«Сарока-варона кашку варыла, дзетак карміла…»
Свіслацкім раённым судом без прысутнасці падсудных былі вынесены чарговыя рашэнні па справах за ўдзел у традыцыйным Дні памяці паўстанцаў 1863 года. Настрой не радасны ў суддзі: Дзянёк чакаўся нецікавы. Хоць ты на працу не хадзі, Бо нудныя ў разглядзе справы.
У рэшце рэшт які разгляд?
Спусцілі «зверху» прыгаворы!
І хай не пнецца адвакат,
Праблем не будзе ў пракурора.
А калі гэтак, дык тады
Працэсы ўвогуле навошта?
Не варта нагружаць глузды,
Лепш абысціся меншым коштам.
А ў чым жа сутнасць гэтых спраў?
Там «пад прыцэлам» не бандыты,
Ніхто не згвалціў і не скраў
Ні патаемна, ні адкрыта.
Нацдэмаў купка ў пэўны дзень
Да помніка паклала кветкі.
Міліцыянты — за каршэнь.
Яны ж і выступяць як сведкі.
А справа ў тым, што п’едэстал
Заняў на плошчы Каліноўскі.
І кветкі — яўны крымінал,
Бо ён герой для ўлады коўзкі.
Бунтар усё-ткі, як-ніяк.
Не трэба ўладзе ператрусы.
Дый хтосьці кажа, што паляк,
Хоць запісаўся ў беларусы.
Выходзіць, мітынг ці пікет
Адбыўся там, ля п’едэстала.
Сказалі пакараць як след —
Каб бунтарам аж млосна стала!
Штраф атрымаюць як адзін,
Нат той, хто аціраўся збоку.
Руціна гэта для суддзі,
Нямашака работы клёку,
Ні ў чым не выкажаш імпэт…
Як толькі плюхнулася ў крэсла,
Дык сакратарка ў кабінет
Паперы цэлы пук прынесла.
Расклаўшы папкі на стале,
Падумала, што сэнсу мала
У тым, што позвы разашле.
Лепш хай пустою будзе зала,
Бо ўсё вядома напярод
І будуць лішнімі дэбаты,
Хоць хтосьці разяўляцьме рот,
Крычацьме: «Я не вінаваты!
Усё папахвае маной!»
Не трэба гвалту ёй і тлуму,
І варта вызначыць адной,
Каму ўпячы якую суму.
Мужчын, што бунтавалі там,
Суддзя не бачыла ніколі,
І ёй, на жаль, было няўцям,
Якія хто выконваў ролі.
Рашыла: «Чорт яго бяры!
Іначай
Спраўлюся з задачай:
Вас рассартую, бунтары,
Лічылкай колішняй дзіцячай…»
Расклала справы ўздоўж стала
(А стол, дарэчы, гладкі, новы)
І тыцкаць пальцам пачала,
Гаворачы такія словы:
— Сарока-варона кашку варыла,
Дзетак карміла.
Гэтаму дала, гэтаму дала,
А гэтаму не дала…
Суддзі, канешне, пахвала:
Хоць падзяліла і не роўна,
Ды штраф усё-ткі ўсім дала —
Яна не нейкая варона!
* * *
Здаецца мне, што з гэтых пор,
Каб мець прысуды і рашэнні,
Патрэбны толькі пракурор.
Нашто суддзя і «суд кішэнны»?..
Алесь Няўвесь
Новы зборнік фельетонаў Алеся Няўвеся «Была б свіння, а лужа будзе» можна купіць толькі ў мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Чаму намёк ад Бога не ўсхваляваў нікога?
Дзядам прабачыць трэба п’янкі, калі бабулі — наркаманкі
Айчыннага кіно чамусьці не відно
Пярэваратняў звольнім раць — другіх не трэба набіраць