TOP

Трэба думаць галавой, як не збэсціць імідж свой

7-гадовы хлопчык з’еў у сталічным гіпермаркеце булачку за 90 капеек. У міліцыі завялі справу за «дробны крадзеж». Мусіць, там, у краме знанай, Пах прывабіў хлапчука, І да булачкі духмянай Пацягнулася рука.

Не пайшоў спярша да касы,
Есці стаў у дзве шчакі.
(Да смакоцця хто не ласы,
Як узрост малы такі?)
Прадавачка знанай крамы
Азіралася дарма:
Таты хлопчыка ці мамы
Побач з ім чамусь няма.
А затым — трывогі кнопка.
— Булку ў нас укралі аж!
Тут жа выехаў таропка
Міліцэйскі экіпаж.
Калі ў краму ўбеглі з вулкі,
Вочы вылупіў народ.
Ды няма рэчдока-булкі —
Запіхнуў хлапчук у рот.
Булцы той цана — капейкі,
З’еў дык з’еў малы… Але ж
Ставіць трэба ўсё на рэйкі —
Гэта форменны крадзеж!
Пакараць патрэбна строга!
Грозны міліцыянер,
Быццам коціка, малога
Згроб рукою за каўнер.
(Дзякуй Богу, што за шкіркі
Толькі ўзяў. Былі б бацькі,
Пэўна, ім адбілі б ныркі,
Пачапілі б кайданкі.)
Хлапчука душылі слёзы.
«Мент» жа, ўкормлены, як вол,
Перайшоў да звыклай прозы —
Стаў выпісваць пратакол…
Хтосьці ўсклікне:
— Божа мілы!
Хоць вачам-вушам не вер!
Ну няўжо адны дэбілы
У міліцыі цяпер?!
На рыторыку такую
Генерал дае адказ:
— Прэса люта атакуе,
Зневажае нават нас!
Імідж нам яна стварае
Непрываблівы такі,
Быццам мы — бандытаў зграя,
Нападаем, як ваўкі.
Немагчыма жыць пад прэсам, —
Наракае генерал. —
Непрыемна мне, што прэса
Не ўтаймоўвае свой шал…
Запярэчу я на гэта:
Дык чаму ж тады дзіцё
«Аблажылі» так?
Газеты
Адлюстроўваюць жыццё.
Не сварыцца трэба з імі,
Не ўшчуваць на смех курам,
А даўмець: уласны імідж
Кожны з нас стварае сам…
Алесь Няўвесь

Да ведама чытачоў: новы зборнік Алеся НЯЎВЕСЯ «Была б свіння, а лужа будзе» яшчэ можна купіць у мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Як загадаў бы кіраўнік, стварылі б вечны рухавік

Цяпер на славу, скажам прама, наменклатура ў выканкама

Кожны будзе заняты, толькі трэба лапаты

Як палюбоўнік — дармаед, пакінь службовы кабінет!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.