TOP

Дэфіцыт на медалі, бо Расіі аддалі

На нядаўняй Алімпіядзе 28-гадовы мнагаборац Аляксандр Лясун, які нарадзіўся ў Барысаве, прынёс залаты медаль зборнай Расіі. «У Беларусі мне сказалі, што я не маю права займацца спортам па стане здароўя», — распавёў пасля перамогі спартсмен. Так хочацца заўжды І нам, і ўладзе, Каб поспехі спартыўныя былі!

Каб беларусы
На Алімпіядзе
Усе заваявалі медалі!
Ну, хай не ўсе,
Няхай іх будзе трыццаць
(Але ж не дзевяць,
Як на гэты раз).
Тады краінай будзем ганарыцца
І прад’яўляцьмем пашпарт напаказ.
Чыноўнікі, аднак жа, крывяць твары,
А хто-ніхто смяецца ад душы:
— Які ў нас спорт?
Ды тут адны няздары!
Увогуле спіліся бульбашы!
Яны сваё здароўе падарвалі,
І не ў басейн ім трэба,
А ў санчасць.
Ніхто ім нават
Медалёў са сталі
(Што ўжо казаць пра золата)
Не дасць…
Браў у асаду, скажам, кабінеты
Тутэйшы мнагапрофільны атлет.
Але чынушы
Гэтага атлета
Імкнуліся «паслаць»… куды не след.
А ён крычаў яшчэ й на калідоры:
— Скакаць і плаваць,
Фехтаваць хачу!
Яму ў адказ:
— Ты невылечна хворы!
Дык пакажыся лепей урачу!
А як па медалях агораць планы,
Калі сваіх барцоў няма ані?
Іх запрасіць патрэбна
З Дагестана
Або з утаймаванае Чачні.
З гімнастыкай
Чакала ў Рыа пастка —
У гэтым відзе
Поўны раскірдаш.
Дык хай амерыканская гімнастка
Цяпер абараняе гонар наш!
Не пасароміць нашую краіну!
Але з амерыканкі толку — нуль.
Дык хай бы лепш паслалі
Бабу Зіну —
Хоць сувенір
Прывезла б нам адтуль…
А той атлет,
Што «невылечна хворы»,
Якога пасылалі к дактарам,
Усім назло
Праз тэрмін некаторы
Прынёс медаль Расіі, а не нам…
У спорце ў нас
Не будзе пераменаў,
Пакуль «вярхі» напружваюць глузды:
«Свая зямля
Не дасць нам рэкардсменаў.
Адкуль яшчэ
Іх запрасіць сюды?..»
* * *
Калісьці хтось
Па нейкае прычыне
Адчайна ўсклікнуў
(Пэўна ж, нездарма):
— Няма прарока
У сваёй Айчыне!
У Міністэрстве спорту —
Чын на чыне.
Там не прарокаў —
Там мазгоў няма…

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).

Рубрыца «Фельетон»:

Паявіўся ў каровы гаспадар адмысловы

Абраўшы цётку за нявесту, хлапец не дапусціў інцэсту

Кіраўнікі — святыя, ды людзі ў іх не тыя

Вельмі смешны анекдот пра ўручэнне ўзнагарод

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.