TOP

Папрокі святару зусім не па нутру…

«Спакуса дабрабытам» — так назваў свой артыкул протаіерэй Хведар Поўны. Ён сцвярджае, што сярэдні па дастатку беларус жыве так добра, як 30 год назад мог сабе дазволіць толькі высокапастаўлены чыноўнік. А маючы матэрыяльныя даброты, людзі забываюць аб галоўным — уласным духоўным удасканаленні. Хведар Поўны вядомы сваім знаёмствам з прэзідэнтам і тым, што пабудаваў сабе катэдж у Драздах. Царкоўнае святое свята. Людзьмі бітком набіты храм. Усе маліліся заўзята, Паклоны білі абразам.

Як адгучала літургія,
Казаў у пропаведзі поп
Пра справы грэшныя, благія,
Якія Богу неўспадоб:
— Наш дабрабыт апошнім часам
Палепшыўся ўдвая-ўтрая.
Не посны суп, а бульбу з мясам
Жуе ў нас кожная сям’я.
А зрэшты, што казаць пра скваркі…
У кожным гарадскім двары
Стаяць радамі іншамаркі
(А хтось іх мае дзве ці тры).
Усе мы маем і кватэры,
А хто-ніхто — асабнякі.
Ды ці спрыяе гэта веры?
Духоўны стан у нас які?
Засцерагчы вас, людзі, мушу:
Чым больш даброт,
Тым больш спакус,
Якія бэсцяць вашы душы
І множаць ваш грахоўны груз.
Спатольваць, ведайце, ганебна
Жаданні грэшныя свае,
Тым задавольвацца патрэбна,
Што кожны дзень вам Бог дае.
Нагадваюць пра гэта ярка
Святых Евангелляў радкі —
І ад Мацвея, і ад Марка,
А асабліва — ад Лукі…
Усё на вус матала паства,
І кожны свой вярэдзіў клёк:
«А як жа мне да Бога ў царства
Зрабіць хаця б маленькі крок?»
Дзялок, што бавіўся ў раскошы
(Ішла, як кажуць, карта ў масць),
Сказаў сабе, што заўтра ж грошы
На цвінтары бамжам раздасць.
Бабулька, што рублі ў панчоху
На смерць савала пакрысе,
Рашыла: грошыкаў хоць троху
У дом дзіцячы занясе.
Вялася служба «па праграме»,
Калі глядзець са стараны.
Ды быў зламыснік нейкі ў храме
(Няйначай, служка сатаны).
І ён абразлівыя словы
Папу выказваць стаў у твар:
— Ты ўсіх нас павучаць гатовы,
Але ці шчыры сам, святар?
Парой у бацькавай кагорце
(Паказваў нам тэлеэкран)
Адпачываеш на курорце
І пачуваешся як пан.
А твой катэдж які шыкоўны!
Бадай, не горшы, чым царква…
Ва ўсім ажур, як кажуць, ПОЎНЫ,
Жыццё — салодкая халва.
— Бо як ніхто на Беларусі,
Бесперапынна, ноч і дзень,
Я шчыра Госпаду малюся,
Амаль што не ўстаю з калень, —
Нахабнаму зласліўцу строга
Сказаў абражаны святар. —
А мой катэдж? Дык ён ад Бога —
За ўсе мае малітвы дар…
* * *
Не забываюць слоў Ісуса
Усе, хто мае-носіць крыж:
Калі адольвае спакуса
Разбагацець — свой шал суціш,
Не прагні грошай і харомаў
І шмат даброт не спажывай.
Са слоў Ісуса ўсім вядома:
Не пападзе багаты ў рай —
Аж праз іголкавае вушка
Хутчэй праціснецца вярблюд…
Няўжо багаты Бога служка
Не знае з-за таго пакут?
А можа, на нябёсах раю
Зусім нямашака, калі
Ён, служка Бога, выбірае
Рай відавочны на зямлі?..

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Правяральшчыкі — цугам. Ім хадзіць бы за плугам…

А цяпер і пагатоў будуць жыць да ста гадоў

Быў бы якраз трактар ці «МАЗ»

Сабе на забаву прыдумалі справу

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.