TOP

Быў бы якраз трактар ці «МАЗ»

Кожнаму з 2500 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу падарылі набор — скураны партфель, у якім, апрача блакнота і ручкі, быў планшэт Samsung за 200 долараў. Ёсць у працы плён багаты, У народа шмат даброт! Каб пацвердзіць, дэлегаты Зноў сабраліся на сход.

Іх па колькасці не рота,
А вайсковы цэлы полк!
Будзе спорыцца работа,
Будзе з працы добры толк!
У дыхтоўнейшым гатэлі
Пасяліліся яны,
Там усмак пілі і елі,
Як заморскія паны.
Іх вазілі па сталіцы —
Пашыралі кругагляд,
Ім спявалі маладзіцы
Пра шчаслівы самы лад.
А затым у светлай зале
Сход адбыўся, дзе яны
Самі што-нішто сказалі,
Штось сказалі ім чыны.
«Ці ж краіне перамены
Прынясе той сход? Ані!
Дэлегаты — манекены,
Лынды білі там два дні…» —
Гнаў на іх пісака гадкі
У газеце каламуць.
І дарма. Яны ж у ладкі
Гэтак пляскалі — будзь-будзь!
Шчыравалі для народа
Людзі, што ні гавары.
Трэба ім узнагарода,
Трэба ім раздаць дары.
Атрымалі ўсе планшэты —
Па даляраў дзвесце аж!
Ды прадмет дыхтоўны гэты,
На вялікі жаль, не наш.
За мяжой зрабілі дзесьці —
Там стаіць ярлык чужы.
А нашто было ім везці
Падарункі з-за мяжы,
Аддаваць за іх даляры?
Мы багатыя нібы…
Есць у нас свае тавары,
І прычым на густ любы.
Уручылі б дэлегатам,
Скажам, з Брэста дываны.
Там дырэктар крые матам —
Не купляюцца яны.
У краіне стан трывожны
Тэлевізараў наконт.
Ну дык хай бы з Мінска кожны
Вёз дахаты «Гарызонт».
Прадпрыемствы стогнуць нашы…
Той ці іншы дэлегат
Атрымаць ад «Гомсельмаша»
Мог бы нейкі агрэгат.
Посуд, што-нішто з бялізны,
Малаток, піла, сахор…
Выбар быў у нас вялізны,
Каб зрабіць для іх набор.
Хай займеў бы хтосьці трактар,
Атрымаў бы нехта «МАЗ»
І пагнаў Лагойскім трактам
Гэты дар у свой калгас.
А калі б чагосьці лішку
Ім далі — такой бяды:
Можа, ў выніку хоць крышку
Разгрузіліся б склады…

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Сабе на забаву прыдумалі справу

Не таму служы, хто для нас чужы

У рот дзве слівы і — шчаслівы!

А можа, гэта крык душы?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.