Працуем, як валы. Чаму ж даход малы?
Згодна з афіцыйнай статыстыкай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, сярэдні беларус штогод праводзіць на рабоце больш гадзін, чым жыхар Германіі, Вялікабрытаніі і нават ЗША. Калі мы так многа працуем, дык чаму так дрэнна жывём? Работа годная ў Ягора — Для нас дамы будуе ён І не адзін аб’ект агораў, Бо ўжо даўно не маладзён.
На працы раніцай і сёння
З’явіўся, так сказаць, як штык.
І не блукаў у сценах сонна —
За справу ўзяўся будаўнік.
Але нявыкрутка ў Ягора —
Напарнік не прыйшоў яшчэ.
Наглыкаўся, відаць, учора,
Дык смага з раніцы пячэ.
Адзін парупішся не вельмі —
Сам прынясі, сабе ж падай.
Так і рабіў ён, майстар кельмы,
Гадзіну цэлую, бадай.
Напарнік з мутнымі вачыма
Прыджгаў нарэшце на аб’ект.
— Мне без пахмелля немагчыма, —
Ягору вушы ён аб’еў. —
Пакутна так, што свет не мілы…
Дык мо, Ягорка, па рублю,
І для бадзёрасці «чарніла»
Я ў краме блізкае куплю?
Дарэмна ён «закідваў вуду».
Ягор пазыркваў, як чужы,
А потым буркнуў:
— Я не буду.
Ты ж, калі смаліць так, бяжы…
Напарнік, як «чарніла» пляшка
Была асушана «з гарла»,
Сябе адчуў не гэтак цяжка,
І кладка весела пайшла.
Ажно ўзмакрэлі грудзі й плечы —
Так борздка рупіўся Ягор.
І — заступорка: недарэчы
Пачуў, што скончыўся раствор.
Вось так імпэт яго спыніла
Нядбайнасць нечая ці дур.
Хоць сам купляй і пі «чарніла»…
Кліч на будоўлі:
— Перакур!
Адны гуляць заселі ў карты,
Тузы шпурлялі на паддон,
Другія анекдоты-жарты
Травілі,
Хтось зваліўся ў сон.
«Свядомыя» вялі бяседы,
Той скарыстаўшы перакур,
Пра нашы клопаты і беды,
Пра палітычны Бацькі курс.
— Ці горш працуеш ты, ці лепей, —
Даводзіў хтосьці ўсёй гурбе, —
Нам кіраўніцтва штрафы лепіць
І прэміі сабе грабе…
Раствор прывезлі, і нібыта
За справу дружна брацца след —
Прараб прыспешвае сярдзіта.
Аднак якраз наспеў абед.
Дасталі муляры ссабойкі
І селі есці як адзін.
А непапраўныя апойкі
Адскочылі і ў магазін.
Абед закончыўся б не скора,
Не праз адну гадзіну, каб
Усіх, тым лікам і Ягора,
Не зрушыў мацюком прараб.
Аднак вядома, што работа
На сыты страўнік не ідзе.
Ягору ўкалваць неахвота,
Як і астатняй грамадзе.
Бы сонныя, што ўвосень, мухі,
Паходжвалі туды-назад:
І запаволеныя рухі,
І затуманены пагляд.
З такое працы плён нягеглы.
Затым — наогул дрэнны стан:
У муляраў не стала цэглы —
Чамусьці «здох» пад’ёмны кран.
Не будзеш жа цягаць цагліны
Аж на дванаццаты паверх.
Напарнік зноў глытае сліны:
— Усё да лепшага, павер.
Навошта рваць залішне жылы?
У краму зноў мяне пашлі…
Ягор і праўда на «чарніла»
Дастаў з кішэні два рублі…
Вярнуўся ўвечары дахаты
І думка лезла ў галаву:
«Штодня працую як пракляты!
Чаму ж так дрэнна я жыву?..»
Алесь Няўвесь
Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Каб добрым быў душэўны стан, на выбарах не ўводзь у зман
Мы пазбавімся, вядома, ад пахмельнага сіндрома!
А кожны з нас гатоў лавіць сабак, катоў?
На кару Бацька скоры. Памогуць пракуроры