TOP

Цяпер на славу, скажам прама, наменклатура ў выканкама

Клецкі райвыканкам забараніў прыём і звальненне работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый без пісьмовага ўзгаднення з выканкамам. За невыкананне гэтага патрабавання кіраўніка могуць нават звольніць. Вядома ўсім, што пастуху Жывецца вельмі ўлежна ўлетку: І льга яму паспаць крыху, І можна пачытаць газетку.

Таму не бедаваў Сымон,
Як на дварэ стаяла лета.
Паціху жлукціў самагон,
І не зважаў ніхто на гэта:
Занятак жа, лічы, пусты,
Дык нават і заліўшы вочы,
Круціцьме ён быкам хвасты,
Каб статак у ячмень не збочыў.
Але затым прыйшла зіма.
І для Сымона свет не мілы:
Халявы колішняй няма,
Патрэбна браць у рукі вілы,
Цягаць кармы, варочаць гной…
Сымон — дзяцюк гультаяваты
І часта кідаўся ў запой —
Ды так, што не вылазіў з хаты.
Раўлі без сіласу быкі,
Рыкалі без вады каровы…
Ці ж трэба працаўнік, які
Ляжыць снапом, бо п’яны ў дровы,
Прычым не зрэдчас, а штодня?
Дык і ўшчуваць яго без толку.
Спярша калгасны старшыня
Шукаў замену агамолку.
Ды ў рэшце рэшт махнуў рукой
І звольніў злыдня за прагулы.
Здавалася б, бяды такой,
Не раз звальняў у час мінулы —
Ніхто й не рыпаўся. Аднак
На гэты раз была прамашка,
Пайшло, як кажуць, наўскасяк,
І старшыні прыйшлося цяжка.
Пра тое, што прагнаў калгас
Наскрозь прапітага Сымона,
Дазналіся праз нейкі час
«Вярхі» тамтэйшага раёна.
(Магчыма, хтосьці ў тэлефон
Шапнуў «вярхам» пра тую «драму»,
Ці ананімку сам Сымон
Даўмеў паслаць райвыканкаму.)
«Вярхі», як кажуць, на дыван
Пазвалі старшыню калгаса.
Не за невыкананы план
(Замала малака і мяса)
Чыхвосціў дружна выканкам.
Яму паставілі ў правіну,
Што звольніў без дазволу, сам
Таго, хто даглядаў скаціну.
— Ды ён жа жлукціў, як насос,
Валяўся ў лужынах, як дзюдзя! —
Апраўдваўся калгасны бос
І кулакамі біў у грудзі. —
Дый меней літраў утрая
Давала б нам на ферме дойка,
Каб я
Не звольніў гультая
І непапраўнага апойка!
— Хоць кепска ён «круціў хвасты»,
Хоць ён нанёс бы многа шкоды,
Але не маеш права ты
Звальняць кагось без нашай згоды! —
Ад выканкама быў адказ,
Нібыта сахаром пад рэбры. —
Хіба ж ты знаеш лепш за нас,
Якія кадры нам патрэбны?
І старшыня зусім нямы,
Пасыл пачуўшы нечаканы:
— А можа, на Сымона мы
У выканкаме мелі планы?
Паганілі яшчэ траха,
І кончым быў вердыкт улады:
— Вярнуць на ферму пастуха,
А старшыню — турнуць з пасады!
* * *
Жыццё ішло ў савецкі час
І аднастайна, і панура.
І існаваў асобны клас,
Што вырашаў усё за нас,
Імя яму — наменклатура.
Наменклатуру меў ЦК
Сваю —
Рэзерв бліжэйшы самы.
Цягнулася яго рука
Ва ўсе абкамы і райкамы.
Чыноў-начальнікаў гайня
І рангі мела, і «карыты».
Калгасны, скажам, старшыня,
Які міністру не раўня, —
Рэзерв раённае эліты.
А ўжо калгас лічыў за знаць
Механіка ці брыгадзіра
(Хоць цяжка іх было назваць
Наменклатурай — скажам шчыра).
Той, хто імкнуўся шмат гадоў
І трапіў у наменклатуру,
Не выпадаў з яе радоў,
Хіба што сам сыходзіў здуру.
Прабачыць грэшніку маглі
І амаралку, і крамолу,
Не выганялі прэч, калі
«Вярхоў» не мелася дазволу.
Сенсацыя: на смех курам,
У гарадку раённым Клецку
Рашыў мясцовы выканкам
Пажыць і зараз па-савецку.
Сабе рэзерв рыхтуе ён,
Трымае кадры на кантролі,
Каб узначаліць мог раён
І той, хто з бізуном у полі.
Аднак раённыя «вярхі»
Здзівілі вельмі, скажам прама:
Цяпер, выходзіць, пастухі —
Наменклатура выканкама…

Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Кожны будзе заняты, толькі трэба лапаты

Як палюбоўнік — дармаед, пакінь службовы кабінет!

Хоць рэклама — ад спявачкі, не дастане люд заначкі

Працуем, як валы. Чаму ж даход малы?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.