Зноў цешаць мары пра даляры
Аляксандр Лукашэнка: «Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у 500 долараў у будучым годзе… Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму». Без мары жыць на свеце цяжка, Дый радасці няма ані. І нават бомж або бадзяжка Аб чымсьці мараць дзень пры дні.
Вось кожны з нас нядаўна марыў
(Ну, скажам, пяць гадоў назад),
Што мецьме ён пяцьсот даляраў,
Бо так паабяцаў урад.
Займелі гэткія зарплаты.
Жыві і радуйся! Але ж
Заўжды бывае сумнавата,
Калі адолены рубеж
І мара застаецца ззаду.
«Раскрыўшы рот на каравай»,
Мы сталі церабіць уладу:
«Ты нам і тысячу давай!»
А дзе ж узяць уладзе сродкі,
Як эканоміцы — хана?
Дый нам улічваць варта ўсё-ткі,
Што не бяздонная казна.
Нарэшце — бац! — і зноў імгліста,
Зноў у тумане далягляд,
І ўжо даляраў толькі трыста,
Як тых жа пяць гадоў назад.
Аднак жа прэзідэнт краіны
Паабяцаў: наступны год
Прынесці шчасце нам павінны,
Бо будзе ўсё-такі пяцьсот.
* * *
Нам, беларусам, не да твару
Уладу ганіць талакой,
Бо ў рэшце рэшт улада мару
Зноў падарыла.
Дзякуй ёй!
Алесь Няўвесь
Да ведама чытачоў: зборнік Алеся Няўвеся «Цырк на дроце» можна купіць у мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» ( пр. Незалежнасці, 37а).
Рубрыца «Фельетон»:
Міністр нечакана пакрыўдзіў султана
Ленін пралетарыят зноў заве за далягляд
Не прыдумаеш знарок пра салёны агурок…
Ці адчула нацыя беларусізацыю?