
Яна дамоў прыносіць сродкі —
Заробак мае неблагі.
(Дый кожны з нас не згіне ўсё-ткі,
Калі разумныя мазгі.)
Бывае, што прыходзіць позна…
Мікіта ў абарот бярэ.
— Ты дзе была? — пытае грозна. —
Даўно ўжо цемра на дварэ!
— А што рабіць? Такая праца, —
Яніны чуецца адказ, —
Што часам трэба затрымацца
Нягледзячы на позні час.
А ад яе нясе парфумай,
І чутна, што піла каньяк…
Мікіту тут што хочаш думай,
Маўчыць пакрыўджана бядак.
Трывожных думак — рой-лавіна,
Душу выпальваюць датла:
Мо палюбоўніка Яніна,
Як ён калісьці, завяла?..
* * *
Размах фантазіі багаты,
І шмат народзіцца ідэй.
Прадпішуць, можа, дэпутаты
Мужчынам нараджаць дзяцей.

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Угробяць без пары такія дактары

А на халеры тыя дзверы?

Не знае стомы «невядомы»…

Пустыя жываты, зашытыя раты

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.