TOP

Будзем выбіраць паміж: ці «на крыжык», ці на крыж

З-за таго, што не хапае грошай, у беларускіх райцэнтрах людзі пачалі купляць адзенне на рынках пад распіску, або, як яны кажуць, «на крыжык». Прадпрымальнікі пагаджаюцца на такі гандаль, бо ім трэба збыць тавар, а людзі абяцаюць аддаць грошы праз месяц-другі — пасля зарплаты ці пенсіі. Шмат спазнала баба Валя На сваім цяжкім вяку. Век той тлумна дажывала У раённым гарадку.

Не жыла яна ў раскошы,
Мела сціплы рацыён,
Бо якія ж гэта грошы —
Нехлямяжы пенсіён?
Часам грызла і скарынку…
Ды, як дваццаць год назад,
У святочны дзень да рынку
Баба йшла на праменад.
Не купляла Валя рэчы,
Апельсін або банан,
Бо не можа люд старэчы
Раскашэльвацца, як пан.
А на рынак той хадзіла
Баба Валя, бы ў музей,
Дый карцела, што не дзіва,
Пабываць сярод людзей.
Неяк мусіла здзівіцца,
Вельмі ўразіла яе:
Рэчы ў краме прадаўшчыца
Не за грошы аддае,
А за нейкую распіску
Ад сярмяжных небарак.
Паглядзець рашыла зблізку,
Разабрацца, што ды як.
Нейкі дзядзька чаравікі
Браў з самотаю ўваччу
І тлумачыў:
— Кошт вялікі,
Дык зараз не заплачу.
Я, прызнацца, небагаты,
Сала ем — не каўбасу…
За абутак я з зарплаты
Грошы потым данясу…
А вясковую кабету
Надта вабіць паліто,
Ды рублёў за «шмотку» гэту
Трэ аддаць не пяць, а сто.
Уступіўшы ў перамовы,
Цвёрда мовіла яна:
— Заплачу, як на Пакровы
Здам на мяса кабана.
Словам, потым абяцалі
Заплаціць пакупнікі.
Дык чаму б і бабе Валі
Не набыць тавар які?
Праўда, пенсія не хутка,
Дый дадуць яе не ў час.
Але бабе Валі хустка
Спадабалася якраз.
Залатым узорам кветкі
Упрыгожваюць паркаль.
І такі малюнак рэдкі
У экстаз увёў амаль.
Баба лашчыцца лісіцай:
— Ці дасі мне напавер?
Адказала маладзіца:
— Так усе бяруць цяпер.
У народа грошай мала.
Бізнес меў бы бледны від,
Каб тавар не прадавала
Я «на крыжык», у крэдыт.
— Заплачу я! Дзякуй, дзетка!
Хустка надта па нутру.
Пахавае ў ёй суседка,
Калі раптам я памру…
Трэба ж гэтак: баба Валя
Быццам глянула ў ваду,
Бо праз дзень яе хавалі,
Прадаўшчыцы на бяду.
Злая, быццам коршак хіжы —
Хоць ты бабу матам крый:
Брала хустачку «на крыжык»,
Аказалася — на крыж…
* * *
Трэба нам прызнаць адкрыта:
Баба тая акурат,
Каб пражыць, набраў крэдытаў
За мяжою наш урад.
І таму цяпер краіна
Небам і зямлёй паміж.
Паратунак — дамавіна,
Як у бабы, той жа крыж…
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Камусьці — кнігу, камусьці — фігу

Не разлічваў дэпутат на такі электарат

Зноў цешаць мары пра даляры

Міністр нечакана пакрыўдзіў султана

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.