• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

А кожны з нас гатоў лавіць сабак, катоў?

У Бабруйскім цэнтры занятасці маладога спецыяліста з вопытам работы ў якасці кіроўцы вежавага крана накіравалі ў ААТ «Спецаўтапрадпрыемства», г.зн. прапанавалі лавіць бяздомных сабак і катоў. Аднак там яго на працу не ўзялі, бо няма належнага вопыту. Маладзён гэтаму толькі абрадаваўся… Усё як след ішло ў Арцёма: Не хворы ён і малады, Ніхто не наракае дома І на рабоце хоць куды.

Кіроўца вежавага крана!
Такіх спяцоў зашмат няма.
Ды на краіну нечакана
Нахлынуў крызіс, як чума.
І зараз толькі ў марах сродкі,
Каб вежу збудаваць ці дом.
Хоць спец, ды скарацілі ўсё-ткі,
І беспрацоўным стаў Арцём.
Куды цяпер яму падацца,
Каб мець купюры ў кашальку?
Хай дапаможа «біржа працы»,
Працягне, так сказаць, руку.
Там, атрымаўшы ад жанчыны
Вакансій невялікі спіс,
Арцём па ім за дзве хвіліны
Прабег вачыма зверху ўніз.
Рашыў, што завітаў няўдала —
Не змог ён выбраць ні шыша:
На той пасадзе плацяць мала,
Да гэтай не ляжыць душа.
— Ты так не выбераш ніколі, —
Яму сказалі. — Ці гатоў,
Як Шарыкаў, у завуголлі
Лавіць сабак, душыць катоў?
Арцём ад гэтай прапановы
Са стула не зваліўся ледзь.
— Не знаю… Можа, і гатовы…
Спярша патрэбна паглядзець…
На біржы выдалі паперку,
Паджгаў на прадпрыемства ён,
Каб там, відаць, прайсці праверку —
Сабак справоджваць у загон.
І думаў ён: «Якога ляду
Я пагадзіўся?»
Быў не рад,
Бо ён з маленства меў спагаду
Да шчанюкоў і кацянят.
Ды і цяперака ў кватэры
Жыве любімы сенбернар.
Як толькі ён расчыніць дзверы —
Бяжыць насустрач, ліжа твар.
На шыі зацягнуць сабачай
Пятлю
Ці ж змог бо ён, Арцём?
Хутчэй згадзіўся б, не іначай,
Сваім ахвяраваць жыццём…
Начальнік гіблае канторы
І сапраўды сказаў яму:
— Узяць цябе? Які ты скоры…
Ды нізавошта ў жывадзёры
Без падрыхтоўкі не вазьму!
З работай справіцца не ўсякі,
А іншы й бунтаваць пачне.
Вось ты з ката або з сабакі
Хоць раз паздзекаваўся?
— Не…
Шкадую бедных кацянятак…
— Чаго ж ты пудрыш мне мазгі?
Ідзі і для сябе занятак
Лепш пашукай якісь другі.
Дадому ідучы ў гуморы,
Арцём не адчуваў зямлі,
Бо рады быў, што ў той канторы
Яго на працу не ўзялі…
* * *
Сабак лавіцьмем хутка ўсе мы,
Калі, так мовіць бы, мышэй
Не ловіць (і таму — праблемы)
Той, хто сядзіць за нас вышэй…
Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

На кару Бацька скоры. Памогуць пракуроры

Пускаем без візы, рыхтуем сюрпрызы

«Сарока-варона кашку варыла, дзетак карміла…»

Чаму намёк ад Бога не ўсхваляваў нікога?