TOP

Мы пазбавімся, вядома, ад пахмельнага сіндрома!

Размаўляючы з журналістамі, прэзідэнт паведаміў, што ў яго ёсць гарэлка, якой няма нідзе ў свеце: «Колькі б яе ні выпіў, п’яным будзеш, а раніцай галава светлая. Толькі я магу падарыць — бутэльку, або скрыню, або паўпрычэпа…» Лічы, што чалавек — калека, Як ён уранку з пахмяла, Аднак рука чыясьці «лекаў» Сто грам яму не наліла

І не паднесла піва кварту
Ці прастаквашу ў гладышы.
Апісваць, мусібыць, не варта
Пакуты цела і душы.
Няхай празаікі-паэты
На стан душы пральюць святло.
Горш, што сіндром пахмельны гэты
Для ўсёй дзяржавы нашай зло.
Калі ў суботу ці ў нядзелю
Баляць-пакутуюць глузды,
Дык для дзяржавы ў тым пахмеллі
Няма вялікае бяды.
Ды нельга пераменшыць страты,
Калі на працы чалавек,
Які ў нядзелю быў паддаты.
Хіба ж то праца? Проста здзек!
Напрыклад, возьмем трактарыста.
Забудзе ён пра сенажаць,
Пакуль на грудзі грамаў трыста
Яму не ўдасца недзе ўзяць,
Бо трактарыст — як хворы самы,
Баліць не толькі галава.
Хоць на замок і возьмеш крамы
Падчас касьбы або жніва,
Ён купіць пляшку самагону,
Каб падлячыцца, у бабуль.
Ці ж з «п’янай» працы многа плёну,
Як потым сядзе ён за руль?
А непахмелены рабочы
Што вытварацьме ля станка,
Калі ў яго ў тумане вочы,
Дрыжыць-калоціцца рука?
П’юць многа творчыя асобы
(І нават больш, чым просты люд).
Яны ад «ранішняй хваробы»
Таксама маюць шмат пакут.
Ім для пахмелля й пляшкі мала
(Што ўжо казаць пра грамаў сто).
Хіба ж напішаш твор удала,
Калі ты ледзьве сеў за стол?
Што толку з гэтай пісаніны?
Хоць занясі яе ў сарцір…
Дык не стварылі для краіны
Пісьменнікі «Войну и мир».
А ўзяць з пахмелля педагога
(Бывае, квасяць і яны).
Хоць раніцой не вып’е многа,
Але на ўроку — як дурны.
Такіх, што часам ладзяць п’янку,
Шмат у прафесіі любой.
А часцяком пахмелле ўранку
Перарастае і ў запой…
Пераканаліся цяпер вы,
Што ад пахмелля шкоды шмат?
А ёсць жа скрытыя рэзервы,
Каб нам пазбегнуць гэтых страт!
Вось Бацька нам паведаў хітра,
Што мае ён гарэлку-цуд.
Хоць выжлукціш яе паўлітра,
Ды ўстанеш заўтра без пакут.
Сто грамаў у глыбіні глоткі
Заліць не хочацца ані.
У гэта веру я, бо ўсё-ткі
Не схільны Бацька да хлусні.
Адкуль напой у Бацькі чысты?
Вось варыянты на разгляд:
Ці выдаюць спецыялісты,
Ці сам прыдумаў апарат,
А заадно яшчэ і бражку,
Каб ціснуць хвацкі самагон.
І ўсім, хто пажадае, пляшку
Адшкадаваць гатовы ён.
Ды што там пляшку! Паўпрычэпа
Прадасць любому! Пі-каўтай,
І не апухне заўтра «рэпа»,
Не з’явіцца ў душы раздрай.
Ці ж не збавенне для краіны
Рэцэпт гарэлкі дзіўнай той?!
Мы вырабляць цяпер павінны
Цыстэрнамі такі напой,
Каб нам усім яго хапіла,
Як мінеральнае вады,
Каб мы забылі пра «чарніла»,
Ім не дурманілі глузды.
Напой павінен быць, вядома,
І па даступнае цане.
Дык кожны зранку без «сіндрома»
Ударна працаваць пачне!
Ад гэтай слодчынай гарэлкі
Займеем што-нішто яшчэ:
Мы за мяжой заключым здзелкі,
Ракой валюта пацячэ!
Напэўна, хтось запратэстуе,
Маўляў, малы з ідэі толк,
І насамрэч гарэлку тую
Пускаць не варта на паток,
Бо вельмі дорага дзяржаве,
Бадай, абыдзецца яна.
Лухта! Затраты неўзабаве
У нас акупяцца спаўна!
* * *
Напой, канешне, вельмі хвацкі,
І прыгадзіўся ён і мне б.
Таму яго купіў бы ў Бацькі
Не паўпрычэпа, а прычэп.
Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

А кожны з нас гатоў лавіць сабак, катоў?

На кару Бацька скоры. Памогуць пракуроры

Пускаем без візы, рыхтуем сюрпрызы

«Сарока-варона кашку варыла, дзетак карміла…»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.