TOP

Дзядам прабачыць трэба п’янкі, калі бабулі — наркаманкі

Пажылыя людзі ледзь не ўсе свае хваробы (ад бессані да гіпертаніі) лечаць карвалолам ды валакардзінам. Між іншым, барбітураты, якія ўваходзяць у склад гэтых лекаў, любяць ужываць маладыя наркаманы. Гэта значыць, нашы бабулі і дзядулі даўно ўжо сталі наркатычна залежнымі. Нямала год капцілі свет (Хоць час і праляцеў, як куля) Мікіта — векавечны дзед І Ганна — даўняя бабуля.

Яшчэ на памяці, калі
Жылі на ўскраіне сталіцы,
Ды хату знеслі і далі
Кватэру ім накшталт святліцы.
Нямашака былых турбот,
Бо ні свіней і ні каровы.
Вада з-пад крана круглы год,
І рыхтаваць не трэба дровы.
Пачаў нудзіцца нават дзед
Без аніякае дакукі,
Не ведаў ён, куды падзець
Свае мазолістыя рукі.
Без спраў сядзела ад відна,
Маркоцілася й баба Ганна:
Хоць без патрэбы, ды яна,
Як колісь, уставала рана.
Тэлеэкран збавеннем быў.
Старыя з раніцы да ночы,
Нібы чарвівыя грыбы,
Сядзелі ўдвух, сляпілі вочы.
А з прыхаванага гляка
Штодня адну-другую чарку
Мікіта глыкаў спадцішка,
Каб жонка не дала па карку.
Але для Ганны не сакрэт,
Што ўжо «настрой харошы» ў шэльмы.
І чуў за кожным разам дзед:
— Ты зноў заліў, нягоднік, бельмы!
Чыхвосціла і так, і сяк,
Гадзіну цэлую звягала:
— А каб табе смалы ў гарляк,
Калі гарэлкі гэтай мала!
Алкаш! Заглыкаеш адзін
І ходзіш цэлы дзень вясёлым.
А я вунь п’ю валакардзін
І запіваю карвалолам.
Парой хвароба так зграбе,
Што свет увесь нямілым здасца.
Хоць вый ваўчыцай… А цябе
Ніякая не возьме трасца!
Аднак ні звяга, ні праклён
Не прыставалі да Мікіты.
Без злосці агрызаўся ён
Ці коратка казаў:
— Ідзі ты…!
Глядзелі неяк на экран,
І дзядзька ім сказаў з экрана,
Што ў карвалоле ёсць дурман,
Хто п’е яго —
Той наркаман.
І апусціла вочы Ганна…
Усклікнуў тут жа дзед:
— Ага!
Мяне ўшчуваеш ты за п’янку,
З сябе ж, звяглівая карга,
Даўно зрабіла наркаманку!
Пад кайфам ходзіш дзень пры дні,
І ўсё пабоку, што не дзіўна.
Цяпер за п’янкі не кляні,
Іначай больш не дам ані
Табе таго валакардзіна!
* * *
Ужо няма ранейшых драм,
Бо сітуацыя другая:
Як дзед бярэ свае сто грам,
Больш баба Ганна не звягае…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Айчыннага кіно чамусьці не відно

Пярэваратняў звольнім раць — другіх не трэба набіраць

Будзем выбіраць паміж: ці «на крыжык», ці на крыж

Камусьці — кнігу, камусьці — фігу

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.